BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбольная моладзевая зборная Беларусі саступіла Уэльсу

футбол

27 сакавіка ў матчы кваліфікацыі моладзевага чэмпіяната Еўропы па футболе зборная Беларусі згуляла з камандай Уэльса на стадыёне «Радні Парэйд» у Ньюпарце.
Нашы хлопцы саступілі валійскім аднагодкам з лікам 0:2. І зараз у групе І з 4 пунктамі апусціліся на апошні пяты радок.
Наступная гульня 31 сакавіка з камандай Аўстрыі.

У Мексіцы прайшлі паўфінальныя матчы міжкантынентальнага плэй-оф за выхад на Чэмпіянат свету па футболе.
Балівія перамагла Сурынам з лікам 2:1. У фінале плэй-оф каманда згуляе з Іракам.
Новая Каледонія саступіла Ямайцы з лікам 0:1. Ямайка ў фінале сустрэнецца са зборнай ДР Конга.
Абодва фіналы, як і еўрапейскія, адбудуцца 31 сакавіка.
Пераможцы гульняў выйдуць на чэмпіянат свету па футболе, які пройдзе з 11 чэрвеня да 19 ліпеня ў ЗША, Канадзе і Мексіцы. Упершыню ў ім будуць удзельнічаць 48 зборных.

Галоўны трэнер зборнай Румыніі Мірча Лучэску ўсталяваў новы рэкорд.
Як паведамляе Transfermarkt, ён стаў самым узроставым трэнерам нацыянальнай зборнай у гісторыі. Спецыяліст кіраваў камандай у матчы плей-оф кваліфікацыі ЧС-2026 супраць Турцыі (0:1) ва ўзросце 80 гадоў і 7 месяцаў.
Лучэску пабіў рэкорд, які належаў былому трэнеру зборнай Выспаў Кука Алану Тэйлару, які ўзначальваў каманду ва ўзросце 80 гадоў і 6 месяцаў.
Румын пачаў трэнерскую дзейнасць у 1979 годзе, калі ўзначаліў «Карвінуў».

Прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ з удзелам беларускіх гульцоў.

«Калгары» дома саступіў «Анахайму» ў авертайме з лікам 2:3 і перапыніў сваю чатырохматчавую пераможную серыю.
Беларускі нападнік гаспадароў Ягор Шаранговіч на 4-й хвіліне матча закінуў шайбу, якую адмянілі арбітры пасля трэнерскага запыту «качак» на становішча па-за гульнёй.
Усяго 27-гадовы гулец правёў на лёдзе 17 хвілін 19 секунд і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
У бягучым сезоне НХЛ Шаранговіч прыняў удзел у 68 матчах, у якіх набраў 26 (14+12) ачкоў. Ён мае паказчык карыснасці «-22» і 8 хвілін штрафнога часу.
Яго «Калгары» пасля 72 гульняў з 68 ачкамі займае 14-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.

«Вашынгтон» Аляксея Протаса абыграў «Юту» з лікам 7:4.
Протас правёў на лёдзе 20 хвілін 3 секунды, два разы кінуў па браме і сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «+2».
«Чыкага» Арцёма Леўшунова саступіла «Філадэльфіі» Аляксея Коласава з лікам 1:5. Леўшуноў правёў на лёдзе 22 хвіліны 20 секунд, зарабіў дзве хвіліны штрафу і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-3». Коласаў на гульню заяўлены не быў.
«Ванкувер» Мікіты Талапілы саступіў «Лос-Анджэлесу» з лікам 0:4. Талапіла правёў увесь матч на лаве запасных.

«Пітсбург» Іллі Салаўёва па булітах перайграў «Атаву» з лікам 4:3. Салаўёў на гульню заяўлены не быў.
«Далас» Уладзіслава Калячонка саступіў «Айлендэрс» з лікам 1:2. Калячонак на гульню заяўлены не быў.

Аглядальнік The Athletic Скот Уілер уключыў 21-гадовага беларускага форварда Ягора Сідарава ў рэйтынг найлепшых праспектаў «Анахайма». Хакеіст заняў 8-е месца.
У сезоне АХЛ Сідараў правёў 61 матч, у якіх набраў 28 (14+14) ачкоў, зарабіў 34 хвіліны штрафнога часу пры паказчыку карыснасці «-16».

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў фінал турніру WTA-1000 у Маямі, абгуляўшы прадстаўніцу Казахстана другую ракетку сусветнага рэйтынгу Алену Рыбакіну з лікам 2:0 – 6:4, 6:3.
Сабаленка і Рыбакіна гулялі 15 сакавіка ў фінале турніру ў Індыян-Уэлсе, і беларуска таксама перамагла.
У вырашальнай сустрэчы за тытул першая ракетка свету згуляе з 4-й ракеткай амерыканкай Коры Гаўф, якая ў сваім паўфінале прайшла 14 ракетку чэшку Караліну Мухаву таксама з лікам 2:0 – 6:1, 6:1.
Фінальная сустрэча адбудзецца сёння ўвечары.
Рахунак асабістых сустрэч беларускі і амерыканкі пакуль роўны – 6-6.

Беларуская сінхраністка Васіліна Хандошка заваявала золата Кубка свету па сінхронным плаванні ў Парыжы.
Спартоўка паказала найлепшы вынік у сольнай тэхнічнай праграме. Яна набрала амаль 255 балаў і ўпэўнена заняла першае месца сярод 24 удзельніц.
Срэбра ўзяла Клара Бляер з Нямеччыны, саступіўшы беларусцы каля двух балаў. Бронзу – расейка Валерыя Пляханава, якая адстала ад Хандошкі на 12 балаў.
Раней на першым этапе Кубка свету ў Медэльіне Хандошка заваявала бронзавы медаль.

Суд у Нью-Ёрку адхіліў пазоў украінскай тэнісісткі Лесі Цурэнкі супраць Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) і яе былога кіраўніка Стыва Саймана, паведамляе Reuters. Спартоўка сцвярджала, што рашэнне не адхіляць ад спаборніцтваў расейскіх і беларускіх тэнісістак нанесла шкоду яе псіхіцы і парушыла ўмовы кантракта.

Суд пастанавіў, што абавязкі спартовых арганізацый тычацца перадусім фізічнай бяспекі ўдзельнікаў, а не іх эмацыйнага стану. Таму прэтэнзіі ўкраінскай тэнісісткі былі адхіленыя. Суд таксама прызнаў абгрунтаваным падыход WTA: спартоўкам з Расеі і Беларусі забаранілі выступаць пад дзяржаўнымі сцягамі, але не сталі цалкам адхіляць іх ад турніраў.

Канфлікт узнік яшчэ ў 2023 годзе, калі Цурэнка адмовілася гуляць матч супраць Арыны Сабаленкі пасля панічнай атакі, якая здарылася пасля размовы са Стывам Сайманам. У выніку суд стаў на бок Жаночай тэніснай асацыяцыі, адзначыўшы, што арганізацыя не нясе адказнасці за эмацыйны стан гульцоў у падобных сітуацыях.

27 сакавіка, былога камандзіра палка Каліноўскага і экс-весляра зборнай Беларусі Паўла Шурмея дадалі ў спіс так званых «экстрэмістаў». Інфармацыя пра гэта з’явілася ў адпаведным рэестры.
Раней, 5 сакавіка, рэжымны суд па Менску завочна прыгаварыў Шурмея да 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама быў прызначаны штраф 2 000 базавых велічынь, што складае 90 000 беларускіх рублёў.
Паўла Шурмея звінавацілі ва «ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце», «стварэнні злачыннай арганізацыі», «ўдзеле» ў ёй і ў «тэрарыстычнай арганізацыі», «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «дзеяннях з мэтай захопу ўлады», «закліках да санкцый», «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя