Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) няўдала правялі першы кантрольны паядынак на Кіпры. У Ахне беларусы сустракаліся з кіпрскімі аднагодкамі і саступілі з лікам 1:2. На 11-й хвіліне гаспадары выйшлі наперад, а незадоўга да перапынку Родзін Пячура з пенальці зраўняў лік. У другім тайме кіпрыёты забілі другі мяч у браму беларускай каманды.
Свой наступны спарынг падначаленыя Сяргея Яромкі таксама правядуць на Кіпры – 10 верасня яны згуляюць з моладзевай зборнай Славакіі. Для беларускай “маладзёжкі” гульні з кіпрыётамі і славакамі з’яўляюцца праверкай сіл перад заключным паядынкам адборавага турніру моладзевага Еўра-2025 з камандай Фарэрскіх астравоў, які пройдзе 15 кастрычніка.
Беларуска Гетманава заваявала бронзу юніёрскага першынства свету па барацьбе
Марта Гетманава прынесла беларускай камандзе першы медаль чэмпіянату свету па барацьбе сярод атлетаў не старэйшых за 20 гадоў, які праходзіць у іспанскай Понтэведры.
Па выніках папярэдніх паядынкаў Гетманава ў вазе да 57 кг трапіла ў суцяшальны турнір за трэцяе месца. У ім беларуска адолела Номін Магмарсурэн з Манголіі, а ў вячэрняй сутычцы перамагла ўкраінку Аліну Філіповіч 6:1 і стала ўладальніцай бронзы. Два месяцы таму Марта выйграла срэбра юніёрскага чэмпіянату Еўропы.
Расейскі галкіпер Ціхаміраў стаў хакеістам менскага “Дынама”
Хакейнае менскае “Дынама” падпісала кантракт з расейскім брамнікам Андрэем Ціхаміравым, паведамілі ў прэс-службе сталічнага клуба. Пагадненне з 29-гадовым галкіперам разлічана на адзін сезон. Папярэдні сезон расеец правёў у ніжнякамскім “Нафтахіміку”, за які згуляў 14 матчаў, адбіўшы 91.8% кідкоў. Таксама ў КХЛ Ціхаміраў выступаў за ніжагародскае “Тарпеда”. Усяго ў лізе брамнік правёў 163 паядынкі і аформіў 11 шатаўтаў. У сезоне-2014/15 Ціхаміраў стаў чэмпіёнам Моладзевай хакейнай лігі ў складзе “Чайкі”.
Шчалканаў заняў восьмае месца на стомятроўцы батэрфляем на Паралімпіядзе
Беларускі плывец Ягор Шчалканаў завяршыў выступы на XVII Паралімпійскіх гульнях у Парыжы. У пятніцу беларускі спартовец прымаў удзел у спаборніцтвах на стомятроўцы батэрфляем у класе S9. Па выніках папярэдняй стадыі Шчалканаў прабіўся ў вырашальны заплыў з трэцім вынікам, аднак вячэрні фінал у Ягора не склаўся – беларус паказаў толькі восьмы час. Чэмпіёнам Паралімпіяды з еўрапейскім рэкордам 57,99 секунды стаў італьянец Сімонэ Барлаам.
Раней на Гульнях у Парыжы Шчалканаў заваяваў золата на стомятроўцы на спіне і застаўся па-за фіналамі на дыстанцыях 50 метраў вольным стылем і 200 метраў комплексным плаваннем.
Беларускае Радыё Рацыя