BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты італьянскай «Аталанты» сталі пераможцамі Лігі Еўропы

Футбалісты італьянскай «Аталанты» з Бергама сенсацыйна сталі пераможцамі Лігі Еўропы. У Дубліне ў вырашальным матчы другога па рангу кантынентальнага турніру прадстаўнікі серыі А разграмілі 3:0 чэмпіёна Германіі «Баер» з Леверкузена, які ў гэтым сезоне яшчэ не прайграваў – да гэтага каманда Хабі Алонса святкавала 42 вікторыі і 9 разоў згуляла ўнічыю. Усе лічылі прадстаўніка бундэслігі відавочным фаварытам, але Джан П’ера Гасперыні і яго падначаленыя ўвесь матч прэсінгавалі і дамагліся поспеху. Героем паядынку стаў нігерыйскі нападнік італьянскага клуба Адэмола Лукман, які аформіў хет-трык. Для «Аталанты» трафей Лігі Еўропы стаў першым у гісторыі кантынентальным кубкам.

«Арарат-Арменія» разглядае кандыдатуру Жукоўскага на пасаду галоўнага трэнера

40-гадовы беларускі спецыяліст Віталь Жукоўскі зʼяўляецца кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера «Арарат-Арменія», паведамляе «Футбольны пілатаж». На дадзены момант Жукоўскі ўзначальвае «Атырау», які ідзе восьмым у чэмпіянаце Казахстана. У чэмпіянаце Арменіі «Арарат-Арменія» гарантаваў сабе трэцяе месца ў турнірнай табліцы.

Баскетбалісты «Гродна-93» скарацілі адставанне ад «МІНСКА» ў фінале чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты «Гродна-93» скарацілі адставанне ад «МІНСКА» ў залатой серыі мужчынскага чэмпіянату Беларусі. Пасля двух выязных паразаў падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна здолелі абыграць дзейных чэмпіёнаў у авертайме з лікам 91:88 і скарацілі адставанне да мінімуму – 1:2. Чацвёртая гульня фінальнай серыі таксама пройдзе ў Лідзе заўтра. Калі менчукі зноў прайграюць, то вырашальны паядынак за золата 32-га нацыянальнага чэмпіянату адбудзецца 26 траўня ў сталічным Палацы спорту.

Гандбалісты менскага СКА выйшлі ў фінал Кубка Беларусі

Гандбалісты менскага СКА прабіліся ў фінал розыгрышу Кубка Беларусі сярод мужчынскіх каманд. У другім паўфінальным паядынку дзейныя ўладальнікі трафея перайгралі свой фарм-клуб БДУФК-СКА 34:26.
У вырашальным матчы 28-га кубкавага турніру сталічныя армейцы будуць адстойваць свой тытул у барацьбе з чэмпіёнам краіны клубам «Мяшкоў Брэст», які ў першым паўфінале абыграў гарадзенскі «Кронан» з лікам 34:25.

Хаслаханаў стаў сярэбраным прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па барацьбе

Абубакар Хаслаханаў прынёс беларускай камандзе першы медаль чэмпіянату Еўропы па барацьбе сярод спартоўцаў не старэйшых за 23 гады. Маладзёжнае першынства кантынента праходзіць у Баку. У сутычцы за золата беларускі барэц саступіў расейцу Магамеду Муртазаліеву і стаў уладальнікам срэбра. Хаслаханаў зʼяўляецца чэмпіёнам свету сярод юнакоў і юніёраў, бронзавым прызёрам дарослага чэмпіянату Еўропы гэтага года, таксама ў актыве Абубакара ёсць алімпійская ліцэнзія на Гульні ў Парыж.

Беларускае Радыё Рацыя