Футбалісты “Іслачы” паспяхова стартавалі ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый. У сваім першым паядынку ў еўракубках каманда Дзмітрыя Камароўскага адолела ў Сан-Марына мясцовы клуб “Ла-Фіярыта” з лікам 1:0. Першы гол “Іслачы” ў кантынентальных турнірах забіў Аляксандр Буцько, які вызначыўся на 34-й хвіліне сустрэчы. Намінальна хатні матч “ваўкі” правядуць 18 ліпеня ў венгерскім горадзе Мезекевешд. У выпадку поспеху па суме дзвюх сустрэч “Іслач” у наступным раундзе будзе супернічаць з турэцкім клубам “Істанбул Башакшэхір”.
Жодзінскія тарпедаўцы ў матчы першага круга гулялі ў венгерскім Сомбатхеі з малдаўскім “Мілсамі” і саступілі з лікам 2:4. Жодзінскія футбалісты прапусцілі два мячы ў сярэдзіне першага тайма – на 20-й хвіліне гульні дакладны ўдар нанёс Мамаду Камара, а праз 10 хвілін яго поспех паўтарыў Дан Спетару. Неўзабаве Вадзім Пабудзей скараціў разрыў. Адразу пасля перапынку Спетару забіў свой другі гол, потым другі раз вызначыўся Камара, а затым Цімафей Шаркоўскі ўсталяваў канчатковы лік. Гульня ў адказ пройдзе 18 ліпеня на полі малдаўскай каманды. Пераможца гэтай пары згуляе ў другім раундзе з казахстанскай “Астаной”, у складзе якой выступае беларускі паўабаронца Макс Эбонг.
Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі ў Лізе канферэнцый гарадзенскі “Нёман” пачне барацьбу з другога кваліфікацыйнага раунда – 25 ліпеня і 1 жніўня падначаленыя Ігара Кавалевіча сустрэнуцца з румынскім ЧФР.
Літвіновіч выйграў агульны залік Кубка свету па скачках на батуце
Беларускі спартовец Іван Літвіновіч перамог ў агульным заліку розыгрышу Кубка свету па скачках на батуце. У гэтым сезоне лідар нацыянальнай каманды прыняў удзел у трох этапах Кубка свету з пяці, і па выніках кожнага з іх уздымаўся на подыум. У Баку і нямецкім Котбусе Літвіновіч заваяваў бронзу, а на фінальным этапе ў партугальскай Каімбры паказаў найлепшы вынік. Сума Івана за ўсе старты склала 160 ачкоў, кітайцы Ван Зісай і Янь Ланг’ю, якія падзялілі другі радок, адсталі ад беларуса на 45 балаў.
Змушко пабіла ўласны нацыянальны рэкорд на стомятроўцы брасам
У Берасцейскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту працягваецца Адкрыты Кубак Беларусі па плаванні. Разам з наймацнейшымі беларускімі плыўцамі ўдзел у спаборніцтвах бяруць спартоўцы з Расеі. У другі дзень турніру адбыліся паўфінальныя заплывы ў шасці відах праграмы, на стомятроўцы брасам у жанчын з найлепшым вынікам у фінал прайшла Аліна Змушко. Уладальніца алімпійскай ліцэнзіі ў гэтым відзе праплыла 100 метраў за 1 хвіліну 06,20 сек. і на 0,24 сек. пабіла свой жа нацыянальны рэкорд, усталяваны больш за год таму ў Казані.
Крэйчыкава і Пааліні выйшлі ў фінал Уімблдонскага турніру
Фіналісткі жаночага адзіночнага разраду вызначыліся на Уімблдонскім тэнісным турніры. Чэмпіёнка Уімблдона-2022 казахстанская тэнісістка Алена Рыбакіна ў паўфінале сустракалася з чэшкай Барбарай Крэйчыкавай і саступіла ў трохсэтавым паядынку – 6:3, 3:6, 4:6. Для Крэйчыкавай гэта будзе другі фінал турніраў серыі “Вялікага шлема” – у 2021 годзе яна стала пераможцай “Ралан Гарос”.
У другім паўфінальным паядынку прадстаўніца Італіі Ясмін Пааліні абыграла харватку Донну Векіч – 2:6, 6:4, 7:6 (10:8). Пааліні таксама другі раз у кар’еры згуляе ў фінале “Вялікага шлема” – крыху больш за месяц таму ў Парыжы яна саступіла тытул чэмпіёнкі Францыі польцы Ізе Свёнтэк. Жаночы фінал адбудзецца ў суботу. Летась чэшка Маркета Вандраўшава абыграла ў фінальным матчы Унс Джабір з Туніса.
Беларускае Радыё Рацыя