
фотa: x.com/SerieA_EN)
Берасцейскае «Дынама» працягвае пераможную серыю
Двума матчамі ў пятніцу прадоўжыўся 10 тур чэмпіянату Беларусі па футболе. Менская «Іслач» прымала на сваім полі дзяржынскі «Арсенал» і разграміла каманду з райцэнтру – 4:0. Ужо ў першым тайме па дублю аформілі Максім Кавалевіч і Іван Ціхаміраў.
У іншым паядынку ў Віцебску зышліся мясцовы аднайменны клуб і адзін з лідараў чэмпіянату – берасцейскае «Дынама». Заходнікі ўпэўнена перамаглі 3:1 Ужо звыкла мячы за іх забілі Міхаіл Гардзяйчук, Ягор Карцоў, а тасама Дзяніс Кавалевіч. Берасцейцы набралі 21 ачко і выйшлі пакуль на 2-е месца.
Свята ў Неапалі
У чэмпіянаце Італіі ў гэты дзень, прычым у апошнім туры, развязалася чэмпіёнская інтрыга. «Напалі» дома сустракаўся з асабліва нематываваным «Кальяры» і перамог 2:0. Вырашальныя мячы забілі шатляндзец Скот Мактомінэй і бельгіец Рамелу Лукаку. Да чацвёртага чэмпіёнства ў гісторыі неапалітанцаў на гэта раз прывёў трэнер Антоніё Контэ.
У паралельным матчы іншы прэтэндэнт на золата – міланскі «Інтэр» у гасцях адолеў серадняка – клуб «Кома» 2:0, але змушаны задаволіцца серабром.
У іспанскай прымеры севільскі «Беціс», які раней ужо забяспечыў сабе месца ў Лізе Еўропы, прымаў на сваім стадыёне «Валенсію» – нічыя 1:1.
У фінале Еўралігі сустрэнуцца «Фенербахчэ» і «Манака»
У баскетбольнай Еўралізе прайшлі паўфінальныя баталіі заключнай стадыі – так званага Фіналу чатырох. Цікава, што гэты квартэт якраз быў лепшым і па выніках рэгулярнага першынства, прайшоўшы пазней чвэрцьфінальную стадыю.
У першым надзвычай прынцыповым спаборы змагаліся турэцкі «Фенербахчэ» і грэчаскі «Панацінаікас». Стамбульскі клуб упэўнена выйграў першую чвэрць, а далей утрымліваў сваю перавагу – выніковыя 82:76.
У другім матчы яшчэ адзін клуб з Грэцыі – пірэйскі «Алімпіякас» змагаўся з камандай «Манака». Тут вікторыя дасягнула каманда з суверэннага княства – 78:68.
У фінале сустрэнуцца «Фенербахчэ» і «Манака».
Прэс-служба ФІБА афіцыйна абвесціла, што сталіца Іспаніі Мадрыд прыме фінальную стадыю Еўрабаскету 2029 года. Матчы групавога раўнду пройдуць у Грэцыі, Славеніі, Іспаніі і Эстоніі. А наступныя стадыі толькі на Пірэнейскім паўвостраве.
Апошні раз Іспанія прымала баскетбольны еўрачэмпіянат у 2007 годзе, тады яе каманда выйшла ў фінал.
Лука Модрыч пераходзіць у «Маямі Інтэр»
Мадрыдскі футбольны «Рэал» афіцыйна абвесціў, што галоўны трэнер каманды італьянец Карла Анчэлоці паікдае клуб. Бакі прыйшлі да пагаднення скасаваць дзейсны кантракт. Раней паведамлялася, што новым галоўным рулявым «сметанковых» стане Хабі Алонса, які прыходзіць на капіатнскі мосцік пасля паспяховай працы з леверкузенскім «Байерам».
Іншая вестка з каралеўскага клуба: харвацкі паўабаронца Лука Модрыч завяршыў свае доўгія выступы за мадрыдскую каманду і пераходзіць у амерыканскі «Інтэр Маямі». Паводле рэсурсу Mundo Deportivo яго папрасіў падпісаць яшчэ ў красавіку 2024 года Ліанэль Месі, які апошні час выступае якраз за каманду з Маямі. Кантракт Модрыча будзе падпісаны на год, а яго заробак складзе ажно 2 з паловай мільёны даляраў.
Анонсы дня
Напрыканцы два важнейшыя анонсы. У суботу вызначацца фіналісты хакейнага чэмпіянату свету, што праходзіць у Швецыі і Даніі. А 14.20 паводле сярэдняеўрапейскага часу на лёд выйдуць дружыны Швецыі і ЗША, гэты матч спецыялісты называюць датэрміновым фіналам. А ў 18.20 скрыжуюць клюшкі зборная Швайцарыі і сенсацыйная каманда Даніі. Напэўна будзе горача.
Сёння вызначацца таксама чэмпіён і прызёры польскага футбольнага чэмпіянату. Беластоцкая «Ягелонія» дома прымае «Пагоню» з Шчэціна – напомню, што для захавання трэцяга месца падляшскаму клубу дастаткова згуляць унічыю. У паралельных матчах познаньскі «Лех» будзе прымаць «Пяст» з Глівіцэ, а чэнстахоўскі «Ракув» дома пазмагаецца з лодзінскім «Відзэвам». У завочным спаборы за золата «Лех» на адно ачко апярэджвае чэнстахоўцаў.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя