
Фота Getty Images
Літовец Мікалас Алекна ўстанавіў новы фенаменальны сусветны рэкорд у кіданні дыску. На спаборніцтвах у амерыканскім горадзе Рамон 22-гадовы атлет стаў першым чалавекам у свеце, які закінуў дыск за адзнаку 75 метраў. Пры гэтым ён двойчы пабіў свой жа планетарны рэкорд, якога дасягнуў у красавіку мінулага года – 74 м 35 см. Зараз жа Мікалас Алекна кінуў дыск на 74 м 89 см, а ў чацвёртай спробе дасягнуў неверагоднага выніку – 75 м 56 см.
Прыгадаем, што Алекна год таму пабіў дасягненне нямецкага дыскабола Юргена Шульта, якое трымалася ажно 38 (!) гадоў. Мікалас – сын двухразовага алімпійскага чэмпіёна Віргіліюса Алекны. Малодшы ж Алекна – сярэбраны прызёр алімпіяды ў Парыжы. У яго актыве таксама па адным сярэбраным і бронзавым медалі чэмпіянатаў свету. У 2022 годзе ён стаў чэмпіёнам Еўропы, а праз два гады – бронзавым прызёрам першынства кантынента.
«Лехія» «усплыла» з дна турнірнай табліцы
Матчам аўтсайдараў – гданьскай «Лехіі» і клуба «Сталь» з горада Мелец завяршыўся 28-ы тур польскай футбольнай экстракласы. Гаспадары поля саступалі цягам гульні 1:2, але ўжо ў даданы час у драматычнай канцоўцы здолелі двойчы адправіць мяч у сетку «Сталі» і перамаглі 3:2. Такім чынам «Лехія» пакінула апошняе месца і ўзнялася адразу на тры прыступкі турнірнай табліцы – на 15-ы яе радок.
Напомнім, што лідарства першынства трымае пакуль «Ракув» з Чэнстаховы, у якога 59 ачкоў. Яго пераследуюць познаньскі «Лех», які мае 56 і чэмпіён краіны – беластоцкая «Ягелонія», у якой 55 пунктаў. Астатнія істотна адстаюць. У наступным туры 21 красавіка «Яга» згуляе на сваім стадыёне з любінскім клубам «Заглембе».
«Напалі» працягвае гонку за «скудэта»
У футбольным чэмпіянаце Італіі «Напалі» упэўнена разабраўся на сваім полі з «Эмпалі» – 3:0. Рамелу Лукаку вызначыўся голам і зрабіў два асісты на Скота Мактомінэя, які аформіў дубль. Клуб пад кіраваннем Антоніё Контэ набраў 68 ачкоў, займае другое месца і адстае ад лідара – міланскага «Інтэра» – толькі на тры ачкі. Гонка за «скудэта» працягваецца.
Сёння пройдуць два матчы ў адказ футбольнай Лігі чэмпіёнаў на стадыі чвэрцьфінала. Бірмінгемская «Астан Віла» прыме «Пары Сэн-Жэрмэн», а дортмундская «Барусія» – «Барселону». Напомнім, што ў першых матчах ПСЖ выйграў 3:1, а «Барса» ажно 4:0.
Ягор Шаранговіч закінуў 100-ю шайбу ў НХЛ
У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ клуб беларуса Ягора Шаранговіча «Калгары флэймз» адолеў дома «акулаў» з Сан Хасэ – 5:2. На рахунку нашага форварда дзве закінутыя шайбы. Такім чынам Шаранговіч трэцім з беларусаў пераадолеў адзнаку 100 галоў у мацнейшай лізе свету. Зараз на яго балансе 101 выніковы стрэл у 361 гульні. Больш Шаранговіча ў НХЛ з беларусаў забівалі толькі Андрэй Касціцын – 117 галоў за 447 матчаў і Міхаіл Грабоўскі – 125 шайбаў за 544 гульні. Шаранговіч мае ўсе шанцы пераўзысці гэтыя дасягненні суайчыннікаў.
Аляксандра Сасновіч пакідае турнір у Штутгарце
На тэнісным і вельмі прадстаўнічым турніры ў нямецкім Штутгарце, што праводзіцца на грунце ў памяшканні, беларуска Аляксандра Сасновіч, якая атрымала права выступіць там пасля кваліфікацыі, у матчы 1/16-й фінала, на жаль, саступіла ў двух сэтах тытулаванай бельгійцы Эліз Мертэнс. Лік па партыях 6:7 (3:7 на тай-брэйку) і 2:6. На гэтых жа спаборніцтвах з стадыі 1/8-й фінала пачне змаганне Арына Сабаленка, якая застаецца пасля абноўленага рэйтынгу першай ракеткай свету. Другім нумарам рэйтынгу класіфікаваная полька Іга Свёнтэк, трэцяя ракетка – амерыканка Джэсіка Пегула, чацвёртая – яе суайчынніца Како Гаўф. Усе яны бяруць удзел у згаданым штутгарцкім спаборы.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя