BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Пары Сэн-Жэрмэн» – уладальнік Суперкубка УЕФА


Учора, 13 жніўня, на «Фрыўлі Арэне» ў італьянскім Удзінэ быў разыграны юбілейны 50-ы Суперкубак УЕФА. Па традыцыі ў матчы, які завяршае мінулы еўрасезон сустракаюцца пераможцы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы – французскі ПСЖ і ангельскі «Тотэнхэм» адпаведна. І ўпершыню ў гісторыі Суперкубак УЕФА выйгралі парыжане, здзейсніўшы суперкамбэк у, па-сапраўднаму, кінематаграфічным фінале.

Фота: Афіцыйны сайт УЕФА
Фота: Афіцыйны сайт УЕФА

Спачатку ў асноўны час лонданцы, дзякуючы галам Мікі ван дэ Вэна на 39 і Крысціяна Рамэра на 48 хвілінах гульні павялі ў ліку 2:0. Пасля ўжо пад занавес дзякуючы галам Канг ін Лі на 85 і Гансала Рамаса на перадапошняй 94 хвілінах парыжане лік зраўнялі. Цікава, што абодва выйшлі на поле пасля заменаў.

А ўлічваючы, што гэты фінал граўся па эксперыментальным рэгламенце – без дадатковага часу, па асноўным часе футбалісты перайшлі да прабіцця вырашальных 11-метровых удараў.

У гэтай латарэі спачатку лонданец Саланке свой мяч забіў, а парыжанін Віцінья прабіў міма брамы. Пасля Бентанкур і Рамас абмяняліся трапнымі ўдарамі. За тым новы брамнік ПСЖ Шэвалье, які праводзіў за «гараджанаў» свой першы афіцыйны матч, злапаў удар ван дэ Вэна, на што Дэмбеле са сваім ударам справіўся. Пасля лонданец Тэль спіжоніў і пусціў мяч у «малако», на што парыжанін Кінг ін Лі адказаў голам. Пасля чаго Пора свой мяч забіў і Нуну Мендэш прынёс другі ў гэтым сезоне еўратрафей для «Пары Сэн-Жэрмэна».

На гэтым футбольны еўрасезон 2024-2025 года завершаны. Чакаем новых цікавых фіналаў ужо ў сезоне 2025-2026 гадоў.

А тут ужо вяртаемся да бягучага розыгрышу Лігі канферэнцыяў, дзе ўчора быў згуляны адзін матч у адказ трэцяга раўнда. Турэцкі «Башэкшэхір» прымаў у сябе нарвежскі «Вікінг» і згуляў з тым унічыю 1:1. Але дзякуючы выязной перамозе 3:1 крочыць далей у раўнд плэй-оф.

Таксама сёння за выхад у раўнд плэй-оф Лігі канферэнцыяў пазмагаецца адзіны наш прадстаўнік – гарадзенскі «Нёман». Ён пастараецца ў намінальна хатнім матчы ў Венгрыі адквітаць прапушчаныя тыдням раней на Фарэрскіх выспах два галы ад «Клаксвіка». Пачатак гульні ў 20 гадзін па польскім часе і ў 21 гадзіну па беларускім.

А таксама ў Беластоку за тое ж самае згуляе «Ягелонія» супраць дацкага «Сількеборга». Што праўда, у беластачанаў пасля выязной перамогі з лікам 1:0, задача нашмат прасцей. Тут стартавы свісток прагучыць на 15 хвілін пазней, чым у матчы гарадзенцаў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя