BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты Іспаніі і Францыі вызначаць першага фіналіста Еўра-2024

На футбольным чэмпіянаце Еўропы ў Германіі сёння вызначыцца першы ўдзельнік фінальнага паядынку. У першым паўфінале сустрэнуцца футбалісты зборных Іспаніі і Францыі (пачатак гульні ў 22.00). Сустрэчу, якая пройдзе ў Мюнхене, будзе судзіць брыгада славенскіх арбітраў на чале са Слаўкам Вінчычам. Другі паўфінал пройдзе заўтра ў Дортмундзе віцэ-чэмпіёны Еўропы англічане будуць супернічаць са зборнай Нідэрландаў.

Эфаге стаў найлепшым гульцом 15-га тура чэмпіянату Беларусі

Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” назвала найлепшых па выніках сустрэч 15-га тура чэмпіянату Беларусі. Найлепшым гульцом мінулага ўік-энду безальтэрнатыўна прызнаны нападнік “Гомеля” Джуніёр Эфаге. У хатнім паядынку з дзяржынскім “Арсеналам” 20-гадовы габонскі легіянер аформіў галявы дубль і двойчы асіставаў партнёрам пры ўзяцці брамы гасцей. У выніку гамяльчане перамаглі з буйным лікам 5:0, а Эфаге дагнаў лідара бамбардзірскай гонкі берасцейскага дынамаўца Ягора Карцова – зараз у абодвух па 10 забітых мячоў.
Аўтарам самага прыгожага гола 15-га тура стаў менскі дынамавец Павел Сядзько. На 17-й хвіліне сустрэчы з берасцейскім “Дынама” ён забіў фірмовым ударам з падкруткай, гэты гол стаў пераможным.

Ланцунка перайшоў з Брэсцкага “Дынама” ў “Слуцк”

Паўабаронца Кірыл Цэпенкоў пакінуў берасцейскае «Дынама». Клуб дамовіўся аб трансферы са “Слуцкам”, у якім працягне кар’еру 20-гадовы футбаліст. Цэпенкоў выступаў за «Дынама-Брэст» з вясны 2022 года, калі далучыўся да каманды ў 17-гадовым узросце. Яму ўдалося адразу заваяваць месца ў асноўным складзе і да канца сезона-2022 правесці 22 матчы, забіўшы 2 мячы і аддаўшы 1 галявую перадачу.
У далейшым Кірыл атрымліваў менш гульнявога часу: 14 матчаў у вышэйшай лізе сезона-2023 і 1 матч у бягучым сезоне. Агулам за два з паловай гады на рахунку паўабаронцы 37 гульняў у «сіне-белай» форме, 3 галы і 1 асіст. Сёлета Цэпенкоў сем разоў трапляў у заяўку галоўнай каманды, аднак толькі раз выйшаў на поле – на 9 хвілін у гасцявой гульні супраць «Шахцёра». Ён атрымліваў практыку пераважна ў матчах дублюючага складу, за які правёў 4 гульні і забіў 2 мячы.

Зборная Беларусі па пляжным футболе пачала падрыхтоўку да спарынгаў з расіянамі

Зборная Беларусі па пляжным футболе пачала падрыхтоўку да гасцявых таварыскіх паядынкаў з трохразовым чэмпіёнам свету камандай Расіі. Галоўны трэнер беларускай дружыны іспанскі спецыяліст Нікалас Альварада запрасіў на трэніровачны збор 14 футбалістаў. Да 11 ліпеня беларуская каманда будзе трэніравацца ў Маладзечне, а потым адправіцца ў Санкт-Пецярбург, дзе 12 і 14 ліпеня правядзе два матчы з расіянамі. У гэтым сезоне беларуская каманда выступіць у Еўралізе і кваліфікацыі да чэмпіянату свету.

На Уімблдоне вядомыя ўсе чвэрцьфіналісткі

На Уімблдоне-2024 завяршыліся ўсе матчы чацвёртага круга ў жаночым адзіночным разрадзе. Такім чынам, вызначыліся чвэрцьфінальныя пары.
Прадстаўніца Латвіі Алена Астапенка згуляе з чэшкай Барбарай Крэйчыкавай, Алена Рыбакіна з Казахстана пазмагаецца з украінкай Элінай Світолінай, новазеландка Лулу Сун сустрэнецца з харваткай Доннай Векіч, а італьянка Ясмін Пааліні згуляе з амерыканкай Эмай Наварай. Летась з гэтых васьмі тэнісістак да чвэрцьфіналу дайшлі толькі дзве – Рыбакіна і Світоліна, якія сёлета ў вочным паядынку разыграюць пуцёўку ў паўфінал.

Беларускае Радыё Рацыя