BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ФІФА прадала ўжо 2 мільёны білетаў на мундыяль

ФІФА паведаміла аб продажы амаль 2 мільёнаў білетаў на матчы чэмпіянату свету 2026 года падчас першых двух этапаў іх рэалізацыі.
Трэці этап продажу – «Выпадковае лёсаванне» – пачнецца 11 снежня, а перыяд рэгістрацыі будзе адкрыты да 13 студзеня. Папярэднімі этапамі былі «Розыгрыш перапродажу Visa» і «Ранні розыгрыш білетаў».
Усяго білеты купілі гледачы з 212 краін і тэрыторый, а больш за ўсё пакупак, акрамя гаспадароў турніру, здзейснілі прадстаўнікі Англіі, Германіі і Бразіліі.
Чэмпіянат свету-2026 пройдзе ў ЗША, Канадзе і Мексіцы з 11 чэрвеня па 19 ліпеня.

Статыстычны партал Footrankings назваў шэсць патэнцыйных каманд-супернікаў чэмпіёна Беларусі па футболе віцебскага «МЛ» у першым кваліфікацыйным раўндзе наступнага розыгрышу Лігі Чэмпіёнаў.
Гэта фінскі КуПС, ірландскі «Шэмрок Роверс», казахскі «Кайрат» беларусаў Валерыя Грамыкі і Аляксандра Мартыновіча, ісландскі «Вікінгур», латвійская «Рыга», а таксама фарэрскі «Клаксвік».
Таксама партал ацаніў верагоднасць праходу беларускага клуба ў наступны раўнд на 18%.

Журналіст Раман Качына перастаў быць прэс-сакратаром прысталічнага футбольнага клуба «Іслач» пасля таго, як кантрольны пакет акцыяў клуба перайшоў дзяржаве.
Прычынай звальнення стала ягонае затрыманне ў 2022 годзе. Па версіі сілавікоў, Качына быў вінаваты ў тым, што напісаў каментар пра тое, што Расея заўсёды знаходзілася ў стане вайны з Беларуссю.
Месца Качыны ў прэсавай службе «Іслачы» заняў 22-гадовы Антон Мурашка.

У НХЛ зноў паўтарыўся рэкорд мінулага года па колькасці беларусаў за адзін сезон.
Галкіпер «Ванкувера» Мікіта Талапіла правёў свой першы матч у сезоне 2025/26.
Такім чынам, у сёлетнім сезоне НХЛ згулялі ўжо сем беларусаў: брамнікі Мікіта Талапіла («Ванкувер») і Аляксей Коласаў («Філадэльфія»), абаронцы Уладзіслаў Калячонак («Далас»), Ілля Салаўёў («Каларада») і Арцём Леўшуноў («Чыкага»), а таксама нападнікі Аляксей Протас («Вашынгтон») і Ягор Шаранговіч («Калгары»).

Акрамя таго Мікіта Талапіла стаў трэцім брамнікам-навічком у гісторыі «Ванкувера», які стартаваў з дзвюх перамог у НХЛ у матчах, у якіх займаў месца ў варотах з пачатку гульні. Найперш такое ўдавалася Фрэнку Кэпрысу (тры перамогі ў сезоне 1983/84) і Тэтчэру Дзямко (дзве перамогі ў сезонах 2017/18, 2018/19).

А вось беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў ва ўзросце 20 гадоў і 29 дзён аформіў дэбютную шайбу ў НХЛ у матчы з «Мінэсотай».
Такім чынам, ён стаў аўтарам самага “маладога” гола для беларусаў у НХЛ, пабіўшы дасягненне Сяргея Касціцына, які ўпершыню вызначыўся шайбай у лізе 20 снежня 2007 года ва ўзросце 20 гадоў і 275 дзён.
Гэты рэкорд пратрымаўся амаль 18 гадоў.
Трэцяе месца сярод самых маладых беларускіх аўтараў галоў у НХЛ займае Уладзіслаў Калячонак, які закінуў першую шайбу 25 сакавіка 2022 года ва ўзросце 20 гадоў і 303 дні.
Акрамя гэтага Арцём аформіў дэбютную шайбу ў НХЛ.
У сезоне-2025/26 беларус правёў 22 матчы і набраў 12 (1+11) ачкоў. Паўтары тыдні таму ён устанавіў рэкорд, стаўшы самым хуткім абаронцам-навічком у гісторыі «Чыкага», які аддаў 10 выніковых перадач.
Такая статыстыка дазволіла беларусу заняць пятае месца па ачках сярод навічкоў НХЛ. Першы радок займае Іван Дзямідаў з 18 баламі.

У матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ «Хершы» сустракаўся з «Уілкс-Барэ» – лік 3:6.
19-гадовы беларускі форвард Ілля Протас здолеў закінуць шайбу ў меншасці.
Такім чынам, хакеіст давёў выніковую серыю да 6 гульняў.
У выніку Протас зарабіў 1 (1+0) ачко, атрымаў 2 хвіліны штрафу і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «-1».
Усяго ў яго 17 гульняў, 16 (8+8) ачкоў і карыснасць «+5».
«Хершы» размяшчаецца на 4-м месцы Атлантычнага дывізіёна.

Беларускі гулец харвацкага «Заграбу» Ігар Бяляўскі стаў найлепшым разыгрываючым 9-га тура Лігі чэмпіёнаў па гандболе.
«Заграб» прайграў на выездзе «Піку» з лікам 26:32. Бяляўскі з 7 мячамі стаў лепшым бамбардзірам у складзе каманды.
За тыдзень да гэтага ён таксама (упершыню ў кар’еры) увайшоў у зборную тура ЛЧ. Тады ён закінуў 8 мячоў «Магдэбургу».
Акрамя Бяляўскага, у зборную тура ўвайшлі брамнік Эміль Нільсэн («Барселона»), левы крайні Цім Фрайхефер («Берлін»), лінейны Луіш Фрадэ («Барселона»), правы крайні Марыа Шаштарыч («Пік») і левы паўсярэдні Брэс Андэр Вуёвіч («Дынама» Бухарэст).
Па выніках 9 тураў чэмпіён Харватыі ідзе на апошнім месцы ў групе В – без ачкоў.

І закончым цікавінкай.
Гулец баскетбольнай зборнай Літвы зарабіў дзевяць балаў за дзевяць секундаў да канца сустрэчы.
Зборная Літвы ў сталіцы Брытаніі праводзіла першы матч адборавага турніру да чэмпіянату свету.

За 9,8 секунды да канца сустрэчы Літва саступала з лікам 80:87, але тут за справу ўзяўся гулец віленскага «Рытаса» Ігнас Саргюнас. Спачатку ён закінуў трохачковік, Брытанія са штрафнога адквітала адзін бал, потым Ігнас паклаў у кошык яшчэ трохбальнік, а потым спыніў атаку брытанцаў і ледзь не з сярэдзіны поля на апошняй долі секунды закінуў у кошык — перамога Літвы 89:88.
Яго гульню параўноўваюць з легендарным подзвігам Рэджы Мілера ў 1995 годзе, калі гулец «Індыяны» набраў восем балаў за 8,9 секунды ў паўфінале плэй-оф НБА.

Ігнас быў прызнаны найлепшым гульцом сустрэчы з вынікам 8,6 бала.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя