Футбалісты “Іслачы” ўзняліся на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты “Іслачы” святкавалі валявую вікторыю над сталічным “Энергетыкам-БДУ” 3:2 і ўзняліся не трэці радок у турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Менчукі двойчы вялі ў ліку – 1:0 і 2:1, але ўтрымаць сваю перавагу не змаглі, прапусціўшы два мячы. Дзякуючы гэтай перамозе, “ваўкі” набралі 47 ачкоў і абышлі жодзінскіх тарпедаўцаў, якія сёння прымуць на сваім полі футбалістаў “Менска”. Футбалісты “Слуцка” ў сябе на хатняй арэне абыгралі салігорскі “Шахцёр” 3:2. Яшчэ ў адным матчы ў Мазыры мясцовая “Славія” будзе супернічаць з “Гомелем”.
Два прэтэндэнты на чэмпіёнскі тытул свае сустрэчы правядуць у нядзелю. Лідар турніру менскае “Дынама” згуляе ў Бабруйску з мясцовай “Белшынай”, а гарадзенскі “Нёман” на полі “Барысаў-Арэны” сустрэнецца з БАТЭ. Калі менчукі выйграюць, а гарадзенская дружына не пераможа, то сталічныя дынамаўцы за тур да фінішу забяспечаць сабе залатыя медалі. Таксама заўтра футбалісты “Смаргоні” прымуць на сваім полі берасцейскае “Дынама”.
Магілёўскі “Дняпро” вярнуўся ў вышэйшую лігу
“Віцебск” паспрабуе туды прабіцца праз стыкавыя матчы.
Сёння матчамі 34-га тура завяршыўся чэмпіянат Беларусі па футболе ў першай лізе. “Дняпро” перамог “Асіповічы” 1:0, а “Віцебск” выйграў у пінскай “Хвалі” 3:0. “Дняпро” і “Віцебск” набралі аднолькавую колькасць балаў, але магілёўскі клуб знаходзіцца вышэй па дадатковых паказчыках, і ён заваёўвае прамую пуцёўку ў вышэйшую лігу.
“Віцебск” згуляе ў стыкавых матчах з 14-й камандай вышэйшай лігі. Гэта будзе або салігорскі “Шахцёр”, або “Белшына”. Адметна, што ў мінулым годзе “Арсенал”, “Дняпро” і “Віцебск” пакінулі вышэйшую лігу.
Гандбалісткі зборных Беларусі і Расеі правядуць першы спарынг у Менску
Гандбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі прымаюць каманду Расеі ў першым хатнім таварыскім матчы. Паядынак беларусак і расеянак праходзіць на паркеце менскага Дома гандбола. Галоўны трэнер беларускай дружыны Валерый Пяўніцкі запрасіў на сустрэчы з расейскай зборнай 25 гандбалістак, сярод якіх і спартоўкі, якія выступаюць у замежных клубах, у тым ліку і расейскіх. Паўторны паядынак беларускіх і расейскіх гандбалістак адбудзецца 26 лістапада, уваход на матчы вольны.
Турнір на прызы Мядзведзя збярэ змагароў з 8 краін
Міжнародныя спаборніцтвы па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя збяруць каля 200 спартоўцаў з васьмі краін, пра гэта расказаў Sputnik старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы (БФБ) Алім Селімаў.
Сярод удзельнікаў апроч краін СНД значыцца Бахрэйн. Таксама за медалі будуць змагацца і расейскія атлеты. Раней спаборніцтвы былі перанесены з верасня на лістапад. Сялімаў зазначыў, што прычына крыецца ў “не вельмі зручных датах турніру”.
Турнір па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя пройдзе з 26 па 27 лістапада. Апроч маладых беларускіх спартоўцаў, выступіць і асноўны склад. Імянныя спаборніцтвы на прызы тытулаванага змагара праводзяцца ў Менску з 1970 года і сталі для многіх спартоўцаў знакавымі ў кар’еры.
Беларускае Радыё Рацыя






