Фіналісты футбольнага Кубка Беларусі правялі сёння сустрэчы 10-га тура нацыянальнага чэмпіянату. У першым паядынку футбалісты “Іслачы” прынялі ў Маладэчне ФК “Мінск”. Футбалісты “Іслачы” перамаглі з лікам 3:0. На мінулым тыдні дружына з Менскага раёна на выездзе згуляла ўнічыю з футбалістамі “Смаргоні” 1:1, сталічная каманда прайграла на сваім полі “Віцебску” 1:2.
Другі фіналіст кубкавага розыгрышу гарадзенскі “Нёман” згуляў у гасцях у футбалістаў “Слуцка”. Гарадзенцы саступілі з вынікам 0:2. У 9-м туры гарадзенскі клуб выйграў у сябе дома ў дзяржынскага “Арсенала” 1:0 і выйшаў на першае месца, а “Слуцк” на сваім полі пацярпеў буйную паразу ад берасцейскіх дынамаўцаў 1:4.
Максім Рамашчанка – новы галоўны трэнер ліпецкага «Металурга»
Экс-форвард зборнай Беларусі Максім Рамашчанка стаў трэнерам ліпецкага «Металурга» з Д3 Расеі. На ліку 47-гадовага спецыяліста 132 матчы ў РПЛ і 64 гульні за зборную Беларусі, дзе ён забіў 20 галоў, працаваў у маскоўскім ФШМ.
«Баварыя» разглядае кандыдатуру Кампані на пасаду галоўнага трэнера
Новым галоўным трэнерам «Баварыі» можа стаць Венсан Кампані, паведамляе журналіст Фабрыцыа Рамана. Указана, што ў кіраўніцтве «Баварыі» абмяркоўвалі ягоную кандыдатуру. Ім цікавяцца і іншыя клубы. Раней паведамлялася, што ім цікавіцца «Брайтан», які таксама яшчэ не прыняў рашэння адносна новага трэнера. «Баварыю» пасля завяршэння сезона пакідае Томас Тухель, а «Брайтан» – Раберта Дэ Дзербі. Кампані зараз з’яўляецца галоўным трэнерам «Бёрнлі». Пад яго кіраўніцтвам каманда заняла 19-е месца ў АПЛ і вылецела ў Чэмпіёншып.
Салаш стаў самым выніковым гульцом матчу плэй-оф чэмпіяната Францыі
У трэцім матчы 1/4 фіналу чэмпіянату Францыі па баскетболе «Бур» абыграў «Нантэр» 90:74. Лік у серыі 2-1. У складзе пераможцаў беларус Максім Салаш набраў 18 балаў і стаў самым выніковым гульцом матчу.
Менскае “Дынама” не пакідае спробаў падпісаць галкіпера-легіянера
Менскае “Дынама” працягвае пошукі замежнага галкіпера з вопытам гульні ў КХЛ, — паведамляе тэлеграм-канал “Халупа Хакеіста”. – Нягледзячы на тое, што быў падпісаны Андрэй Карэеў, менчукі не пакідаюць спробаў падпісаць галкіпера-легіянера. І так, гэта не Юхан Мацан, – адзначыў аўтар. Нагадаю, раней расейскі брамнік Андрэй Карэеў стаў пачаткоўцам менскага «Дынама». З ім падпісаны гадавы кантракт.
Стась, Кавыршын, Шчабланаў пакінулі трэнерскі штаб «Гомеля»
Галоўны трэнер «Гомеля» Сяргей Стась пакінуў клуб пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракта. Разам з ім сыдуць яго асістэнты Яўген Кавыршын і Аляксей Шчабланаў. Як паведамляе прэс-служба, спецыялісты працягнуць кар’еру ў іншым месцы. Стась узначальваў каманду з 2019 года. За гэты час яна заваявала срэбраныя ўзнагароды чэмпіянату Беларусі (2021) і выходзіла ў фінал Кубка Салея (2022).
Зборныя Вялікабрытаніі і Польшчы пакінулі элітны дывізіён чэмпіянату свету па хакеі
На чэмпіянаце свету па хакеі, які праходзіць у Чэхіі, вызначыліся дзве каманды, якія вылецелі з эліты – імі сталі зборныя Вялікабрытаніі і Польшчы. Брытанцы, якія выступаюць у групе “А”, страцілі шанцы на захаванне прапіскі за тур да заканчэння групавога этапу. Таксама ніводнай перамогі на турніры ў пуле “В” не здолела здабыць зборная Польшчы, якая раней саступіла латвійцам 4:5, шведам 1:5, французам 2:4, славакам 0:4, амерыканцам 1:4 і немцам 2:4. З серыяй з шасці паразаў да апошняга матча падышла і зборная Казахстана, якая ў выніку і аспрэчыла з палякамі права застацца ў эліце. У вочным паядынку казахстанцы апынуліся мацней 3:1. На змену зборным Польшчы і Вялікабрытаніі ў наступным годзе прыйдуць каманды Славеніі і Венгрыі.
“Эдмантан” і “Далас” згуляюць у фінале Заходняй канферэнцыі НХЛ
У Нацыянальнай хакейнай лізе вызначыўся апошні паўфіналіст плэй-оф-2024 – ім стаў “Эдмантан”. У ноч на аўторак “нафтавікі” на выездзе праводзілі сёмы матч у серыі другога раунда супраць “Ванкувера”. Пасля двух перыядаў хакеісты “Ойлерз” мелі камфортную перавагу ў тры шайбы. У заключнай трэці гаспадары скарацілі адставанне да мінімуму, але перавесці сустрэчу ў авертайм не змаглі. Такім чынам, 3:2 на карысць “Эдмантана” і 4:3 у серыі. Супернікам адзінага канадскага клуба па фінале Захаду, які застаўся ў плэй-оф, будзе “Далас”, які раней у шасці матчах зламіў супраціў “Каларада”.
Беларускае Радыё Рацыя