Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі стартавалі з нічыі у новым сезоне Лігі нацый.
У першым намінальна хатнімі паядынку групы С3 у венгерскім горадзе Залаэгерсег беларусы разышліся мірам з камандай Балгарыі – 0:0. Балгары з самага пачатку захапілі ініцыятыву, шмат атакавалі, стварылі некалькі небяспечных момантаў, але галкіпер Фёдар Лапаўхаў адбіў усе пагрозы. Пасля перапынку гульня выраўнялася, але нікому з супернікаў так і не ўдалося вызначыцца. У другой сустрэчы гэтага квартэта футбалісты Паўночнай Ірландыі абыгралі ў Белфасце зборную Люксембурга – 2:0. У другім туры 8 верасня беларусы згуляюць у гасцях з камандай Люксембурга, а 12 кастрычніка зноў у Венгрыі будуць супернічаць з футбалістамі Паўночнай Ірландыі.

Польшча абгуляла Шатландыю ў матчы Лігі нацый УЕФА
У матчы 1-га тура групы 1 Лігі А Лігі нацый УЕФА зборная Польшчы ў гасцях абыграла каманду Шатландыі. На восьмай хвіліне лік у матчы быў адкрыты паўабаронцам Польшчы Себасцьянам Шыманьскім, якому асіставаў Роберт Левандоўскі. На 23-й хвіліне закаціў мяч у браму Польшчы Скот Мактомінэй, але пасля прагляду відэапаўтору была зафіксаваная гульня рукой, з прычыны чаго гол быў адменены. Адзначыўся і сам Левандоўскі, забіўшы на 44-й хвіліне сустрэчы. Адзін мяч на 46-й хвіліне адыграў хаўбек Шатландыі Білі Гілмар. Наступным вызначыўся Мактомінэй, забіўшы гол на 76-й хвіліне матчу. Заключны мяч у гульні на 90+7-й хвіліне забіў Нікола Залеўскі, усталяваўшы канчатковы лік — 3:2.
Дубль Пінчука і шатаўт Карэева прынеслі “Дынама” перамогу ў стартавым матчы сезона КХЛ
Хакеісты мінскага “Дынама” правялі першы паядынак у рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У матчы адкрыцця сезона падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі хабараўскі “Амур”. Для таго каб павесці ў ліку, гаспадарам спатрэбілася шэсць хвілін – аўтарам першага гола мінчан у сезоне стаў Віталь Пінчук. Усяго праз паўтары хвіліны гаспадары падвоілі перавагу: Раман Гарбуноў разабраўся з абаронцамі і выкаціў перадачу на Вадзіма Мароза. У другім перыядзе адну шайбу 15 тысяч гледачоў на “Мінск-Арэне” таксама убачылі: незадоўга да адыходу на перапынак Пінчук аформіў дубль – у выніку – 3:0 на карысць сталічнага клуба.
Сабаленка прабілася ў фінал адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў фінал адкрытага чэмпіянату ЗША. Мінулай ноччу другая ракетка планеты сустракалася з амерыканскай тэнісісткай Эмай Навара, якая займае 12-е месца ў сусветным рэйтынгу, і выйграла ў двух сэтах – 6:3, 7:6 (7:2). Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 33 хвіліны. Суперніцай Сабаленкі ў вырашальным паядынку будзе амерыканская тэнісістка Джэсіка Пегула (6-ы нумар рэйтынгу WTA), якая перамагла чэшку Караліну Мухаву (52) – 1:6, 6:4, 6:2.
Беларускае Радыё Рацыя






