BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У футбольным чэмпіянаце Беларусі наперадзе трыо

Футбалісты салігорскага “Шахцёра” адолелі на выездзе магілёўскае “Дняпро” ў заключным паядынку першага круга чэмпіянату Беларусі. Гуляючы ў Магілёве, госці здолелі вырваць перамогу на 86-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Дзяніса Кавалевіча – 3:2. Становішча ў групе лідараў пасля першай паловы турнірнай дыстанцыі: “Дынама” (Менск) – 35 ачкоў, “Тарпеда-БелАЗ” – 35, “Нёман” – 33.

Ляўшуноў і Протас падпісалі кантракты навічка з камандамі НХЛ

Беларускія хакеісты Арцём Ляўшуноў і Ілля Протас падпісалі трохгадовыя кантракты навічка з камандамі, якія выбралі іх на драфце НХЛ 2024 года. Арцём Ляўшуноў заключыў пагадненне з “Чыкага”, які абраў выхаванца жлобінскага хакея пад агульным другім нумарам драфта. Кантракт з камандай НХЛ разлічаны на 3 гады з зарплатай 975 тысяч даляраў у год. Калі беларус будзе гуляць за фарм-клуб у АХЛ, яго заробак складзе 85 тысяч у год. На гэтым тыдні Ляўшуноў браў удзел у лагеры развіцця “Блэкхокс”, а прабіцца ў асноўны склад клуба 17-гадовы гулец абароны паспрабуе ў вераснёўскім трэніровачным лагеры. На аналагічных умовах кантракт пачаткоўца з “Вашынгтонам” падпісаў нападнік Ілля Протас, якога “сталічныя” ўзялі ў трэцім раундзе драфта НХЛ.

Батутыст Літвіновіч здабыў перамогу на этапе Кубка свету ў Партугаліі.

Беларускі спартовец Іван Літвіновіч перамог на заключным этапе Кубка свету па скачках на батуце. Пяты і фінальны этап турніру 2024 года праходзіў у партугальскай Каімбры. У фінале індывідуальных спаборніцтваў у мужчын Літвіновіч набраў 62,720 бала і заваяваў золата, апярэдзіўшы срэбранага прызёра Вейдзяна Фу з Кітая амаль на два з паловай ачкі. Тройку прызёраў дапоўніў француз П’ер Гузу, іншы беларус Алег Рабцаў заняў сёмае месца.

Собаль стаў чэмпіёнам Беларусі ў групавой гонцы

На дарогах Гарадзенскага раёна завяршыўся чэмпіянат Беларусі па веласпорце на шашы. У заключны дзень спаборніцтваў адбыліся групавыя гонкі на 170 км у элітнай і маладзёжнай (U23) узроставых катэгорыях. У мужчын найлепшы вынік паказаў прадстаўнік Берасцейскай вобласці Яўген Собаль, другое месца заняў Мікіта Шульчанка са зборнай Расіі.

Украінка Магучых пабіла сусветны рэкорд 37-гадовай даўніны ў скачках у вышыню

Украінка Яраслава Магучых пабіла сусветны рэкорд у скачках у вышыню. На этапе «Дыяментавай лігі» ў Парыжы лёгкаатлетка скокнула на 2,10 м. Папярэдні рэкорд складаў 2,09 м., яго ўсталявала балгарка Стэфка Кастадзінава у 1987 годзе. Ён трымаўся 37 гадоў. 

Льюіс Хэмілтан стаў пераможцам “Гран-пры Вялікабрытаніі” і ўсталяваў рэкорд

Пераможцам “Гран-пры Вялікабрытаніі” – этапа чэмпіянату “Формулы-1” – стаў легендарны гоншчык “Мэрсэдэса” Льюіс Хэмілтан. Ён перамог у Сільверстоўне дзявяты раз – гэта рэкорд. Усяго Льюіс Хэмілтан выйграў за кар’еру 104 гонкі. Легендарны брытанец упершыню з 2021 года перамог у гонцы. Другім фінішаваў лідэр агульнага заліку Макс Ферстапен, трэцім – Ланда Норыс з Макларэн.

Беларускае Радыё Рацыя