BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты “Смаргоні” адолелі менскае “Дынама” ў матчы чэмпіянату Беларусі

Менскае “Дынама” саступіла футбалістам “Смаргоні” ў перанесеным гасцявым матчы 16-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў Смаргоні для абедзвюх каманд не мела турнірнага значэння – дынамаўцы ўжо забяспечылі сабе другі запар чэмпіёнскі тытул, а гаспадары пры любым зыходзе заставаліся на 12-й пазіцыі. У выніку паядынак завяршыўся перамогай смаргонскага клуба – 1:0. Адзіны мяч незадоўга да заканчэння першай паловы гульні забіў івуарыйскі паўабаронца гаспадароў поля Махамед Бамба. У 34-м чэмпіянаце краіны засталося правесці заключны матч – 7 снежня ў Берасці мясцовае “Дынама” прыме сталічных дынамаўцаў.

Салах можа перайсці ў ПСЖ

«Пары Сэн-Жэрмэн» вядзе перамовы з нападнікам «Ліверпуля» Махамедам Салахам аб пераездзе ў сталіцу Францыі пасля заканчэння яго кантракту ў канцы сезона, піша L’Equipe. З 1 студзеня гулец зборнай Егіпта можа свабодна весці перамовы з замежнымі клубамі, а паколькі яму яшчэ давядзецца дамовіцца аб падаўжэнні кантракту на «Энфілдзе», 32-гадовы гулец будзе даступны бясплатна наступным летам.

Хакеісты менскага “Дынама” абыгралі “Сібір”

Хакеісты менскага “Дынама” ўдала пачалі першую зімовую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У Навасібірску “зубры” перамаглі мясцовую “Сібір” 5:4 дзякуючы закінутым шайбам Ягора Борыкава, Ксаўе Уле, Брэды Лайла, Вадзіма Мароза і Віталя Пінчука. Гэтая перамога стала для сталічнага клуба першай пасля трох хатніх паразаў запар. Наша каманда набрала 36 балаў у 32 матчах і ўзнялася на сёмае месца ў Заходняй канферэнцыі, абышоўшы “Тарпеда”. Далей “зуброў” чакае падарожжа на Далёкі Усход, 4 снежня менчукі згуляюць з “Адміралам” ва Уладзівастоку.

Гол Мацярухіна прынёс “Магілёву” перамогу над лідарам экстралігі

Матчы ў Маладзечне, Баранавічах і Лідзе завяршылі гульнявую праграму панядзелка ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі. Лідыруючае ў экстралізе “Дынама-Маладзечна” раптоўна не знайшло аргументаў супраць “Магілёва”, які ідзе ў турнірнай табліцы перадапошнім. “Львы” з берагоў Дняпра ў выніку святкавалі поспех з лікам 2:1, аўтарам пераможнай шайбы стаў 18-гадовы сын галоўнага трэнера клуба Мацвей Мацярухін. Самы выніковы паядынак вечара быў згуляны ў Лідзе, дзе мясцовыя хакеісты нарэшце перапынілі серыю з дзевяці паразаў, адолеўшы “Лакаматыў” – 6:4. У яшчэ адным матчы дня “Авіятар” быў мацней за “Славуціч” 3:2, гэтая перамога стала для каманды ўсяго другой у бягучым сезоне.

Ласкевіч прабілася ў асноўную сетку турніру ITF у Дубаі

Беларуская тэнісістка Эвеліна Ласкевіч выйшла ў асноўную сетку турніру ITF-100 у Дубаі з прызавым фондам 100 тысяч даляраў. У вырашальным паядынку кваліфікацыі беларуска, якая займае 347-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграла казахстанскую тэнісістку Жыбек Куламбаеву, у якой 332-я пазіцыя, – 7:5, 6:7 (4:7), 6:1.

Беларускае Радыё Рацыя