
Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” перамаглі БАТЭ ў паядынку 19-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на полі “Барысаў-Арэны” пачалася з атак гасцей, і ўжо на 9-й хвіліне Вадзім Пабудзей адкрыў лік. У пачатку другога тайма Максім Скавыш забіў другі гол у браму барысаўчан, а незадоўга да фінальнага свістка Аралхан Аміртаеў адыграў адзін мяч – 2:1 на карысць тарпедаўцаў. Таксама лідар першынства гарадзенскі “Нёман”, прайграючы 0:1, адолеў на сваім полі магілёўскі “Днепр” – 3:1, дзякуючы галам Савіцкага, Алыкулава і Панці.
“Катавіцэ” абыграў “Ягелонію” – гэта пятая запар параза беластачан
«Ягелонія» прайграла ў матчы 6-га тура PKO Ekstraklasa на выездзе ГКС Катавіцэ з лікам 1:3. Варта дадаць, што пачатковец са сталіцы Верхняй Сілезіі перамог заслужана, і маштаб няўдачы падляшскай каманды мог быць значна большым. Жоўта-чырвоныя гулялі без капітана Тараса Раманчука, які атрымаў траўму. Адзіны гол за беластачанаў забіў Афіміка Пулулу. Гэта пятая запар параза беластачанаў ва ўсіх турнірах.
“Мяшкоў Брэст” выйграў агульны фінал SEHA-лігі
“Мяшкоў Брэст” стаў пераможцам агульнага “Фіналу чатырох” SEHA-лігі, які праходзіў у турэцкім горадзе Болу. У вырашальным паядынку чэмпіёны Беларусі абыгралі гандбалістаў паўночнамакедонскага клуба “Еўрафарм Пелістэр” з лікам 35:31. У паўфінале берасцейцы выйгралі ў грэчаскага АЕКа з Афін – 29:28. У гульні за бронзу “Чэхаўскія мядзведзі” перамаглі АЕК з лікам 26:24.
Беларусы заваявалі 11 узнагарод чэмпіянату свету па веславанні на байдарках і каноэ
На Самаркандскім вяслярным канале ва Узбекістане завяршыўся чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ. Удзел у планетарным форуме прынялі каля 300 весляроў з 48 краін. Прадстаўнікі беларускай каманды выйгралі 4 залатыя, 4 срэбраныя і 3 бронзавыя медалі. Чэмпіёнамі свету сталі Алена Наздрова (каноэ-адзіночка, 1000 м), Мікіта Борыкаў і Алег Юрэня (байдарка-двойка, 1000 м), Юлія Трушкіна і Іна Нядзелькіна (каноэ-двойка, 500 м), а таксама квартэт у складзе: Надзея Куш, Вольга Худзенка, Уладзіслаў Кравец і Дзмітрый Натынчык (байдарка-чацвёрка, 500 м, мікст).
Беларускае Радыё Рацыя






