
У фінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў дортмундская «Барусія» згуляе з мадрыдскім «Рэалам». Іспанскі клуб вырваў перамогу ў «Баварыі» дзякуючы двум галам Хасэлу ў самай канцоўцы гульні — 2:1 (4:3 па суме дзвюх сустрэч). Прычым іспанец выйшаў на поле на 81-й хвіліне, а забіў на 87-й і 91-й. Футбалісты “Рэала” 18-ы раз згуляюць у фінале галоўнага кантынентальнага турніру, у іх актыве 14 перамог. Для «Барусіі» — трэці фінал (клуб мае 1 трафей Лігі чэмпіёнаў).Вырашальны матч 69-га сезона галоўнага клубнага турніру Еўропы пройдзе 1 чэрвеня на полі лонданскага стадыёна “Уэмблі”.
У фінале Кубка Беларусі згуляюць “Іслач” і “Нёман”
Футбалісты “Іслачы” ў дадатковы час звялі паядынак з “Тарпеда-БелАЗ” да нічыйнага выніку — 1:1. Па суме двух матчаў “Іслач” змагла стаць першым фіналістам Кубка краіны. Дарэчы, на апошніх хвілінах сустрэчы “аўтазаводцы” забілі другі мяч у браму “ваўкоў”, але галоўны суддзя не залічыў яго праз фол на Іллі Калачове.
Другім фіналістам Кубка стаў гарадзенскі “Нёман”. У гульні з менскім “Дынама” гарадзенцы перамаглі з лікам 2:0. Аўтарамі галоў сталі Ягор Зубовіч на 60-й і Андрэй Васільеў на 90-й хвіліне гульні.
БЧ і “УУС-Дынама” зраўнялі лік у 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Адбыліся чарговыя чвэрцьфінальныя сустрэчы 35-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У першым матчы гомельскі БЧ разграміў на сваёй арэне дзейных чэмпіёнаў краіны спартсменаў “Сталіцы” – 5:1 і зраўняў лік у серыі – 1:1. На сваёй арэне “сталічнікі” выйгралі 6:3. Вырашальны паядынак за выхад у паўфінал адбудзецца 12 траўня ў Менску.
У Гарадне мясцовы “УУС-Дынама” пасля гасцявой паразы ад аршанскага “Вітэна” 2:5 узяў рэванш – 4:3. Лёс пуцёўкі ў паўфінал вырашыцца 12 траўня ў Оршы. Першымі паўфіналістамі сталі спартоўцы “Мінска”, якія двойчы перамаглі землякоў з “Ахова-Дынама” з аднолькавым лікам – 4:3. Віцэ-чэмпіён краіны гомельскі ВРЗ таксама два разы адолеў сталічны клуб “Дынама-БНТУ” – 2:1 (дома) і 3:2 (у гасцях).
Баскетбалісткі “МІНСКА” другі раз перамаглі “Гарызонт” у фінале чэмпіянату Беларусі
Толькі ў самым пачатку другога паядынку за золата каманда Андрэя Ваўлева дазволіла суперніцам ненадоўга выйсці наперад, а потым поўнасцю завалодала ініцыятывай і перамагла з розніцай у 16 ачкоў – 80:64. Першая сустрэча таксама завяршылася буйной перамогай лідэраў сёлетняга сезона – 74:51. Такім чынам, калі 16 траўня ў трэцім матчы “МІНСК” выйграе, то заваюе свой сёмы чэмпіёнскі тытул.
Беларускае Радыё Рацыя






