За тур да заканчэння асноўнага этапу мужчынскага чэмпіянату Еўропы па гандболе ў Германіі вядомы тры з чатырох паўфіналістаў.
Услед за зборнымі Даніі і Швецыі ў квартэт наймацнейшых выйшлі французы. У перадапошнім паядынку групы 1 алімпійскія чэмпіёны пасля першага тайма саступалі аўстрыйцам адзін мяч, але ў другой палове поўнасцю перайгралі супернікаў, святкаваўшы перамогу – 33:28. Для аўстрыйцаў гэтая першая параза на Еўра, а французы яшчэ не прайгравалі – у іх 5 перамог і 1 нічыя.
У групе 2 турнір скончыцца сёння. Чэмпіёны Еўропы гандбалісты Швецыі згуляюць з нарвежцамі, датчане будуць супернічаць са славенцамі, а зборная Нідэрландаў сустрэнецца з партугальцамі.
Сабаленка згуляе з Гауф у паўфінале адкрытага чэмпіянату Аўстраліі
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў паўфінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе. У чвэрцьфінальным матчы другая ракетка свету перамагла чэшку Барбару Крэйчыкаву, якая займае 11-е месца ў рэйтынгу WTA, – 6:2, 6:3. У паўфінале Сабаленка сустрэнецца з амерыканкай Коры Гаўф. З іх шасці папярэдніх матчаў беларуска выйграла толькі два. У мужчын першым паўфіналістам стаў лідар рэйтынгу АТР дзесяціразовы чэмпіён Australian Open серб Новак Джокавіч, які перамог амерыканца Тэйлара Фрыца 7:6 (7:3), 4:6, 6:2, 6:3.
БАТЭ абыграў футбалістаў “Віцебска” ў першым спарынгу міжсезоння
Футбалісты барысаўскага БАТЭ перамаглі ў першым кантрольным матчы міжсезоння. Падначаленыя Ігара Крывушэнкі адолелі футбалістаў “Віцебска”, якія вярнуліся ў вышэйшую лігу, з лікам 3:2. У паядынку на штучным газоне віцебскага манежа ў барысаўчан галявы дубль аформіў Аляксандр Шведчыкаў.
У магілёўскім футбольным манежы сёння стартуе перадсезонны турнір Mogilev Cup. У стартавым матчы дзейны чэмпіён Беларусі менскае “Дынама” сустрэнецца з футбалістамі “Гомеля”, а магілёўскі “Днепр” згуляе са срэбраным прызёрам гарадзенскім “Нёманам”.
Падстрэлаў стаў гульцом менскага «Дынама»
Паўабаронца Зміцер Падстрэлаў стаў гульцом менскага «Дынама». «Наш навабранец з’яўляецца выхаванцам школы ФК “Днепр”.
На працягу трох сезонаў абараняў колеры салігорскага «Шахцёра»: у актыве 103 супрацьстаянні ва ўсіх турнірах (15 галоў + 8 выніковых перадач), чэмпіёнскія тытулы-2020,-21, трапленне ў лік 22 лепшых гульцоў айчыннага элітнага дывізіёна-2020.
У пачатку мінулага года адправіўся ў казахстанскі “Каспій”, у ліпені далучыўся да барысаўскага БАТЭ).
Мае 14 матчаў і адзін забіты мяч за нацыянальную зборную Беларусі» гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта менскага “Дынама”.
ЗА “Гарызонт” будуць выступаць амерыканкі-двайняшкі
Чэмпіён Беларусі “Гарызонт” заключыў кантракты з амерыканскімі абаронцамі Ла Таскій і Ла Торай Даф.
З 2020 па 2023 год 23-гадовыя двайняты выступалі за ўніверсітэт «Нью-Мексіка Лобас» (NCAA). Ла Таскій набірала ў сярэднім за гульню 13,2 ачка, 3,1 падбору, 2,1 асістаў, 1,1 перахопу і 0,2 блок-шота.
Ла Тора – 10,6 ачка, 3,8 падбору, 4,8 асістаў, 1,3 перахопу і 0,3 блок-шота.
Беларускае Радыё Рацыя