BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты зборнай Беларусі ў Турцыі прайгралі Чарнагорыі

Футбалісты зборнай Беларусі ў Турцыі прайгралі Чарнагорыі — 0:2. Гэта быў першы сёлета паядынак беларускай зборнай. Таварыскі матч прайшоў у Анталіі. Беларусы маглі адыграцца. Спачатку Дзяніс Лапцеў забіў гол, які не залічылі — турэцкія арбітры вырашылі, што быў афсайд. Пасля на 74-й хвіліне Макс Эбонг не рэалізаваў пенальці. У складзе беларускай зборнай дэбютаваў Максім Кірэеў, які выступае за бельгійскі “Льерс”. 26 сакавіка на Мальце ў беларусаў будзе таварыскі матч з мясцовай зборнай.

Польшча не пакінула шанцаў Эстоніі і згуляе вырашальны матч з Уэльсам

Зборная Польшчы па футболе згуляла з Эстоніяй у першым раўндзе плэй-оф за выхад на чэмпіянат Еўропы. Каманда Міхала Пробежа без праблем ліквідавала свайго суперніка. Роберт Левандоўскі правёў на полі ўсе 90 хвілін.
На 22-й хвіліны лік адкрыў Пшэмыслаў Франкоўскі пасля выхаду сам-насам з галкіперам. Праз пяць хвілін Эстонія засталася удзесяцёх пасля выдалення свайго абаронцы. На 50-й хвіліне Нікола Залеўскі абышоў суперніка па левым краі і пераправіў мяч у штрафную, а Пётр Зялінскі падвоіў перавагу палякаў. На 70-й хвіліне дакладным ударам адзначыўся Якуб Пятроўскі. А на 74-й хвіліне пасля чарговай акцыі Залеўскага эстонскі абаронца накіраваў мяч ва ўласную браму.
Аднак на гэтым галы ў гэтай сустрэчы не скончыліся. На 77-й хвіліне Себасцьян Шыманьскі павялічыў лік, а літаральна праз імгненне Гусар забіў ганаровы гол для Эстоніі. Польшча выйграла з лікам 5:1 і выйшла ў наступны раўнд плэй-оф. У вырашальным матчы за выхад на Еўра Польшча сустрэнецца з Уэльсам, які разграміў Фінляндыю з лікам 4:1.

Вызначыліся пары фіналістаў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы

Пасля паўфінальных сустрэч кваліфікацыі сталі вядомы ўсе ўдзельнікі вырашальных паядынкаў за выхад у фінал чэмпіянату Еўропы.
Футбалісты Грузіі перамаглі ў Тбілісі каманду Люксембурга з лікам 2:0 і паспрачаюцца са зборнай Грэцыі, якая разграміла ў Афінах каманду Казахстана – 5:0. Зборная Украіны адолела ў Зеніцы каманду Босніі і Герцагавіны 2:1 і згуляе з ісландцамі, якія перамаглі ізраільцян 4:1.
Вырашальныя матчы за трапленне на чэмпіянат кантынента адбудуцца 26 сакавіка. Фінальны этап 17-га чэмпіянату Еўропы пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня на футбольных арэнах Германіі.

Азаранка прабілася ў трэці раўнд турніру WTA-1000 у Маямі

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка прабілася ў 1/16 фіналу турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 8 мільёнаў 700 тысяч даляраў. Мінулай ноччу экс-першая ракетка планеты, якая займае зараз 32-е месца ў сусветным рэйтынгу, ва ўпартай барацьбе перайграла ў трохсэтавым паядынку амерыканку Пэйтан Стырнс, у якой 67-я пазіцыя, – 7:5, 3:6, 6:4. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 47 хвілін. Наступнай суперніцай беларускі будзе кітайская тэнісістка Сіньвэнь Жон (7-ы нумар сусветнага рэйтынгу).

Беларускае Радыё Рацыя