
Фота: УЕФА
Футбалісты зборнай Швейцарыі прабіліся ў плэй-оф чэмпіянату Еўропы. У заключным паядынку папярэдняй групы А швейцарцы згулялі ўнічыю з гаспадарамі Еўра футбалістамі Германіі – 1:1. Швейцарцы выйшлі наперад у сярэдзіне першага тайма, калі вызначыўся Дэн Ндае, а незадоўга да фінальнага свістка Ніклас Фюлькруг забіў мяч у адказ. У іншым матчы венгры адолелі шатландцаў, забіўшы пераможны мяч на 10-й кампенсаванай хвіліне другога тайма – 1:0. Сёння сустрэчы трэцяга тура адбудуцца ў квартэце В. Футбалісты зборнай Іспаніі, якія ўжо забяспечылі сабе першае месца, сустрэнуцца з албанцамі, а чэмпіёны кантынента італьянцы будуць супернічаць з харватамі.
Менскае “Дынама” абыграла “Нёман” у цэнтральным матчы тура
Футбалісты менскага “Дынама” перамаглі гарадзенскі “Нёман” у цэнтральным паядынку 13-га тура чэмпіянату Беларусі. На 38-й хвіліне сустрэчы гаспадары атрымалі права на пенальці, які рэалізаваў Павел Сядзько. Пасля перапынку госці зайгралі мацней, і на 67-й хвіліне Гулжыгіт Алыкулаў зраўняў лік. І ўсё ж мінчане дамагліся перамогі – на 85-й хвіліне вызначыўся 17-гадовы нападнік Трафім Мельнічэнка. Таксама лідары першынства, футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗ”, адолелі на сваім полі “Іслач” – 1:0. Пераможны мяч на 90-й хвіліне сустрэчы забіў Ілля Васілевіч. Для аўтазаводцаў гэта чацвёртая вікторыя запар. Футбалісты “Віцебску” адолелі на выездзе магілёўскі “Днепр” з лікам 2:1.
Шчэнсны пагадзіўся перайсці ў «Аль-Наср»
Польскі галкіпер «Ювентуса» Войцэх Шчэнсны пяройдзе ў «Аль-Наср», паведамляе Football-Italia. Паводле інфармацыі крыніцы, спачатку Шчэнсны не планаваў пераход гэтым летам, але ўрэшце рэшт пагадзіўся падпісаць двухгадовы кантракт на суму каля 19 мільёнаў еўра ў год. «Аль-Наср» заплаціць «Ювентусу» прыкладна 4 мільёны еўра. Кантракт паляка з “Ювентусам” дзейсны да 2025 года. За «Ювентус» ён выступае з 2017-га.
Гарноська ўзяла срэбра ў практыкаванні з абручом на этапе Кубка свету ў Мілане
У італьянскім Мілане завяршыўся пяты і заключны этап розыгрышу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. Адзінай беларускай прадстаўніцай на гэтым этапе была лідар нацыянальнай каманды Аліна Гарноська. Напярэдадні ў Мілане адбыліся спаборніцтвы ў шматбор’і, па выніках якіх Аліна заняла сёмае месца сярод 48 удзельніц. Таксама наша гімнастка прайшла кваліфікацыю ў нядзельныя фіналы з абручом і мячом. У практыкаванні з абручом Гарноська стала ўладальніцай срэбра. Такім чынам, за пяць этапаў Кубка свету Гарноська заваявала тры медалі: раней Аліна выйграла бронзу ў шматбор’і на стартавым турніры ў Афінах у сакавіку і золата ў практыкаванні са стужкай.
Пегула выйграла турнір WTA-500 у Берліне
Амерыканская тэнісістка Джэсіка Пегула стала пераможцай турніру WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 922,5 тысячы даляраў. У фінале амерыканка адолела ў трохсэтавым паядынку расейку Ганну Калінскую – 6:7 (0:7), 6:4, 7:6 (7:3). Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 33 хвіліны. На шляху да вырашальнай сустрэчы Калінская выбіла з барацьбы беларускіх тэнісістак Арыну Сабаленку і Вікторыю Азаранку.
Беларускае Радыёё Рацыя






