Беларуская тэнісістка Алена Фалей выйшла ў 1/8 фіналу турніру ITF-W50 у японскай Ёкагаме з прызавым фондам 40 тысяч даляраў.
У паядынку першага круга беларуска, якая займае 199-е месца ў сусветным рэйтынгу, упэўнена перайграла ў дзвюх партыях прадстаўніцу Рэспублікі Карэя Пак Са Юн, у якой 354-я пазіцыя, – 6:3, 6:2. У матчы другога раунда суперніцай Алены Фалей будзе Лі Пэй-Чы з Кітайскага Тайбэя.
“Інтэр” стаў лідарам Лігі чэмпіёнаў
На футбольных арэнах Еўропы аднавіліся паядынкі асноўнага этапа Лігі чэмпіёнаў. На першае месца выйшаў міланскі “Інтэр”, які ў хатнім матчы 5-га тура выйграў у нямецкага “Лейпцыга” з мінімальнай перавагай – 1:0. Пасля гэтай вікторыі ў “Інтэра” стала 13 ачкоў пры розніцы мячоў 7-0. На адзін бал адстае іспанская “Барселона”, якая разграміла на сваім полі французскі “Брэст” – 3:0. Галявы дубль аформіў польскі форвард Роберт Левандоўскі, які ўзначаліў бамбардзірскую гонку, забіўшы 7 мячоў. Сёння ў лідары могуць вырвацца футбалісты англійскага “Ліверпуля”, якія прымуць на сваім полі дзейнага пераможцу Лігі чэмпіёнаў мадрыдскі “Рэал”. У чатырох папярэдніх гульнях ліверпульцы набралі 12 ачкоў з 12 магчымых, у мадрыдцаў усяго 6 балаў.
Славацкія рэферы разважаць матч менскага “Дынама” і “Капенгагена” ў Лізе канферэнцый
УЕФА вызначыў арбітраў на сустрэчы чацвёртага тура асноўнага этапа Лігі канферэнцый. Намінальна хатні паядынак менскага “Дынама” ў азербайджанскім Сумгаіце з футбалістамі дацкага “Капенгагена” будзе судзіць славацкая брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Міхал Ацэнаш. Чэмпіёны Беларусі пакуль не набралі ніводнага ачка, пацярпеўшы тры паразы запар. У першым туры падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі саступілі ў Сумгаіце шатландскаму “Хартсу” 1:2, потым прайгралі ў Хельсінкі фінскаму ХІКу 0:1, а затым у Варшаве прапусцілі чатыры галы ад польскай “Легіі” 0:4.
Шыпачоў узняўся на трэцяе месца ў рэйтынгу гульцоў КХЛ
Кантынентальная хакейная ліга (КХЛ) прадставіла рэйтынг найлепшых гульцоў за апошнія тры тыдні ў рэгулярным чэмпіянаце. Па выніках большай часткі адыходзячага месяца рэйтынг узначаліў форвард маскоўскага “Дынама” Максім Комтуа, другое месца заняў абаронца чэлябінскага “Трактара” Сяргей Цялегін, трэцім размясціўся нападнік менскага “Дынама” Вадзім Шыпачоў. У матчы супраць “Трактара” напярэдадні 37-гадовы расеец аддаў тры галявыя перадачы, а ўсяго на адрэзку з 15 па 26 лістапада набраў 13 (3+10) ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя