BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбольны трылер у Барселоне

Другі паўфінальны матч футбольнай Лігі чэмпіёнаў стаўся сапраўдным трылерам. “Барселона” прымала на сваім полі міланскі “Інтэр” і была збянтэжана ўжо на першай хвіліне. На 30-й секундзе Маркус Цюрам элегантным рухам пяткі засмуціў брамніка Войцэха Шчэнснага. У сярэдзіне тайма, на 21-й хвіліне, госці падвоілі сваю перавагу – спрытным у штрафной пляцоўцы барселонцаў быў Дэнзел Дзюмфрыс. Амаль услед аднак, элегантны гол у сваім стылі стварыў Ламін Ямаль – 1:2. А на 38-й хвіліне пасля скідкі бразільца Рафіньі Феран Торэс скарыстаўся здранцвеласцю абароны “Інтэра” і ўсталяваў парытэт на табло.

Другая палова таксама не расчаравала заўзятараў. “Барса” мудрагеліста камбінавала, а італьянскі клуб дзеіў пераважна на контратаках. Адна з іх прынесла поспех – на 63-й хвіліне “Інтэр” наперад зноў вывеў Дзюмфрыс. Гаспадары поля адказалі крэатыўным розыгрышам корнера і пасля магутнага стрэлу Рафіньі мяч ад папярэчыны і плячэй галкіпера Зоммера заляцеў у сетку. Пасля гэтага міланцы забілі яшчэ, аднак VAR зафіксаваў мікраскапічны афсайд і ануляваў гол Генрыха Мхітарана.

У выніку баявыя 3:3 і ўсё цяпер вырашыцца ў адказнай сустрэчы на Апенінах.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя