BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты “Смаргоні” здабылі першую перамогу ў бягучым чэмпіянаце

Футбалісты “Смаргоні” здабылі першую перамогу ў матчах новага чэмпіянату Беларусі. Пасля двух буйных паразаў смаргонская каманда абыграла ў гасцях футбалістаў “Менска” з лікам 3:2. У актыве менчан пакуль адно ачко – у мінулы ўік-энд яны згулялі ўнічыю з чэмпіёнам краіны сталічным “Дынама” 0:0, а ў першым туры саступілі барысаўскаму БАТЭ 0:1. Футбалісты “Смаргоні” прайгралі дынамаўцам Менска 0:5 і Берасця 1:4. У першым паядынку дня дзяржынскі “Арсенал” разышоўся мірам з футбалістамі “Віцебска” – 1:1. Сёння пройдуць яшчэ тры паядынкі: “Слуцк” прымае “Днепр”, БАТЭ – “Гомель”, а “Шахцёр” пазмагаецца з берасцейскім “Дынама”.

Беларускія футбалісткі абгулялі кіпрыётак у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы

Жаночая зборная Беларусі па футболе пераможна стартавала ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы. У дэбютным паядынку квартэта С1 беларускі перайгралі каманду Кіпра з лікам 3:0. Ужо на 2-й хвіліне гульні вызначылася Ксенія Кубічная, а незадоўга да перапынку Анастасія Шупа рэалізавала пенальці. У самым канцы другой паловы сустрэчы Анастасія Шлапакова ўсталявала канчатковы лік – 3:0 на карысць беларусак.

Свой наступны матч адборавага турніру кантынентальнага першынства каманда Юрыя Малеева таксама правядзе ў кіпрскай Ахне 9 красавіка супраць зборнай Грузіі.

Беларускія барцы грэка-рымскага стылю не атрымалі алімпійскія ліцэнзіі

У еўрапейскім адборы ў Баку беларускія барцы грэка-рымскага стылю засталіся без алімпійскіх ліцэнзій, паведамляе прэс-служба НАК Беларусі. У спаборніцтвах удзельнічалі пяцёра беларускіх спартоўцаў. Ліцэнзію на ўдзел у Алімпіядзе даваў выхад у паўфінал турніру. Да чвэрцьфіналу дайшлі беларускія барцы Глеб Макаранка і Кірыл Мацкевіч, але ў паўфінал яны не выйшлі.

Беларусы выйгралі сем медалёў Кубка свету па самба ў Арменіі

У сталіцы Арменіі Ерэване завяршыўся Кубак свету па самба, удзел у якім бралі беларускія атлеты. На спаборніцтвах выступілі 170 атлетаў з 14 краін. У другі дзень спаборніцтваў медалі турніру разыгралі прадстаўнікі мужчынскага баявога і жаночага спартовага самба. Адзінай фіналісткай Кубка свету з Беларусі стала Дыяна Хахлова, якая выступае ў вагавай катэгорыі да 54 кг. У паядынку за золата яна саступіла Лізавеце Хачыкавай і стала ўладальніцай срэбра. Таксама на трэцюю прыступку п’едэстала ў вазе да 80 кг узнялася Карына Шут – яна пацярпела паразу ў паўфінале ад Алены Аленавай з Расіі. Такім чынам, на Кубку свету ў Ерэване беларускія самбісты заваявалі 7 медалёў – 1 срэбраную і 6 бронзавых.

Змушко і Куляшова атрымалі перамогі ў чацвёрты дзень чэмпіянату краіны па плаванні

У Берасцейскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту працягваецца Адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па плаванні. На спаборніцтвах выступаюць каманды абласцей Беларусі і Менска, а таксама спартсмены з Расіі. У чацвёрты дзень турніру плыўцы вызначалі наймацнейшых у сямі відах праграмы. У жанчын на дыстанцыі 200 м комплексным плаваннем перамагла прадстаўніца Гомельшчыны Аліна Змушко, а на стометроўцы батэрфляем найлепшай стала мінчанка Анастасія Куляшова. У абодвух фіналах другія вынікі паказвала Анастасія Шкурдай. Найлепшы час на “палцінніку” вольным стылем прадэманстравала Ганна Чудзіна з Гарадзенскай вобласці. Сярод мужчын на дыстанцыі 50 м на спіне першынстваваў Віктар Стасяловіч са сталічнай каманды, фінал на 200 м вольным стылем выйграў Уладзіслаў Макарэвіч з Берасцейшчыны, а ў вырашальным заплыве на дыстанцыі ў чатыры разы даўжэй выйграў мінчанін Канстанцін Курачкін. Акрамя таго, у змешанай эстафеце 4х100 м комплексам перамог квартэт са сталіцы,.

Азаранка прайграла ў 1/8 фіналу турніру WTA-500 у Чарльстане

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка завяршыла выступы на турніры WTA-500 у амерыканскім Чарльстане з прызавым фондам 922 тысячы даляраў. У 1/8 фіналу беларуска саступіла ў трохсэтавым паядынку амерыканцы Джэсіцы Пегуле – 4:6, 6:3, 6:7 (7:9).

Беларускае Радыё Рацыя