У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне другога раунда кваліфікацыі кантынентальных турніраў.

Уладальнікі Кубка Беларусі футбалісты гарадзенскага “Нёмана” ў 2-м кваліфікацыйным раундзе Лігі канферэнцый двойчы сустрэнуцца з румынскім ЧФР з Клужа. Яшчэ два беларускія клубы стартуюць з першага раўнда. Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” згуляюць з малдаўскім “Мілсамі”, і ў выпадку перамогі будуць супернічаць з казахстанскай “Астаной”. Першым супернікам “Іслачы” з Менскага раёна будзе “Ла Фіярыта” з Сан-Марына. Пераможца гэтай пары ў другім крузе сустрэнецца з турэцкім клубам “Істанбул”. Матчы першага раунда пройдуць 11 і 18 ліпеня, другога – 25 ліпеня і 1 жніўня.
Менскае «Дынама» прапанавала «Пюніку» згуляць матч ЛЧ у Беларусі, армянскі клуб адмовіўся (Лычоў)
Менскае «Дынама» хацела правесці свой хатні матч першага кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў супраць «Пюніка» ў Менску. Як паведамляе інсайдэр Мікіта Лычоў, клуб выходзіў з такой прапановай на «Пюнік». Армянскі бок адмаўляецца ад гульні ў Беларусі на любых умовах. Канчатковая інфармацыя аб месцы правядзеньня сустрэчы з’явіцца да 21 чэрвеня. Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць хатнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал турніру WTA-500 у Берліне
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (19-ы нумар сусветнага рэйтынгу) выйшла ў чвэрцьфінал турніру WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 922,5 тысячы даляраў. У паядынку 1/8 фіналу беларуска абыграла турэцкую тэнісістку Зейнэп Сонмез – 6:3, 6:3. У чвэрцьфінале суперніцай Азаранкі будзе пераможца сустрэчы паміж прадстаўніцай Казахстана Аленай Рыбакінай і расейскай тэнісісткай Веранікай Кудзерметавай.
Хакеісты “Эдмантана” да мінімуму скарацілі адставанне ад “Фларыды” ў фінале Кубка Стэнлі
Хакеісты клуба “Эдмантан Ойлерз” да мінімуму скарацілі адставанне ад “Фларыды Пантэрз” у фінале Кубка Стэнлі сезона-2023/24. Мінулай ноччу ў пятым паядынку серыі за галоўны трафей НХЛ “нафтавікі” абыгралі “пантэр” на іх пляцоўцы з лікам 5:3. Гэта другая запар вікторыя “Эдмантана” пасля трох фіяска запар, і лік у серыі зараз 3:2 на карысць “Фларыды”.
Беларускае Радыё Рацыя