
ФІФА ўвядзе ўручэнне ўласнай Прэміі міру.
«Ва ўсё больш нестабільным і падзеленым свеце вельмі важна прызнаваць выдатны ўклад тых, хто ўпарта працуе, каб пакласці канец канфліктам і аб’яднаць людзей у духу міру», – сказаў прэзідэнт ФІФА Джані Інфантына.
Узнагарода будзе адзначаць выключныя дзеянні дзеля міру і будзе ўручаная на лёсаванні чэмпіянату свету 5 снежня ў Вашынгтоне.
Прэмія міру ад ФІФА будзе прызначацца кожны год.
Адбылося лёсаванне еўрапейскага адбору жаночага чэмпіянату свету па футболе 2027 года, які пройдзе ў Бразіліі.
Зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Вячаслава Грыгарава пачне шлях у Лізе нацый і згуляе ў групе 6 супраць Арменіі і Казахстана.
Матчы групавога этапу кваліфікацыі запланаваныя з лютага па чэрвень 2026 года. Па іх выніках стануць вядомыя ўладальнікі чатырох прамых пуцёвак на ЧС-2027, а таксама 32 каманды, якія пазмагаюцца за яшчэ сем месцаў у стыкавых матчах восенню 2026 года. Яшчэ адна зборная атрымае шанец праз міжкантынентальныя «стыкі».
Таксама вынікі этапу паўплываюць на размеркаванне каманд па лігах перад наступным розыгрышам жаночай Лігі Нацый УЕФА
35-гадовы беларускі паўабаронца «Нёмана» Андрэй Якімаў правёў 261 матч пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Ігара Кавалевіча.
Якімаў устанавіў рэкорд чэмпіянатаў Беларусі па колькасці матчаў гульца пад кіраўніцтвам аднаго трэнера.
У тройку найлепшых па гэтым паказчыку ў Беларусі таксама ўваходзяць тандэмы Яўгена Капава з Валерыем Стральцовым (260 матчаў) і Валерыя Жукоўскага з Ігарам Кавалевічам (245 сустрэч).
На аўкцыёне прадаецца аўтобус салігорскага «Шахцёра».
Таргі пройдуць 20 лістапада, пачатковы кошт складае 391 800 рублёў.
Нагадаем, што 14 кастрычніка «Шахцёр» афіцыйна быў прызнаны банкрутам.
А таксама на сайце «Індустрыя Інавацый – Таргі» выстаўленыя на продаж два аўтобусы «Дынама» Менск.
Аўтобус HIGER 2012 года выпуску прадаюць за 120 241 рубель.
А за аўтобус DAEWOO плануюць атрымаць 40 787 рублёў.
Далей пра грошы. Партал Tranfermarkt абнавіў кошт футбалістаў, якія выступаюць ў чэмпіянаце Казахстана.
Па абноўленай інфармацыі, кошт трансферных правоў на беларускага паўабаронцу «Кайрата» Валерыя Грамыку павялічыўся на 300 тысяч еўра і цяпер складае 1,5 мільёна еўра.
Такім чынам, 28-гадовы хаўбэк стаў самым дарагім гульцом у Беларусі. На другім месцы – брамнік сафійскага ЦСКА Фёдар Лапавухаў, якога ацэньваюць у 1,2 мільёна еўра.
Таксама паказчык Грамыкі стаўся другім у Казахстане. Беларус саступае толькі аднаклубніку – Дастану Сатпаеву (яго кошт складае 3 мільёны еўра), які ўжо праз паўгода пасля дасягнення паўналецця пяройдзе ў лонданскі «Чэлсі».
Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics) абнавіла правілы допуску нейтральных атлетаў да спаборніцтваў.
Паводле новых нормаў, нейтральныя спартоўцы з Беларусі ды Расеі змогуць удзельнічаць у турнірах па водным поле. Правілы пачнуць дзеіць з 1 студзеня 2026 года.
Раней доступ да стартаў World Aquatics атрымалі плыўцы, сінхраністы і скакуны ў ваду – яны ўжо выступілі на чэмпіянаце свету па плаванні на кароткай вадзе ў Будапешце і на чэмпіянаце свету па водных відах спорту ў Сінгапуры.
World Aquatics стала першай федэрацыяй, якая дапусціла беларускіх ды расейскіх спартоўцаў у нейтральным статусе ў камандных відах спорту.
Таксама стала вядома, што Міжнародная федэрацыя коннага спорту (FEI) дапусціла расейскіх ды беларускіх коннікаў да ўдзелу ў камандных спаборніцтвах.
Адпаведнае рашэнне было прынятае на Генеральнай асамблеі арганізацыі. Яно таксама набудзе моц з 1 студзеня 2026 года.
Расейскія і беларускія спартоўцы былі цалкам адхіленыя ад турніраў пад эгідай Федэрацыі з 2022-га па 2024 год. З пачатку 2024 года арганізацыя пачала выдаваць нейтральныя статусы, але толькі для ўдзелу ў індывідуальных стартах.
Першая ракетка свету Арына Сабаленка і фіналіст Уімбілдона аўстраліец Нік Кір’ёс правядуць выставачны матч.
«Бітва плоцяў» адбудзецца 28 снежня ў Дубаі (ААЭ). Правілы матчу не ўдакладняюцца, аднак раней Кір’ёс расказваў, што памер корта для яго будзе большы, чым для Сабаленкі, а таксама ў яго будзе толькі адна падача.
У бягучым сезоне Сабаленка выйграла US Open, «тысячнікі» ў Маямі (ЗША) і Мадрыдзе (Гішпанія), а таксама «пяцісотнік» у Брысбене (Аўстралія). Кір’ёс не гуляе практычна два гады з-за траўм.
Беларускі самбіст Сцяпан Папоў паведаміў пра адкрыццё спартовага клуба ва Уроцлаве.
Адзначаецца, што ў клубе ёсць трэніроўкі для дзяцей і дарослых.
– Гэта новы этап у маім жыцці і магчымасць перадаць свой вопыт, – напісаў Папоў. Які ў 2020 годзе адкрыта выказаў сваю падтрымку беларускаму народу і асудзіў фальсіфікацыі і гвалт з боку ўладаў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя





