
ФІФА прэзентавала афіцыйны постэр чэмпіянату свету па футболе, які пройдзе гэтым летам з 11 чэрвеня па 19 ліпеня ў ЗША, Канадзе і Мексіцы.
«Гэта першы ў гісторыі чэмпіянат свету па футболе, які праводзіцца супольна трыма краінамі. Афіцыйны постэр турніру апявае дух супрацы, захаплення і адзінства гэтага ўнікальнага моманту ў гісторыі.
Упершыню ў гісторыі чэмпіянатаў свету тры мастакі аб’ядналі свае намаганні для стварэння афіцыйнага постэра турніру ФІФА. Мастакі Карсан Цінг (Канада), Мінерва GM (Мексіка) і Хэнк Віліс Томас (ЗША) аб’ядналі свае таленты і мастацкія стылі, каб стварыць працу, якая дэманструе, як агульны запал да футбола аб’ядноўвае свет», – гаворыцца ў заяве ФІФА.
У рамках 24-га тура чэмпіянату Балгарыі па футболе сафійскі ЦСКА здабыў перамогу над клубам «Боцеў Враца» з лікам 1:0.
Беларускія легіянеры Макс Эбонг і Фёдар Лапавухаў выйшлі ў стартавым складзе.
Эбонг быў заменены на 81-й хвіліне, Лапавухаў правёў на полі ўвесь матч і аформіў свой восьмы «сухар» у бягучым сезоне.
На дадзены момант сафійскі ЦСКА займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Балгарыі, маючы ў сваім актыве 43 ачкі пасля 24 праведзеных матчаў.
Знятая забарона на рэгістрацыю новых гульцоў барысаўскага БАТЭ.
Клуб пагасіў запазычанасць перад АБФФ па аплаце заяўкавых узносаў за сезон-2025, у сувязі з чым забарона на ажыццяўленне рэгістрацыі футбалістаў адносна гэтага клуба была знятая.
Такім чынам, больш ніводны клуб Вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе не мае забароны на трансферы.
У чарговых матчах рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» Аляксея Протаса прайграў «Юце» з лікам 2:3. Беларус прапусціў гульню з-за нараджэння дачкі.
«Вініпег» выйграў у «Чыкага» Арцёма Леўшунова ў авертайме з лікам 3:2. Беларус правёў на лёдзе 18 хвілін 47 секунд, выніковых балаў не набраў і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «-2».
Усяго ў сезоне Леўшуноў правёў 56 матчаў, у якіх набраў 22 ачкі (2 закінутыя шайбы і 20 вынiковых перадач).
«Бостан» з лікам 2:1 выйграў у «Пітсбурга» Іллі Салаўёва. Беларускі абаронца не быў заяўлены на гэты матч. Ён прапусціў чацвёртую гульню свайго клуба запар.
«Калгары» Ягора Шаранговіча разгромна прайграў «Даласу» з лікам 1:6. Беларус правёў на лёдзе 12 хвілін 42 секунды, не адзначыўся набранымі баламі і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
Учора адбылія чарговыя матчы гандбольнай Лігі чэмпіёнаў сярод мужчын з удзелам беларускіх гульцоў.
«Заграб» Ігара Бяляўскага і Станіслава Садоўскага прайграў плоцкай «Вісле» Кірыла Самойлы з лікам 26:34. Бяляўскі закінуў 4 мячы. Садоўскі закінутымі мячамі не вызначыўся. Самойла на гульню заяўлены не быў.
«Кельцы» Арцёма Каралька абыгралі «Спортынг» з лікам 39:33. Каралёк вызначыўся 2 закінутымі мячамі.
Тэнісны турнір Challenger у Фуджэйры (ААЭ) адмянілі на фоне нестабільнай сітуацыі ў рэгіёне.
Нагадаем, што 3 сакавіка, іранскія дроны атакавалі нафтавую інфраструктуру Фуджэйры, з-за чаго ўсе ўдзельнікі турніру былі эвакуяваныя, а спаборніцтвы прыпынены.
На гэтым турніры выступаў беларускі тэнісіст Даніл Астапенкаў. Яго гульню з Хаята Мацуокі спынілі з-за выбухаў у рэгіёне.
Таксама на корт «чэленджэра» ў Фуджэйры павінен быў выйсці беларус Ілля Івашка.
А ўчора Ілля паведаміў, што ATP пакрые ўсе выдаткі на эвакуацыю гульцоў з ААЭ.
«Усе ўдзельнікі турніру ў Фуджэйры будуць эвакуяваныя бясплатна. Усе выдаткі поўнасцю пакрытыя. Выдатная праца, ATP!» – напісаў Івашка.
Польская тэлекампанія TVP выпусціла афіцыйную заяву пра байкот выступлення для зборных Беларусі і Расеі на зімовых Паралімпійскіх гульнях, якія адкрыюцца 6 сакавіка ў Італіі.
Нагадаем, Міжнародны паралімпійскі камітэт дапусціў гэтыя каманды паўнапраўна, з магчымасцю выкарыстоўваць дзяржсімволіку.
Падчас цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды, калі ў эфіры будуць паказваць праход зборных Расеі і Беларусі, трансляцыя на рэсурсах TVP перарвецца, і на экранах з’явіцца тэкст: «Салідарныя з Украінай. TVP Sport выступае супраць удзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах».
Асаблівыя захады таксама закрануць цырымоніі ўзнагароджання. У выпадку, калі спартовец з Польшчы заваюе срэбны або бронзавы медаль, а пераможцам стане прадстаўнік зборных Расеі альбо Беларусі, тэлеканал пакажа толькі момант уручэння ўзнагарод. Трансляцыя будзе завершаная да ўзняцця сцягоў і гучання гімна ў гонар пераможцы.
Раней стала вядома, што кіраўнік і члены праўлення Паралімпійскага камітэта Польшчы, Міністэрства спорту, а таксама польская паралімпійская зборная байкатуюць цырымонію адкрыцця спаборніцтваў.
Афіцыйныя прадстаўнікі Аўстрыі, Румыніі і Вялікабрытаніі не наведаюць цырымонію адкрыцця Паралімпійскіх гульняў.
Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
«Аўстрыя, Румынія і Вялікабрытанія пацвердзілі, што іх афіцыйныя прадстаўнікі не наведаюць цырымонію адкрыцця Паралімпійскіх гульняў у 2026 годзе.
Цяпер ужо 14 краін ЕС адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, на якім Міжнародны паралімпійскі камітэт дазволіў Расеі і Беларусі выступаць пад іх сцягамі. І гэтая колькасць расце.
Мы ўдзячныя ўсім нашым партнёрам, якія занялі гэтую маральна ўзважаную пазіцыю. Гэта не проста сцягі – гэта сімвалы агрэсіўнай вайны, якая забрала жыцці па меншай меры 650 украінскіх спартоўцаў і трэнераў, разбурыла 800 спартовых аб’ектаў і пацягнула за сабою сотні тысяч ваенных злачынстваў.
Мы настойліва заклікаем усе краіны ўстрымацца ад накіравання сваіх прадстаўнікоў на цырымонію. Скажыце «не» ваеннай прапагандзе і спартоваму «адбельванню» рэпутацыі», – сказаў Сібіга.
Таксама ўчора і Нямецкая асацыяцыя спорту для людзей з інваліднасцю заявіла, што іх параатлеты не будуць удзельнічаць у парадзе нацый падчас цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды.
Раней Паралімпійскі камітэт Украіны аб’явіў пра байкот цырымоніі адкрыцця з-за допуску расейцаў і беларусаў да спаборніцтваў пад дзяржаўнымі сцягамі.
Паралімпійскія гульні пройдуць у Мілане і Карціне-д’Ампеца з 6 па 15 сакавіка.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






