Футбалісты гарадзенскага “Нёмана” святкавалі другую перамогу на перадсезонным турніры “Белазавец-2024” у Жодзіне. Падначаленыя Ігара Кавалевіча перайгралі барысаўскі БАТЭ з лікам 3:2. У першым туры “Нёман” адолеў берасцейскі “Цэнтр футбола” – 2:1. У другім матчы бронзавыя прызёры чэмпіянату Беларусі футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” абыгралі берасцейцаў 2:1. У заключны дзень спаборніцтваў адбудуцца два паядынкі: “Тарпеда-БелАЗ” – “Нёман”, БАТЭ – “Цэнтр футбола”. Перадсезонны турнір у Жодзіне праводзіцца восьмы раз. Пераможцамі двух папярэдніх станавіліся футбалісты “Нёмана”.
Зборная Беларусі згуляе з футбалістамі Чарнагорыі ў Турцыі
Футбольная зборная Беларусі адкрые новы сезон у Турцыі таварыскім матчам з камандай Чарнагорыі. Сустрэча адбудзецца 21 сакавіка ў Анталіі. У чатырох папярэдніх сустрэчах чарнагорцы двойчы святкавалі перамогу над беларусамі, яшчэ два паядынкі завяршыліся ўнічыю. Другі спарынг новага сезона беларусы правядуць 26 сакавіка ў гасцях у зборнай Мальты.
Берасцейскае «Дынама» падпісала Баркоўскага
Футбольны клуб «Дынама-Брэст» паведамляе аб пачатку супрацоўніцтва з нападнікам Германам Баркоўскім. 21-гадовы форвард падпісаў кантракт, разлічаны на два гады – да канца сезона-2025, гаворыцца на сайце клуба. Баркоўскі нарадзіўся ў Бабруйску 25 чэрвеня 2002 года і пачаў займацца футболам у школе мясцовай “Белшыны”. На дарослым узроўні ён прадстаўляў родны для сябе клуб, а таксама “Іслач” і “Энергетык”-БДУ. У складзе “студэнтаў” Баркоўскі правёў 2023 год, на працягу якога зарэкамендаваў сябе як адзін з наймацнейшых маладых нападнікаў чэмпіянату Беларусі. За 23 матчы ён забіў 6 мячоў і аддаў 4 галявыя перадачы. Апроч выступу за клуб, летась Герман Баркоўскі рэгулярна выклікаўся ў моладзевую зборную Беларусі. Баркоўскі стаў сёмым пачаткоўцам «Дынама-Брэст» падчас зімовага міжсезоння. Раней каманду папоўнілі Яраслаў Арашкевіч, Уладзіслаў Лях, Мацвей Дукса, Максім Касараб, Арцём Турыч і Арцём Рахманаў.
Зідану прапанавалі ўзначаліць «Ліверпуль»
Экс-настаўнік мадрыдскага “Рэала” Зінедзін Зідан можа ўзначаліць “Ліверпуль”, — паведамляе Todofichajes. Паводле інфармацыі крыніцы, мерсісайдцы ўжо звязаліся з асяроддзем француза для ўдакладнення, ці гатовы ён працаваць у АПЛ. Аб яго адказе на дадзены момант невядома. Зідан атрымае ў “Ліверпулі” магчымасць запрасіць у каманду любога футбаліста, і клуб яго падпіша. Раней стала вядома, што галоўны трэнер англійскага клуба Юрген Клоп пакіне каманду ў канцы сезона. Аб гэтым ён абвясціў сам.
Расейскі нападнік Міхайлаў перайшоў у «Гомель»
22-гадовы расейскі форвард Даніл Міхайлаў перайшоў у «Гомель». Гулец дазаяўлены за каманду пад нумарам 15. У бягучым сезоне гуляў у ВХЛ за «Чэлны» ў 45 матчах «рэгуляркі», адзначыўся 18 (12+6) набранымі ачкамі пры паказчыку карыснасці «-7» і 18 штрафных хвілінах.
Беларускае Радыё Рацыя