BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Французы адолелі аўстрыйцаў на чэмпіянаце Еўропы па футболе

Футбалісты зборнай Францыі паспяхова стартавалі на чэмпіянаце Еўропы. У сваім першым паядынку віцэ-чэмпіёны планеты адолелі аўстрыйцаў з лікам 1:0. Французы дамінавалі на працягу ўсёй гульні, дзейнічалі на высокіх хуткасцях, але толькі аднойчы дамагліся поспеху. Незадоўга да перапынку пасля хуткай флангавай атакі і верхавой перадачы капітана французскай каманды Кіліяна Мбапэ абаронца аўстрыйцаў Максіміліян Вэбер зрэзаў мяч у сваю браму. У квартэце Е грымнула першая сенсацыя – зборная Славакіі адолела аднаго з галоўных фаварытаў кантынентальнага першынства каманду Бельгіі з мінімальнай перавагай – 1:0. Румыны нечакана буйна абыгралі ўкраінскіх футбалістаў – 3:0.

Ягор Філіпенка застаецца ва «Урале»

Беларускі абаронца Ягор Філіпенка падоўжыў кантракт з «Уралам». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Еўтушэнка live». Паводле крыніцы, у клубе застануцца і іншыя беларускія футбалісты – галкіпер Дзяніс Шчарбіцкі, абаронца Уладзіслаў Малькевіч, хаўбек Валерый Бачароў і форвард Арцём Канцавы. Нагадаем, у мінулым сезоне «Урал» пакінуў РПЛ.

Фалей прабілася ў 1/8 фіналу турніру WTA-125 у Італіі

Беларуская тэнісістка Алена Фалей паспяхова стартавала на турніры WTA-125 у італьянскай Гайбе з прызавым фондам 115 тысяч даляраў. Беларуска, якая займае 187-е месца ў сусветным рэйтынгу, адолела ў трохсэтавым паядынку прадстаўніцу ЗША Варвару Лепчанку, у якой 208-я пазіцыя, – 1:6, 6:1, 6:2.

Сабаленка не выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не выступіць на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аб гэтым яна заявіла перад стартам турніру ў Берліне. Трэцяя ракетка планеты сказала, што не згуляе з-за ўсіх правіл WTA з абавязковымі турнірамі. Даводзіцца ахвяраваць Алімпіядай пасля ўсіх праблем, якія былі ў апошні час, і паклапаціцца аб сваім здароўі, адзначыла Сабаленка. Выступы на турніры WTA-500 у сталіцы Германіі Арына Сабаленка пачне з другога раўнда.

Дземідовіч падоўжыў кантракт з «Юнацтвам»

Нападнік Уладзіслаў Дземідовіч падоўжыў кантракт з «Юнацтвам». У мінулым сезоне Дземідовіч згуляў 34 матчы ў рэгулярным чэмпіянаце Экстралігі, набраў 11 (5+6) балаў. У 7 паядынках за «Юніёр» у вышэйшай лізе набраў 3 (2+1) ачкі.

Беларус Гайдучэнка перайшоў у «Біер» з Д2 Францыі

29-гадовы беларускі гандбаліст Вадзім Гайдучэнка стаў гульцом «Біера» з другога французскага дывізіёна. У мінулым сезоне спартовец выступаў за першадывізіённы «Шартр». У 12 матчах за каманду ён закінуў 17 мячоў. «Біер» у мінулым сезоне заняў 9-е месца ў Д2 Францыі.

Беларускае Радыё Рацыя