BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты менскага “Дынама” прайгралі “Андэрлехту”

Футбалісты менскага “Дынама” прайгралі бельгійскаму “Андэрлехту” з лікам 0:1. Матч плэй-оф адбору Лігі Еўропы прайшоў у Венгрыі на нейтральным полі. Дынамаўцы свае моманты не рэалізавалі, а супернікі ўжо на пачатку гульні дзякуючы дакладнаму ўдару Людвіга Аўгусцінсана забілі гол на 9-й хвіліне, які апынуўся адзіным. Матч у адказ пройдзе ў Брусэлі 29 жніўня. Каманда, якая па выніках двух матчаў пройдзе далей, згуляе ў групавым раўндзе Лігі Еўропы. Няўдачнік адправіцца ў групавы раўнд Лігі канферэнцый.

«Аякс» разграміў «Ягелонію»

«Ягелонія» з Беластока прайграла на хатняй арэне амстэрдамскаму «Аяксу» у першым матчы плэй-оф адборавага турніру Лігі Еўропы.
Каманда Адрыяна Семенца пачала з энтузіязмам і на 5-й хвіліне парадавала сваіх заўзятараў. Адрыян Дыегес пасля розыгрышу кутавога падкараўліў памылку брамніка гасцей і адкрыў лік. Пасля гэтага амстэрдамцы перахапілі ініцыятыву і яшчэ да перапынку забілі два гола ў адказ. У другім тайме гульня гаспадароў толькі пагоршылася. Клуб з Амстэрдама перамог з лікам 4:1. Лік мог быць яшчэ больш буйным, але брамнік беластачан Славамір Абрамавіч змог адбіць удар з 11-й метровай адзнакі Міка Годса. Безумоўна, героем сустрэчы стаў аўтар трох галоў у Беластоку Чуба Акпом. Пасля такога выніку ў першым матчы з «Аяксам» «Ягелонія» зараз будзе больш глядзець у бок Лігі канферэнцый, куды трапіць няўдачнік гэтага супрацьстаяння.

Аляксандра Сасновіч прабілася ў асноўную сетку US Open

101-я ў рэйтынгу WTA Аляксандра Сасновіч прабілася ў асноўную сетку US Open. Беларуская тэнісістка ў адборы выйграла тры паядынкі. Спачатку яна перамагла Хармані Тан з Францыі — 6:2, 6:3, пасля — Хізер Уоцан з Вялікабрытаніі — 6:1, 6:4. А ў чацвер у вырашальным матчы Сасновіч выйграла ў турчанкі Зейнэп Санмез 6:2, 7:6 (9:7).

Раней адбор адкрытага чэмпіянату ЗША не прайшлі беларускі Ірына Шымановіч і Алена Фалей. У асноўнай сетцы US Open, якая стартуе 26 жніўня, разам з Аляксандрай Сасновіч паўдзельнічаюць Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.

Беларускі Касценіч і Брагінец сталі бронзавымі прызёрамі юнацкага ЧС па барацьбе

Беларускія спартоўкі заваявалі два бронзавыя медалі першынства планеты па барацьбе сярод спартоўцаў не старэйшых за 17 гадоў, якое прымае сталіца Іарданіі Аман. Падчас спаборніцтваў па жаночай барацьбе да сутычак за бронзавыя ўзнагароды дабраліся тры беларускі – з іх падняцца на п’едэстал у выніку ўдалося двум. У катэгорыі да 49 кг Ксенія Касценіч перамагла Дуню Зітуні з Алжыра 5:0, а ў вазе да 57 кг Паліна Брагінец была мацней за венгерку Барбару Багер 7:3. Няўдача ў гэты дзень напаткала толькі Аляксандру Команаву, якая ў паядынку за трэцяе месца ў катэгорыі да 65 кг прайграла Улдане Тлеухан з Казахстана.

Беларускае Радыё Рацыя