BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Формула-1 скасоўвае бонуснае ачко

фота ілюстрацыйнае

З 2025 года Формула-1 адмовіцца ад правіла налічэння бонуснага ачка за лепшы круг у гонцы. Папраўку да рэгламенту зацвердзілі па выніках паседжання Сусветнай рады ФІА. Раней гоншчык атрымліваў дадатковы бал, калі ён дасягне найлепшага выніку на крузе ў гонцы і пры гэтым фінішуе ў топ-10. Правіла дзеіла з 2019 года.

Сістэма размеркавання ачкоў у топ-10 не зведала змен. Ад прапановы пашырыць ачковую зону да 12-га месца вырашана адмовіцца.

Няўдачы беларускіх тэнісістаў

Беларус Іван Лютарэвіч разам з славакам Мілашам Каралем прайграў у чвэцьфінале парнага разраду турніра ў італьянскім горадзе Ольбія, што на Сардыніі. Інтэрнацыянальны дуэт саступіў за два сэты брытанскай пары Дэвід Стэвенсан-Маркас Уіліс – 6:7 (5:7), 4:6. Матч доўжыўся 1 гадзіну 26 хвілін.

На аналагічнай стадыі пацярпела няўдачу і беларуская тэнісістка Эвеліна Ласкевіч (на сёння 355-я ракетка свету). На турніры ў кітайскім Хучжоў яна саступіла дарогу слабейшай па рэйтынгу Гонк І Кодзі Вон з Ганконгу – 3:6, 3:6. Сустрэча скончылася за гадзіну 19 хвілін.

«Манчэстэр сіці» шукае замену Гвардыёлу

«Манчэстэр сіці» разглядае кандыдатуру галоўнага трэнера леверкузенскага «Баера» Хабі Алонса на замену Хасепу Гвардыёлу, калі іспанец пакіне клуб летам наступнага года, паведамляе The Athletic.

Паводле інфармацыі крыніцы, кіраўніцтва «Ман-сіці» ужо пачало пошук варыянту замены Гвардыёлы, у якога сканчаецца кантракту канцы бягучага сезону. Ну а Хабі Алонса якраз можа пакінуць нямецкі клуб пасля завяршэння чэмпіянату бундэслігі і Лігі чэмпіёнаў.

Раней паведамлялася, што сярод кандыдатаў на магчыма вакантнае месца таксама галоўны трэнер лісабонскага «Спортынгу» Рубен Аморым.

Трэнеры, якія праславіліся працай у родным горадзе

Брытанскі часопіс FourFourTwo апублікаваў вельмі цікавы рэйтынг трэнераў, якія ўзначальвалі клубы з гораду, дзе яны нарадзіліся. У гэты спіс трапіў і былы ўкраінскі трэнер кіеўскага «Дынама» Валерый Лабаноўскі. Як трэнер ён прывёў клуб да заваёвы больш чым 20 значных трафеяў, улучна з Кубкам уладальнікаў кубкаў 1975-га і 1986-га гадоў, а таксама тройчы выходзіў ў паўфінал Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў ці Лігі чэмпіёнаў.

Вось як выглядае цэлы спіс з 11 трэнераў: Славен Біліч («Хайдук» Спліт, Харватыя), Стэнлі Мэцьюз («Порт Вэйл», Англія), Рой Ходжсан («Крыстал Пэлас», Англія), Алекс Макліш («Глазга Рэйнджэрс», Шатляндыя), Юп Хайнкес («Барусія», Мёнхенгладбах, Германія), Ніл Уорнак («Шэфілд Юнайтэд», Англія), Раймонд Гуталс («Андерлехт», Брусель, Бельгія), Валерый Лабаноўскі («Дынама» Кіеў, Украіна), Маўрыцыё Сары («Напалі», Італія), Ёхан Кройф («Аякс», Амстэрдам, Нідэрлянды), Артур Жоржэ («Порту», Партугалія).

12-ы тур польскай экстра-класы
Сёння двума матчамі пачынаецца 12-ы тур польскай футбольнай экстракласы. Спярша «Карона» з Кельцаў, за якую выступае беларус Яўген Шыкаўка, прыме на сваім полі «Пяст» з Глівіцаў, а позна ўвечары адзін з аўтсайдараў турніру гданьская «Лехія» пазмагаецца дома з варшаўскай «Легіяй». Чэмпіён краіны – беластоцкая «Ягелонія» у суботу будзе гуляць у Любіне з мясцовым клубам «Заглембе». Пачатак сустрэчы а 17.30 польскага часу. Нагадаем, што зараз «Ягелонія» мае 22 ачкі пасля 11 гульняў і займае 4-е месца ў турнірнай табліцы. Наперадзе познаньскі «Лех» – 25, чэнстахоўскі «Ракув» і «Краковія» – па 23 пункты.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя