Футбалісткі менскага “Дынама-БДУФК” пацярпелі паразу на старце кваліфікацыі жаночай Лігі чэмпіёнаў. У харвацкім Асіеку чэмпіёнкі Беларусі ў паўфінале першага кваліфікацыйнага раўнда саступілі ірландскаму клубу “Пімаунт Юнайтэд” з лікам 1:2. У першым тайме асноўнага часу гульні суперніцы абмяняліся галамі – на 7-й хвіліне Элен Долан вывела ірландак наперад, а праз 25 хвілін Ганна Сас зраўняла лік. У другім тайме лік не змяніўся, а ў пачатку дадатковага часу Кэры Летмон другі раз забіла беларускай камандзе. Такім чынам, 7 верасня беларускі сустрэнуцца з няўдачнікам пары харвацкі “Асіек” – славацкі “Спартак”. Пераможца гэтай гульні паспрачаецца з камандай “Пімаунт Юнайтэд” за выхад у другі кваліфікацыйны раўнд жаночай Лігі чэмпіёнаў.
Крывушэнка можа ўзначаліць каманду вышэйшай лігі
Беларускі спецыяліст Ігар Крывушэнка можа ўзначаліць наваполацкі “Нафтан”. Раней Крывушэнка ўзначальваў БАТЭ, які пакінуў 27 жніўня.
Нагадаю, раней з’явілася інфармацыя аб тым, што настаўнік навапалачан Альберт Рыбак можа пакінуць клуб.
Яблонскі будзе выступаць пад кіраўніцтвам Робі Кіна
Грэчаскі «Астэрас», колеры якога абараняе беларускі хаўбек Яўген Яблонскі, найбліжэйшым часам узначаліць экс-форвард зборнай Ірландыі Робі Кін. Ён заменіць сербскага настаўніка Мілана Растаўца. Апошнім месцам працы 44-гадовага Кіна быў тэль-авіўскі «Макабі» (Ізраіль). Робі Кін з 68 галамі з’яўляецца найлепшым бамбардзірам у гісторыі зборнай Ірландыі. Пасля трох тураў “Астэрас” з 4 ачкамі размяшчаецца на 5-м месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Грэцыі.
Нападнік менскага “Дынама” камандзіраваны ў Бабруйск
Нападнік Данііл Ліпскі (2004) камандзіраваны з менскага “Дынама” ў “Дынама-Шыннік” і рыхтуецца згуляць у стартавым матчы чэмпіянату МХЛ, паведамляе hockey.by. Супернікам «баброў» будзе чырванагорскі СКА-«Юніёр». У лістападзе 2023 года Данііл Ліпскі падпісаў двухбаковы кантракт з «зубрамі» і паспеў правесці ў КХЛ 30 матчаў, у якіх вызначыўся 4 (2+2) выніковымі баламі. За «Дынама-Шыннік» у мінулым сезоне цэнтрфорвард набраў 32 (14+18) ачкі ў 27 матчах.
Беларус атрымаў запрашэнне ў лагер пачаткоўцаў “Анахайма”
Беларускі форвард Ягор Сідараў атрымаў запрашэнне ў лагер пачаткоўцаў “Анахайма”, які стартуе 12 верасня. Выхаванец віцебскай школы хакея будзе выступаць пад 57-м нумарам. Усяго ў трэнінг-кэмп запрошаны 29 гульцоў — 17 форвардаў, 8 абаронцаў і 4 брамнікі.
Нагадаю, што гэтай вясной беларускі вінгер падпісаў трохгадовы кантракт навічка з «Дакс». Пагадненне пачне дзейнічаць з сезона-2024/25. У мінулым сезоне 21-гадовы Сідараў гуляў у Заходняй хакейнай лізе (WHL) за клуб «Саскатун Блэйдс». Віцяблянін набраў 88 (50+38) балаў у 66 паядынках, пры паказчыку карыснасці “+8” і 66 хвілін штрафу. У плэй-оф у яго 16 гульняў, 23 (15+8) ачкі, паказчык карыснасці “+8” і 12 хвілін штрафу.
Беларускае Радыё Рацыя