
«МЛ Віцебск» будзе намінальным гаспадаром паядынку за Суперкубак Беларусі па футболе сезона 2026 года.
Па выніках лёсавання намінальным гаспадаром матча-адкрыцця футбольнага сезона стаў чэмпіён Беларусі.
Сустрэча з гарадзенскім «Нёманам» пройдзе 28 лютага на стадыёне «Дынама-Юні» ў Менску. Час правядзення матча стане вядомы пазней.
Еўрапейская федэрацыя водных відаў спорту (European Aquatics) змяніла патрабаванні да допуску атлетаў з Беларусі і Расеі на турніры пад сваёй эгідай.
Цяпер удзельнікі юнацкіх і юніёрскіх спаборніцтваў могуць выступаць пад дзяржаўнай сімволікай.
«Спартоўцы з беларускім ці расейскімі пашпартам, якія выступаюць у юнацкіх і юніёрскіх катэгорыях, больш не падпадаюць пад абмежаванні на ўдзел у спаборніцтвах European Aquatics – як у індывідуальных, так і ў камандных дысцыплінах.
Адпаведна, на ўсіх недарослых спаборніцтвах спартоўцам з беларускімі і расейскімі пашпартамі дазваляецца ўдзельнічаць без праверкі біяграфічных дадзеных і ў поўнай адпаведнасці з пратаколамі European Aquatics, якія датычацца сцягаў, гімнаў, формы і звязаных з гэтым элементаў, пры ўмове, што адпаведныя нацыянальныя спартовыя арганізацыі маюць дзеючую акрэдытацыю ў European Aquatics», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Для дарослых спартоўцаў і дапаможнага персанала захоўваецца неабходнасць атрымання нейтральнага статусу для ўдзелу ў індывідуальных і камандных спаборніцтвах European Aquatics.
Учора прайшлі матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі.
«Калгары» Ягора Шаранговіча абыграў «Эдмантан» з лікам 4:3. Шаранговіч правёў на лёдзе 18 хвілін 35 секунд, здзейсніў два кідкі па варотах і прымяніў адзін сілавы прыём, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «0».
«Чыкага» Арцёма Леўшунова прайграла «Каламбусу» з лікам 0:4. Леўшуноў на гульню заяўлены не быў.
«Далас» Уладзіслава Калячонка абыграў «Сэнт-Луіс» з лікам 5:4. Калячонак на гульню таксама заяўлены не быў.
«Ванкувер» Мікіты Талапілы саступіў «Вегасу» з лікам 2:5. Талапіла правёў увесь матч на лаўцы запасных.
Пасля гэтага матча «Ванкувер» адправіў беларускага галкіпера ў фарм-клуб у АХЛ.
Бо ў НХЛ пачалася алімпійская паўза. Рэгулярны чэмпіянат для канадскага клуба адновіцца 26 лютага.
Падчас паўзы Талапіла будзе задзейнічаны ў «Абатсфардзе».
Паколькі беларускія хакеісты часова адхіленыя ад любых міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку і Алімпіяды, у рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі ніякіх паўзаў няма.
Учора ў Смаленску мясцовы «Славуціч» сенсацыйна нанёс «сухую» паразу з лікам 3:0 лідару чэмпіяната – менскаму «Юнацтву».
Такім чынам пасля 44 тураў тройка лідараў выглядае наступным чынам: 75 ачкоў у «Юнацтва», 62 у жлобінскага «Металурга» і 61 у салігорскага «Шахцёра». Далей шасцёрку лідараў сінхронна замыкаюць «Дынама-Маладэчна», «Віцебск» і «Ліда», у якіх па 60 ачкоў.
Сёння, 6 лютага, афіцыйна ў Мілане адкрываюцца 25-я зімовыя Алімпійскія гульні, якія прадоўжацца да 22 лютага.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






