Гандбалісткі “БНТУ-БелАЗ” сталі чэмпіёнкамі Беларусі. Яны выйгралі фінальную серыю ў “Гомеля” — 2:1. Спачатку была гасцявая перамога 33:24, пасля — хатняя параза 20:21. Нарэшце ў сераду ў Гомелі “БНТУ-БелАЗ” упэўнена выйграў з лікам 34:22. “БНТУ-БелАЗ” — 25-разовы чэмпіён Беларусі. Папярэдні раз золата было ў 2021-м. Два апошнія чэмпіянаты выйгравалі гандбалісткі “Гомеля”. Бронзу сёлетняга першынства заваявала гарадзенская “Гараднічанка”.
Беларуска Пятрова выйграла бронзу ЧЕ ў стральбе з пісталета і заваявала ліцэнзію ў Парыж
У харвацкім Осіеку працягваецца чэмпіянат Еўропы па кулявой стральбе з удзелам беларускіх спартоўцаў. У сераду жанчыны вызначалі наймацнейшых у стральбе з пісталета з 25 метраў. Удзел у спаборніцтвах прынялі 58 дзяўчат, у тым ліку трое беларусак. У кваліфікацыі Аліна Несцяровіч замкнула трыццатку, Зоя Дасько паказала 14-ы вынік, а Аляксандра Пятрова набрала 583 балы з 600 магчымых і з сёмага месца кваліфікавалася ў фінал. На вырашальным этапе беларуская спартоўка пратрымалася практычна да самага канца і ў выніку заняла трэцюю пазіцыю. Дысцыпліна “стральба з пісталета на 25 метраў” з’яўляецца алімпійскай – згодна з рэгламентам, ліцэнзіі на Гульні-2024 павінны былі атрымаць дзве найлепшыя ўдзельніцы ў гэтым практыкаванні, якія яшчэ не заваявалі іх па выніках папярэдніх стартаў цыкла. Паколькі ўладальніца срэбра з Германіі ўжо мае пуцёўку, а Францыя як краіна-гаспадыня бранюе квоту ў гэтым відзе, адна з ліцэнзій перайшла Пятровай. Напярэдадні такім жа чынам пуцёўку ў Парыж атрымала Дар’я Чупрыс, якая стала шостай у фінале ў стральбе з вінтоўкі з трох палажэнняў.
Грэчаскі “Алімпіякас” выйграў Лігу канферэнцый, узяўшы свой першы еўрапейскі трафей
Футбалісты грэчаскага “Алімпіякаса” упершыню заваявалі еўракубкавы трафей, выйграўшы Лігу канферэнцый. У Афінах у вырашальным паядынку трэцяга па статусе кантынентальнага турніру клуб з Пірэя адолеў італьянскую “Фіярэнціну” з лікам 1:0. У асноўны час невялікая перавага была ў прадстаўнікоў серыі А, але сур’ёзных праблем для абароны супернікаў яны не стварылі. У дадатковыя паўгадзіны “Алімпіякас” дачакаўся свайго шанцу – за 5 хвілін да заканчэння авертайму найлепшы бамбардзір гэтага сезона Лігі канферэнцый мараканскі нападнік Аюб эль-Каабі прынёс перамогу камандзе, забіўшы свой 11-ы мяч. Выйграўшы Лігу канферэнцый, “Алімпіякас” заваяваў пропуск у новы сезон Лігі чэмпіёнаў.
Хенкель вярнуўся ў менскае “Дынама”, Кадола перайшоў у “Барыс”
Менскі клуб правёў абмен з “Барысам” з Астаны – склад “зуброў” папоўніў Крысціян Хенкель, у зваротным напрамку прайшоў нападнік Уладзіслаў Кадола. У мінулым сезоне Хенкель абараняў колеры “Барыса” і казанскага “Ак Барса”, набраўшы 9 (1+8) балаў у 56 матчах.
З 2016-га па 2019-ы год Крысціян ужо выступаў за “Дынама” – хакеіст выходзіў на лёд у форме “зуброў” у 171 матчы, набраўшы 23 (6+17) ачкі. Усяго ў КХЛ абаронца правёў больш за 400 гульняў. Акрамя таго, Хенкель рэгулярна выклікаецца ў нацыянальную каманду краіны, у складзе зборнай ён браў удзел у пяці чэмпіянатах свету. У выніку абмену “Дынама” пакінуў 27-гадовы форвард Уладзіслаў Кадола. У мінулым сезоне нападнік зборнай Беларусі адыграў за “зуброў” 45 матчаў, у якіх набраў 14 (3+11) выніковых балаў.
Беларускае Радыё Рацыя