
Пасля месяцавага перапынку аднавіліся гульні групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў.
Учора былі згуляныя першыя 9 матчаў 7 тура.
Казахстанскі «Кайрат» у Алматы пацярпеў паразу ад бельгійскага «Бруге» з лікам 1:4.
Беларускія легіянеры клуба Аляксандр Мартыновіч і Валер Грамыка выйшлі на поле ў стартавым складзе і адыгралі ўвесь матч, галявымі дзеяннямі не вызначыліся.
Пасля гэтага выніку «Кайрат» страціў нават тэарэтычныя шанцы на выхад у плэй-оф. Каманда займае апошняе месца ў турнірнай табліцы, маючы ў актыве толькі адно ачко пасля сямі згуляных матчаў.
Заключную гульню турніру «Кайрат» правядзе ў Лондане супраць «Арсенала» 28 студзеня.
Нарвежскі «Будзё/Глімт» на сваім полі нанёс сенсацыйную паразу ангельскаму «Манчэстэр Сіці» з лікам 3:1.
Пры гэтым «зубныя шчоткі» вялі ў ліку 3:0 і толькі на 60 хвіліне «гараджане» змаглі адквітаць адзін гол, пасля якога Родры цягам дзьвух хвілінаў з 61 па 62 схапіў дзьве жоўтыя карткі і пакінуў сваю каманду ў меншасці, як і на спадзевы на лепшы вынік.
Італьянскі «Інтэр» на стадыёне «Сан Сіро», які неўзабаве прыме ў Мілане цырымонію адкрыцця зімовай Алімпіяды, прайграў з лікам 1:3 ангельскаму «Арсеналу».
Грэцкі «Алімпіякас» з лікам 2:0 адужаў нямецкі «Баер». Прычым першы гол грэкі забілі на старце першага тайме на 2 хвіліне, а другі – немцам «у распранальню» на 46 хвіліне.
Гішпанскі «Рэал» у Мадрыдзе разграміў манегаскае «Манака» з непрыстойным лікам 6:1.
«Капенгаген» у Даніі згуляў унічыю 1:1 з італьянскім «Напалі». Пры тым, што гаспадары з 35 хвіліны гралі ў меншасці, пасля саступалі ў ліку і здолелі на 72 хвіліне яго параўняць і ўтрымаць.
Партугальскі «Спортынг» у Лісабоне перамог дзеючага чэмпіёна – французскі «ПСЖ» з лікам 2:1. Пры тым, што адкрыў лік на 74-й і забіў пераможны гол на 90 хвіліне – Луіс Суарэс.
«Тотэнхем» у Лондане скарыстаўся прамым выдаленнем на 24 хвіліне гульні Свэнсана ў складзе нямецкай «Барусіі» з Дортмунда і перайграў яе з лікам 2:0.
Гішпанскі «Вільярэал» на сваім полі бязвольна саступіў «Аяксу» з лікам 1:2. Пераможны гол нідэрландцы забілі на 90-й хвіліне гульні.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. «Вашынгтон» Аляксея Протаса прайграў «Каларада» Іллі Салаўёва з лікам 2:5. Протас правёў на лёдзе 18 хвілін 34 секунды. А Салаўёў – 8 хвілін 2 секунды. Ні Аляксей, Ні Ілля выніковых балаў у «беларускім» дэрбі не набралі.
«Філадэльфія» Аляксея Коласава адолела «Вегас» з лікам 2:1. Беларус застаўся ў запасе і не выйшаў на лёд.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова перамог «Вініпег» з лікам 2:0. Беларус правёў на лёдзе 19 хвілін 12 секунд і дзейсных балаў не набраў.
«Калгары» Ягора Шаранговіча саступіў «Нью-Джэрсі» у авертайме з лікам 1:2.
27-гадовы беларускі нападаючы «Калгары» Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 17 хвілін 4 секунды, за гэты час балаў не набраў і перапыніў сваю асабістую трохматчавую выніковую серыю.
Усяго ў сезоне Ягор правёў 45 матчаў і набраў 19 (10+9) ачкоў пры паказчыку карыснасці -14 і васьмі хвілінах штрафу.
У папярэдніх трох матчах на рахунку Ягора было 5 (2+3) вынiковых балаў.
А тым часам «Каларада» абмяняла абаронцу зборнай Беларусі Іллю Салаўёва ў «Пітсбург».
У зваротным кірунку перайшоў форвард Валтэры Пуусцінен.
У бягучым сезоне НХЛ 25-гадовы Салаўёў правёў 16 матчаў і набраў 3 (1+2) ачкі пры паказчыку карыснасці «-1» і 6 хвілінах штрафу.
«Бостан» выставіў беларускага абаронцу Уладзіслава Калячонка на драфт адмоваў.
Такая працэдура адбываецца з беларусам у другі раз за апошнія паўтара месяца і трэці раз за год.
Адзначым, што па цяперашнім кантракце Колячонка яго нельга перавесці ў клуб АХЛ без выстаўлення на драфт адмоваў.
Нагадаем, што «Бостан» забраў Калячонка ў «Даласа» праз драфт адмоваў 16 снежня.
Такім чынам, любы клуб НХЛ можа забраць яго без усялякай кампенсацыі.
У выпадку, калі ніводны клуб НХЛ не падасць заяўку на беларуса, то «Бостан» адправіць Калячонка ў фарм-клуб «Правідэнс Бруінз» з АХЛ.
У бягучым сезоне НХЛ 24-гадовы нараджэнец Менска абараняў колеры «Даласа» і «Бостана». У суме ён правёў 13 гульняў, набраў 3 (1+2) ачкі, пры паказчыку карыснасці «+2».
Кантракт беларускага абаронцы разлічаны да канца сезона з заробкам 775 000 даляраў.
На пасяджэнні Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ўчора быў зацверджаны склад дэлегацыі на 25-я Зімовыя Алімпійскія гульні якія распачнуцца неўзабаве ў Італіі.
На галоўным старце чатырохгоддзя выступяць усяго пяцёра беларускіх спартоўцаў у пяці дысцыплінах – Ганна Гуськова (фрыстайл), Марына Зуева (канькабежны спорт), Вікторыя Сафонава (фігурнае катанне), Ганна Каралёва (лыжныя гонкі) і Марыя Шканава (горныя лыжы). Гэта катастрафічны антырэкорд за больш чым 30 гадовую гісторыю ўдзелу Беларусі, як самастойнай зборнай.
Пачаткова ліцэнзію ў лыжных гонках заваявала Ганна Мачэхіна, але квота ў гэтым відзе спорту не з’яўляецца імянной. Па рашэнні трэнераў пуцёўка перайшла лідарцы нацыянальнай каманды Каралёвай.
Ніколі, пачынаючы з 1994 года, склад беларускай дэлегацыі не быў такім малым. Часцей было ў раёне 30 спартоўцаў (плюс/мінус тры), на мінулай Алімпіядзе ў Пекіне — 29. А вось, напрыклад, у японскім Нагана ў 1998 годзе ажно 59.
Але пасля поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны на расейскі і беларускіх спартоўцаў былі накладзеныя санкцыі, і беларускія і расейскія біятланісты, фрыстайлісты і хакеісты — адхіленыя ад большасці спаборніцтваў. Толькі ў снежні фрыстайлісты дабіліся вяртання ў сусветны спорт, але алімпійскую ліцэнзію заваявала толькі Ганна Гуськова, сярод мужчын не заваяваў ніхто.
На мінулай Алімпіядзе беларусы заваявалі два срэбры: у фрыстайле Ганна Гуськова і ў біятлоне Антон Смольскі. Гэтым разам біятланісты на Алімпіяду не едуць.
Зімовыя алімпійскія гульні пройдуць у Мілане і Карціне д’Ампеца з 6 да 22 лютага.
У рамках спаборніцтваў будзе разыграна 116 камплектаў узнагарод у 16 відах спорту, уключаючы дэбютны ў праграме скай-альпінізм.
Паралімпійская зборная Украіны па лыжных гонках не будзе ўдзельнічаць у цырымоніі ўзнагароджання на этапе Кубка свету ў нямецкім горадзе Фінстэраў.
Украінскія паралімпійцы, якія заваявалі 2 бронзавыя ўзнагароды, адмовіліся ад удзелу ў цырымоніях узнагароджання і афіцыйных мерапрыемствах з удзелам прадстаўнікоў Беларусі і Расеі, якіх дапусцілі да спаборніцтваў пад сваімі дзяржаўнымі сімволікамі.
Адзначым, што на этапе КС у Фінстэраў беларускі параатлет Раман Свірыдзенка стаў чэмпіёнам у спрынце і ўзяў срэбра ў мас-старце.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






