
29 сакавіка ў Ерэване ў таварыскім матчы футбольная зборная Беларусі абгуляла каманду Арменіі з лікам 2:1.
Галамі адзначыліся на 8 і 72 хвілінах – Яўген Яблонскі і Герман Баркоўскі. Армяне адквіталі адзін гол на 88 хвіліне з пенальці за гульню рукой.
Нагадаем, што ў першым таварыскім матчы бягучага збору беларусы перамаглі Кіпр з лікам 1:0.
Такім чынам Віктар Ганчарэнка стаў другім трэнерам у гісторыі, які стартаваў з дзвюх перамог у зборнай Беларусі.
Раней такое ўдавалася толькі Эдуарду Малафееву ў 2000 годзе: тады зборная Беларусі адолела Уэльс з лікам 2:1 і была мацнейшая за Латвію – 1:0.
У суботу, 28 сакавіка, ФІФА апублікаваў абноўлены рэйтынг мужчынскіх зборных.
Зборная Беларусі, набраўшы 1231.16 ачкоў, узнялася на адзін радок і заняла 98-е месца.
У выніку каманда знаходзіцца ў рэйтынгу паміж Тайландам і Сальвадорам.
На першым месцы размясцілася зборная Гішпаніі, на другім – Францыя, а замыкае тройку каманда Аргентыны.
У суботу зборная Беларусі па пляжным футболе правяла другі спарынг з камандай Амана ў Маскаце. Першая сустрэча завяршылася перамогай Беларусі з лікам 3:2. Гэтым жа разам нашая каманда саступіла з лікам 5:6 (2:2, 1:1, 2:3).
Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка перамагла 4-ю ракетку амерыканку Кока Гаўф у фінале турніру ў Маямі з лікам 2:1 – 6:2, 4:6, 6:3.
Сабаленка абараніла тытул у Маямі. Таксама для яе гэта другі трафей запар на тысячніку – раней яна стала чэмпіёнкай у Індыян-Уэлсе.
Беларуска выйграла 24-ты тытул на роўні тура, 21-ы на хардзе, трэці ў сезоне і 11-ы на WTA 1000.
Па колькасці трафеяў на тысячніках яна параўнялася з Ігай Свёнтак. Больш толькі ў Серэны Уільямс – 13.
Акрамя таго, яна выйграла 5 з 6 матчаў супраць суперніц з топ-10 у гэтым сезоне – адзіную паразу пацярпела ад Алены Рыбакінай у фінале Australian Open. У цэлым яе статыстыка сёлета – 23:1.
У асабістых сустрэчах лік стаў 7:6 на карысць беларускі. У фіналах – 2:2.
Акрамя таго Арына стала пятай у гісторыі тэнісісткай, якая аформіла «Сонечны дубль».
Гэтае дасягненне прадугледжвае перамогу на турнірах у Індыян-Уэлсе і Маямі на працягу аднаго года. Раней гэта ўдалося Штэфі Граф (1994, 1996), Кім Клейстэрс (2005), Вікторыі Азаранка (2016) і Ізе Свёнтак (2022).
Больш за тое, беларуска ўстанавіла рэкорд XXI стагоддзя, заваяваўшы тры паслядоўныя тытулы ў межах гэтых двух турніраў (Маямі-2025, Індыян-Уэлс-2026 і Маямі-2026). Раней падобнае дасягненне далося толькі легендарнай Штэфі Граф.
За перамогу ў Маямі беларуска атрымае больш за $1,1 млн прызавых і 1000 рэйтынгавых балаў. Раней з беларусак гэты турнір тройчы выйгравала Вікторыя Азаранка — у 2009, 2011 і 2016 гадах.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Чыкага» Арцёма Леўшунова разгромна прайграў «Рэйнджэрс» з лікам 1:6. Беларус правёў на лёдзе 22 хвіліны 33 секунды, стаўшы палявым гульцом сваёй каманды з найбольшым гульнявым часам і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «-2». Усяго ў гэтым сезоне Леўшуноў правёў 68 матчаў, у якіх набраў 24 балы (2 закінутыя шайбы і 22 выніковыя перадачы). Яго паказчык карыснасці складае «-41» (найгоршы ў лізе). У найбліжэйшага антыканкурэнта — -36.
«Пітсбург» Іллі Салаўёва прайграў «Даласу» Уладзіслава Калячонка з лікам 3:6. Салаўёў застаўся ў запасе пяты матч запар. Калячонак не патрапіў у заяўку.
«Калгары» Ягора Шаранговіча абыграў «Ванкувер» Мікіты Талапілы з лікам 7:3.
25-гадовы беларускі брамнік «Ванкувера» Мікіта Талапіла быў заяўлены як асноўны галкіпер. Да гэтага гулец пяць матчаў правёў у запасе. У выніку ён прапусціў чатыры шайбы ў роўных складах за 24 хвіліны 36 секунд, пасля чаго быў заменены. Ён зрабіў 7 сэйваў, а адсотак адбітых кідкоў склаў 63,6%.
27-гадовы беларускі нападаючы «Калгары» Ягор Шаранговіч выйшаў на левым фланзе другога звяна разам з Раянам Строўмам і Віктарам Олафсанам. Па выніках матча Шаранговіч правёў на лёдзе 14 хвілін 51 секунду, набраў 1 пункт (0+1), атрымаў 2 хвіліны штрафнога часу і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+2».
«Вашынгтон» Аляксея Протаса адолеў «Вегас» па булітах з лікам 5:4. 25-гадовы беларускі нападаючы пераможцаў Аляксей Протас выйшаў на левым фланзе першага звяна з Дыланам Строўмам і Аляксандрам Авечкіным. Правёў на лёдзе 6:27 хв, а за 1 хвіліну 15 секунд да канца першага перыяду абаронца «Вегаса» Джэрэмі Лазон штурхнуў Пратаса ў спіну ўздоўж борта ў зоне «Вашынгтона». Затым форвард уляцеў галавой у іншага гульца, паваліўся на лёд і больш не мог устаць.
Пасля гэтага нападніка павялі з лёду ў распранальню. Пазней «Вашынгтон» аб’явіў, што форвард не вернецца ў гульню з-за траўмы.
«Хершы» на выездзе абыграў «Сірак’юз» з лікам 4:3 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
Беларускі форвард гасцей Ілья Протас выступаў у цэнтры першага звяна. У сярэдзіне сустрэчы ён вызначыўся галявой перадачай пры другой шайбе сваёй каманды.
У выніку 19-гадовы хакеіст набраў 1 пункт (0+1), атрымаў 2 хвіліны штрафнога часу і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «+1».
У наступным матчы «Хершы» на выездзе саступіў «Ліхай Вэлі» з лікам 4:2.
24-гадовы беларускі брамнік «Ліхай Вэлі» Аляксей Коласаў выйшаў у стартавым складзе, правёў на лёдзе 60 хвілін, прапусціў 2 шайбы і адбіў 22 з 24 кідкоў.
19-гадовы беларускі форвард «Хершы» Ілля Протас выступаў у цэнтры першага звяна і закінуў шайбу ў браму Коласава на 23-й хвіліне сустрэчы ў большасці.
Па выніках матча Протас ізноў набраў 1 бал (1+0), атрымаў 2 хвіліны штрафнога часу і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «0».
У гэтым сезоне на рахунку нараджэнца Віцебска 63 матчы, 55 ачкоў (27+28), 38 хвілін штрафу і паказчык карыснасці «+11». Выніковая серыя нападаючага складае сем гульняў, у якіх ён закінуў пяць шайб і аддаў пяць перадач. На дадзены момант гулец з’яўляецца найлепшым снайперам і бамбардзірам клуба.
«Абатсфард» дома абыграў «Сан-Дыега» з лікам 5:2.
23-гадовы беларускі нападнік гаспадароў Даніла Клімовіч выступаў на правым фланзе трэцяга звяна. Ён закінуў шайбу на 35-й хвіліне ў большасці.
Па выніках матча Клімовіч набраў 1 пункт (1+0) і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
У бягучым сезоне АХЛ беларус правёў 56 матчаў, набраўшы 28 ачкоў (14+14). У яго актыве 60 хвілін штрафнога часу і паказчык карыснасці «-22».
21-гадовы беларускі нападаючы прайграўшых Ягор Сідараў гуляў на левым фланзе трэцяга звяна і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
На рахунку гульца ў гэтым сезоне 62 матчы, 28 ачкоў (14 +14), 34 хвіліны штрафнога часу і паказчык карыснасці «-16». Безгалявая серыя нападаючага складае 11 матчаў.
У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора быў згуляны першы матч паўфінальнай стадыі. Менскае «Юнацтва» з лікам 2:0 перайграла жлобінскі «Металург». Лік у серыі да чатырох перамог стаў 1:0 на карысць мінчукоў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






