
Менскае “Дынама” згуляла ўнічыю з футбалістамі армянскага “Пюніка” ў першым паядынку кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. У стартавай гульні новага еўракубкавага сезона ў венгерскім Мезекевешдзе дынамаўцы мелі перавагу, але так і не змаглі адкрыць лік – 0:0. Матч у адказ адбудзецца 16 ліпеня ў Ерэване. Калі падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі пераадолеюць першы бар’ер, то сустрэнуцца з пераможцам пары “Лудагорац” (Балгарыя) – “Дынама” (Грузія). Іх матч на полі балгарскага клуба завяршыўся перамогай гаспадароў з лікам 3:1.
“Смаргонь” падпісала галкіпера Азарка
Галкіпер Максім Азарка працягне карʼеру ў «Смаргоні». Азарка падпісаў кантракт з камандай з Гарадзенскай вобласці на адзін год. Папярэднім клубам футбаліста быў «Мінск», за які ён у бягучым чэмпіянаце вышэйшай лігі правёў тры матчы і прапусціў чатыры мячы.
17-гадовы беларус Румо падпісаў кантракт з маскоўскім ЦСКА
17-гадовы беларускі форвард Юрый Румо падпісаў прафесійны кантракт з маскоўскім ЦСКА. Пагадненне носіць трохбаковы характар і разлічана да 2027 года. Румо – выхаванец хакейнай школы «Віцебска». У мінулым сезоне выступаў за юнацкія каманды ЦСКА.
Джокавіч без барацьбы выйшаў у паўфінал Уімблдона
Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч без барацьбы выйшаў у паўфінал Уімблдонскага турніру. У чвэрцьфінале супернік сяміразовага пераможцы Уімблдона аўстраліец Алекс дэ Мінаур не змог выйсці на корт з-за траўмы. У паядынку за выхад у фінал Новак Джокавіч сустрэнецца з італьянцам Ларэнца Музеці. Лідар сусветнага рэйтынгу італьянскі тэнісіст Янік Сінэр саступіў расіяніну Даніілу Мядзведзеву, які згуляе ў паўфінале з дзейным чэмпіёнам Уімблдона іспанцам Карласам Алькарасам, які абыграў амерыканца Томі Пола.
У спаборніцтвах жанчын казахстанская тэнісістка Алена Рыбакіна абыграла ўкраінку Эліну Світоліну і паспрачаецца з чэшкай Барбарай Крэйчыкавай, якая была мацней за латвійскую тэнісістку Алену Астапенку. Да гэтага ў паўфінал выйшлі харватка Донна Векіч і прадстаўніца Італіі Ясмін Пааліні.
Беларускае Радыё Рацыя