BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фаварыты на Кубку Афрыкі пацвярджаюць статус

Кубак Афрыкі

У Марока працягваецца Кубак афрыканскіх нацый.
Зборная ДР Конга выйграла ў Беніна з лікам 1:0.
Адзін з фаварытаў зборная Сенегала з буйным лікам 3:0 перамагла каманду Батсваны.
Нігерыя перайграла Танзанію з лікам 2:1. Туніс без асаблівых праблем разабраўся з Угандай – 3:1.
Турнір працягнецца з 21 снежня па 18 студзеня.
Дзеючым пераможцам Кубка афрыканскіх нацый з’яўляецца зборная Кот-д’Івуара.

ФІФА праводзіць тэставанне абноўленай тэхналогіі для фіксацыі аўтаў і палажэнняў па-за гульнёй, піша BBC.
Сістэма была выпрабаваная падчас трох матчаў Міжкантынентальнага кубка, які адбыўся ў Катары. У рамках тэставання ФІФА пашырыла магчымасці функцыі 3D рэканструкцыі ў рэжыме рэальнага часу, што дазваляе хутчэй і дакладней вызначаць афсайдныя сітуацыі.
Новая тэхналогія прадугледжвае выкарыстанне двух віртуальных відэапатокаў, якія будуць даступныя як асістэнту арбітра (VAR), так і тэлевізійным гледачам. Гэта павінна падвысіць празрыстасць судзейскіх рашэнняў і якасць трансляцый.

У 2026 годзе ў беларускай футбольнай пірамідзе могуць адбыцца сур’ёзныя змены.
Як паведамляе bel.football, у каляндарным плане спаборніцтваў так званага «міністэрства спорту» на 2026 год пазначана правядзенне ў будучым сезоне чэмпіянату трэцяй лігі пад эгідай АБФФ і/ці рэгіянальных федэрацый футбола.
Старт чэмпіянату папярэдне запланаваны на 1 красавіка, завяршэнне плануецца 30 лістапада.
Крыніца таксама адзначае магчымы пераход пад юрысдыкцыю АБФФ рэгіянальнага этапа чэмпіянату другой лігі.
У сезоне-2025 АБФФ адказвала толькі за фінальную частку першынства.
Нагадаем, у 2024-м такі падзел быў прадугледжаны АБФФ, аднак з-за ціску «Мінспорту» фармат застаўся ранейшым.

Не толькі звычайныя беларусы зараз стаяць у шматгадзінных чэргах на польска-беларускай мяжы.
На мінулым тыдні зборная Беларусі па міні-футболе правяла збор у Славакіі.
Зваротны шлях з Кошыцаў у Менск на аўтобусе склаў 40 гадзін. З іх 20 гадзін прыйшлося на памежны кантроль – 17 гадзін на польскім баку, яшчэ 3 – на беларускім.

У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі былі згуляныя першыя матчы 36 тура.
«Віцебск» перайграў гарадзенскі «Нёман» з лікам 3:2.
«Гомель» з лікам 3:5 саступіў менскаму «Юнацтву».
А «Ліда» ізноў «у сухую» з лікам 3:0 перайграла баранавіцкі «Авіятар».

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка 70-ты тыдзень у кар’еры знаходзіцца на першым радку рэйтынгу, 62-і – запар.
Беларуска стала 12-й тэнісісткай у гісторыі, якая правяла ў статусе першай ракеткі свету мінімум 70 тыдняў.
Акрамя гэтага, у XXI стагоддзі больш за тыдні на вяршыні рэйтынгу знаходзіліся толькі Сірэна Уільямс (186), Эшлі Барці (114), Іга Свёнтак (75) і Марціна Хінгіс (73).

Федэрацыі шахмат Англіі і Нарвегіі падтрымалі Федэрацыю шахмат Украіны і выступілі супраць вяртання беларускіх і расейскіх каманд на афіцыйныя спаборніцтвы.
У заяве ФША, падпісанай дэлегатам ФІДЭ ад Англіі Малькальмам Пэйнам і прэзідэнтам ФША Дамінікам Лоўсанам, указваецца на «многія злоўжыванні працэдурай», «неканстытуцыйныя дзеянні падчас галасавання» і «неўлічванне рэзалюцый МАК», а таксама сцвярджаецца, што прэзідэнт ФІДЭ Аркадзь Дварковіч «дзейнічаў «як інструмент расейскай дзяржавы»».
У сваю чаргу, прэзідэнт ФШН Эстэбе Левік у каментары NRK заявіў, што выканкам нацыянальнай федэрацыі «асуджае рашэнне ФІДЭ», лічыць яго несапраўдным, і ён асабіста «ад імя нацыянальнай федэрацыі гатовы падаць пазоў на міжнародную федэрацыю ў Спартыўны арбітражны суд з-за допуску расейцаў».

Нагадаем, што Генеральная асамблея Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЭ) прагаласавала за вяртанне беларусаў і расейцаў пад дзяржаўнымі сцягамі, аднак канчатковае рашэнне не было прынятае з-за падтрымкі альтэрнатыўнай рэзалюцыі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя