BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты «Нёмана» трэці раз выйгралі турнір «Белазавец»

У Жодзіне фінішуе традыцыйны перадсезонны футбольны турнір «Белазавец». У першым паядынку гульнявога дня срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі гарадзенскі «Нёман» абыграў уладальнікаў бронзы футбалістаў жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» з мінімальнай перавагай у ліку – 1:0. Пераможны гол у самым канцы першага тайма забіў Ягор Зубовіч. У стартавым туры каманда Ігара Кавалевіча адолела берасцейскі «Цэнтр футбола» – 2:1, а затым перайграла барысаўскі БАТЭ – 3:2. «Нёман» трэці раз запар стаў пераможцам гэтых спаборніцтваў.

Экс-гулец берасцейскага «Дынама» перайшоў у клуб першага бельгійскага дывізіёна

Зімбабвійскі абаронца Мунашэ Гарананга, які правёў сезон-2022 у берасцейскім «Дынама», перайшоў у «Мехелен» з чэмпіянату Бельгіі. За «Дынама» Гарананга правёў 28 матчаў у чэмпіянаце і кубку Беларусі, забіў 2 мячы. Пазней ён гуляў у малдаўскім «Шэрыфе», прадстаўляў клуб у групавым этапе лігі Еўропы.

Клубы французскай Лігі 1 выдаткавалі найбольш сродкаў на зімовыя трансферы

Клубы Лігі 1 выдаткавалі больш за ўсіх сродкаў на трансферы ў зімовае трансфернае акно 2024 года сярод топ-5 чэмпіянатаў Еўропы. Агулам французскія каманды выдаткавалі 163 мільёны фунтаў. Упершыню з 2019 у свеце і ўпершыню з 2011 у Еўропе лідарам па гэтым паказчыку не стала АПЛ – англічане ў студзені заплацілі за новых гульцоў 112 мільёнаў фунтаў. На трэцім месцы па гэтым паказчыку
Серыя А – 86 мільёнаў фунтаў, на 4 месцы Бундэсліга – 70 мільёнаў фунтаў і на 5 месцы Ла Ліга – 69 мільёнаў фунтаў выдаткавана на трансферы.

Гандбалісты зборнай Беларусі правядуць тры гасцявыя спарынгі з расейцамі

Гандбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі ў сярэдзіне сакавіка правядуць тры таварыскія паядынкі ў гасцях у каманды Расеі. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА у Беларускай федэрацыі гандбола.
Першая сустрэча адбудзецца 13 сакавіка ў Казані, другая гульня пройдзе ў Маскве, а заключны матч беларусы і расейцы згуляюць 17 сакавіка ў падмаскоўным Чэхаве. Перад сустрэчамі з расейскай дружынай падначаленыя Юрыя Шаўцова правядуць трэніровачны збор у Менску.

Юсэф Ахмед Хасан падпісаў кантракт з «Мяшкоў Брэст»

Егіпецкі 24-гадовы паўсярэдні Юсэф Ахмед Хасан падпісаў кантракт з «Мяшкоў Брэст». Юсэф нарадзіўся ў Каіры і выступаў за мясцовыя клубы – «Эраб Кантрактарс» і «Тала Аль Гаіш». А таксама прыцягваўся ў зборныя розных узростаў. У 18 гадоў выйграў юнацкі чэмпіянат Афрыкі-2018, а праз год – юнацкі чэмпіянат свету-2019.
Егіпцянін ростам 195 сантыметраў некалькі тыдняў трэніраваўся з «мяшкоўцамі» у чаканні трансфернага сертыфіката. І ўжо заўтра можа дэбютаваць у складзе клуба у гасцявым матчы супраць «Кронана». Пачатак паядынку ў 16.30, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы «Мяшкоў Брэст».

Хакеісты менскага «Дынама» завершаць выязную серыю матчам у Чарапаўцы

Хакеісты менскага «Дынама» сёння завершаць чарговае гасцявое турнэ ў рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Другім і заключным пунктам выязнога маршруту для каманды Дзмітрыя Квартальнава стаў горад Чарапавец, у якім грунтуецца найбліжэйшы для «зуброў» арыенцір у турнірнай табліцы Захаду – «Северсталь». Каманды з’яўляюцца суседзямі на працягу практычна ўсяго сезона: зараз «сталявары» сёмыя з 63 баламі, у менчукоў на 6 ачкоў менш і восьмая пазіцыя. У бягучым чэмпіянаце КХЛ каманды з Менска і Чарапаўца гулялі паміж сабой толькі аднойчы – 31 кастрычніка на чужой пляцоўцы мацней апынулася «Северсталь» 2:1.

Беларускае Радыё Рацыя