У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе завяршыліся першыя паядынкі чвэрцьфінальнай стадыі. Дзейныя ўладальнікі трафея футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» перамаглі салігорскі «Шахцёр» 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў першай палове сустрэчы: на 15-й хвіліне Вадзім Пабудэй рэалізаваў пенальці, а потым вызначыўся Вадзім Мякіш. У другім матчы барысаўскі БАТЭ на полі ФК «Мінск» прымаў чэмпіёнаў краіны футбалістаў сталічнага «Дынама» і саступіў з лікам 0:1. Пераможны гол на 72-й хвіліне гульні забіў Арцём Сакалоўскі. Раней два першыя чвэрцьфіналы завяршыліся буйнымі перамогамі. Віцэ-чэмпіён Беларусі «Нёман» разграміў у Гародні футбалістаў «Мінска» – 3:0, а «Іслач» з Менскага раёна на выездзе выйграла ў «Віцебска» – 4:1. Паядынкі ў адказ за трапленне ў паўфінал пройдуць 9 і 10 сакавіка.
«Манчэстэр Сіці» і «Рэал» прабіліся ў 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў
Пасля сустрэч у адказ 1/8 фіналу вызначыліся чарговыя чвэрцьфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Англійскі «Манчэстэр Сіці» абыграў дацкі «Капенгаген» з лікам 3:1. У першай гульні ў сталіцы Даніі дзейныя пераможцы галоўнага кантынентальнага турніру выйгралі з такім жа лікам. Самы тытулаваны клуб Старога Свету мадрыдскі «Рэал» на сваім полі згуляў унічыю з нямецкім «Лейпцыгам» – 1:1. У Германіі чэмпіёны Іспаніі перамаглі з лікам 1:0. Раней у чвэрцьфінал прабіліся мюнхенская «Баварыя», якая адолела па суме дзвюх сустрэч рымскі «Лацыё», а таксама французскі «Пары Сэн-Жэрмэн», які перайграў іспанскі «Рэал Сасьед». Астатнія паядынкі ў адказ за выхад у 1/4 фіналу адбудуцца на наступным тыдні.
«Дынама» скараціла адставанне ў серыі з маскоўскімі аднаклубнікамі
Хакеісты менскага «Дынама» святкавалі першую перамогу ў стартавым раўндзе плэй-оф Заходняй канферэнцыі Кантынентальнай хакейнай лігі. На шостай хвіліне шайба пасля кісцевага кідка Рамана Гарбунова прапаўзла пад галкіперам суперніка – 1:0. У сярэдзіне другога перыяду менчукі ў большасці стварылі некалькі небяспечных момантаў, адзін з якіх увянчаўся скончыўся дакладным кідком Ніка Мёрклі. Крыху пазней у меншасці засталіся ўжо «зубры», пасля чаго госці таксама скарысталіся сваёй магчымасцю. Цікава, што гол збудавалі былыя гульцы «зуброў»: Брэнан Мэнэл зрабіў накід, а Седрык Пакет падставіў клюшку. У заключнай трэці масквічы рынуліся адыгрывацца, але нарваліся на контратаку гаспадароў, якую завяршыў усё той жа Мёрклі, які аформіў дубль. Фінальны лік – 3:1 на карысць менскага «Дынама». Такім чынам, менская каманда скараціла адставанне ў серыі да чатырох перамог – 1:2. Наступны паядынак паміж камандамі ў пятніцу таксама прыме «Менск-Арэна», сустрэча стартуе ў 17.00.
Менскі СКА выйшаў у «Фінал чатырох» SEHA-лігі
Гандбалісты менскага СКА выйшлі ў «Фінал чатырох» дывізіёна «Усход» SEHA-лігі. У апошнім паядынку чвэрцьфінальнай стадыі фіналісты мінулага сезона перайгралі на сваёй арэне пецярбургскі «Зеніт» з лікам 31:30. На мінулым тыдні ў Санкт-Пецярбургу менчукі выйгралі 32.27. Да гэтага ў вырашальны этап прабіліся дзеючыя пераможцы гэтых спаборніцтваў гандбалісты клуба «Мяшкоў Брэст», якія перамаглі «Машэку» з Магілёва, «Чэхаўскія мядзведзі», якія перайгралі «Пермскіх мядзведзяў», і стаўрапольскі «Віктар», які сенсацыйна адолеў чэмпіёнаў Расеі гандбалістаў маскоўскага ЦСКА. «Фінал чатырох» дывізіёна «Усход» SEHA-лігі пройдзе з 31 траўня па 2 чэрвеня на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу «Вікторыя».
Параза ад «Астаны» стала 30-й для «МІНСКА»
Баскетбалісты «МІНСКА» пацярпелі 30-е фіяска ў рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. Менчукі саступілі ў гасцях баскетбалістам «Астаны» 70:76. У складзе беларускага клуба самым выніковым стаў Джарэд Агунгбемі-Джэксан, які набраў 28 ачкоў. Два наступныя паядынкі БК «МІНСК» правядзе на сваёй арэне – 9 сакавіка супраць МБА, а 17 сакавіка – супраць «Самары».
Беларускае Радыё Рацыя






