Футбалісты зборнай Грузіі завяршылі выступы на чэмпіянаце Еўропы, саступіўшы ў 1/8 фіналу камандзе Іспаніі. Сустрэчу ў Кёльне з адным з галоўных фаварытаў дэбютанты Еўра правялі з вялізнай самааддачай, але для перамогі майстэрства ім не хапіла. На 18-й хвіліне гульні грузіны правялі хуткую контратаку, і пасля падачы з правага фланга абаронца іспанцаў Робін Ле Норман зрэзаў мяч у сваю браму. Пасля гэтага эпізоду іспанскія футбалісты працягвалі дамінаваць і на 39-й хвіліне іх чарговы націск завяршыўся дакладным ударам Родры – 1:1. Пасля перапынку гульня праходзіла па тым жа сцэнары. На 51-й хвіліне другі гол забіў Фабіян Руіс, а потым Ніка Уільямс і Дані Ольма давялі справу да разгрому – 4:1. У матчы за трапленне ў паўфінал зборная Іспаніі 5 ліпеня будзе супернічаць у Штутгарце з гаспадарамі турніру футбалістамі Германіі. Зборная Англіі таксама стала чвэрцьфіналістам. У паядынку са славакамі Джуд Белінгем цудоўным ударам параўняў лік – 1:1. Да гэтага славакі ўмела абараняліся, а на 25-й хвіліне сустрэчы адну з рэдкіх контратак завяршыў Іван Шранц. У самым пачатку дадатковага часу лідар атак англічан Хары Кейн вывеў сваю каманду наперад – 2:1. У чвэрцьфінале віцэ-чэмпіёны кантынента будуць супернічаць з футбалістамі Швейцарыі.
Футбалісты «Нафтана» разграмілі «Арсенал» у матчы чэмпіянату Беларусі
Наваполацкі «Нафтан» разграміў дзяржынскі «Арсенал» у апошнім матчы 14-га тура чэмпіянату Беларусі. Усе мячы сустрэчы ў Барысаве былі забіты ў першым тайме: галявы дубль аформіў Раман Папарыга, яшчэ адзін раз вызначыўся Антон Сучкоў – 3:0 на карысць «Нафтана». У першай сустрэчы футбалісты «Слуцка» адолелі «Мінск» з лікам 1:0. У Маладэчне «Іслач» і магілёўскае «Дняпро» разышліся мірам – 1:1.
Хадуноў стаў бронзавым прызёрам юнацкага ЧЕ па барацьбе ў Сербіі
Юныя беларускія атлеты заваявалі пяць узнагарод чэмпіянату Еўропы па барацьбе сярод спартоўцаў не старэйшых за 17 гадоў, які прыняў сербскі Нові-Сад. У заключны дзень турніру вызначыліся пераможцы і прызёры ў пяці катэгорыях у вольнай барацьбе. У вазе да 92 кг прызёрам спаборніцтваў стаў Аляксей Хадуноў. У паядынку за трэцяе месца ён з лікам 9:4 адолеў азербайджанца Фархада Сулейманлы. Таксама шанец на медаль меў Глеб Пятроў (у вазе да 51 кг), але ў сутычцы за бронзу беларус прайграў грузіну Матэ Цінадзэ.
Гімнастка Салос выйграла чатыры золаты на турніры ў Іспаніі
Беларускія грацыі заваявалі 10 залатых медалёў турніру па мастацкай гімнастыцы International Tournament Grand Premium 2024 у іспанскім Пладжа-дэ-Аро. Міжнародныя спаборніцтвы сабралі гімнастак з 35 краін, якія вызначалі найлепшых у 12 узроставых катэгорыях. Напярэдадні перамогу ў шматбор’і ў юніёрак святкавала Ніколь Леўта, якая пацвердзіла свой высокі статус у фіналах асобных відаў. Беларуска перамагла ў кожным з чатырох практыкаванняў, стаўшы пяціразовай чэмпіёнкай іспанскага турніру.
Беларускае Радыё Рацыя






