BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты «Смаргоні» і «Дняпра» адкрыюць 7-ы тур чэмпіянату Беларусі

Футбалісты «Смаргоні» і магілёўскага «Дняпра» адкрыюць праграму 7-га тура чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі. У папярэднім туры абодва супернікі пацярпелі паразу з аднолькавым лікам 0:2 – смаргонская каманда саступіла на выездзе жодзінскім тарпедаўцам, а магіляўчане прайгралі чэмпіёну краіны менскаму «Дынама». Заўтра сталічныя дынамаўцы прымуць на сваёй арэне футбалістаў «Віцебска», а ў Гародні віцэ-чэмпіён Беларусі «Нёман» пасля двух паразаў запар паспрабуе здабыць перамогу ў паядынку з салігорскім «Шахцёрам».

Модрыч – самы ўзроставы гулец, які калі-небудзь гуляў за «Рэал» у Лізе чэмпіёнаў

У першым паўфінальным матчы Лігі чэмпіёнаў паміж «Баварыяй» і мадрыдскім «Рэалам», які завяршыўся з лікам 2:2, на поле выйшаў Лука Модрыч, які з гэтага часу з’яўляецца самым узроставым гульцом клуба ў Лізе чэмпіёнаў – 38 гадоў і 234 дні. Мінулы рэкорд належаў венгерскаму нападніку Ферэнцу Пушкашу – 38 гадоў і 229 дзён. На трэцім месцы брамнік Франсіска Буё. На чацвёртым і пятым Альфрэда Ды Стэфана і польскі брамнік Ежы Дудэк.

Расейскі абаронца Матыгулін працягне карʼеру ў жлобінскім «Металургу»

Расейскі абаронца Булат Матыгулін працягне карʼеру ў жлобінскім «Металургу», паведаміў журналіст Сцяпан Варанкоў. У мінулым сезоне 24-гадовы гулец абароны выступаў за «Іжсталь». У 48 гульнях ВХЛ у яго актыве 4 (2 + 2) ачкі, пры паказчыку карыснасці «-5». Адзначым, што Матыгулін у сезоне-2020/2021 правёў 18 гульняў у КХЛ за «Нафтахімік», дзе зарабіў 2 хвіліны штрафу і паказчык карыснасці «-6».

Сталі вядомыя чатыры з васьмі ўдзельнікаў другога раўнда плэй-оф НХЛ

У Нацыянальнай хакейнай лізе вызначылася палова ўдзельнікаў другога раўнда плэй-оф Кубка Стэнлі. У ноч на сераду завяршылася серыя першага раўнда Усходняй канферэнцыі паміж «Каралінай» і «Нью-Ёрк Айлендэрс», пяты паядынак супрацьстаяння адбыўся на пляцоўцы «ўраганаў». Пасля двух перыядаў на табло гарэлі роўныя лічбы, але ў заключным гульнявым адрэзку гаспадары адправілі ў чужую брамку тры шайбы ў адказ і забралі перамогу і ў матчы 6:3, і ў серыі – 4:1. У паўфінале канферэнцыі «Караліна» сустрэнецца з яшчэ адной камандай з Нью-Ёрка – «Рэйнджэрс», якая выйграла рэгулярны чэмпіянат. У першым раўндзе «рэйнджары» прайшлі «Вашынгтон Кэпіталз», не прайграўшы сталічнаму клубу ніводнага матча 4:0. Раней у другі раўнд выйшлі і хакеісты «Фларыды», якія адолелі суседзяў па штаце з «Тампы-Бэй» 4:1. Наступны супернік «пантэр» вызначыцца ў серыі «Бостана» і «Таронта», пасля пяці гульняў у гэтай пары наперадзе бостанцы 3:2. Таксама вызначыўся першы ўдзельнік паўфіналаў Заходняй канферэнцыі – ім стаў «Каларада», які выбіў з барацьбы «Вініпег». «Лавіны» саступілі канадскаму клубу ў стартавым матчы серыі, але затым святкавалі чатыры перамогі запар.

Беларускае Радыё Рацыя