Гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа” ўпершыню сталі ўладальніцамі Суперкубка Беларусі сярод жаночых каманд. У Маладэчне ў паядынку за першы трафей новага сезона чэмпіёнкі адолелі сваіх прынцыповых суперніц гандбалістак “Гомеля” – 28:27. У двух папярэдніх паядынках за Суперкубак перамагаў “Гомель”.
Суперкубак сярод мужчынскіх каманд будзе разыграны праз тыдзень. 7 верасня чэмпіён Беларусі “Мяшкоў Брэст” прыме на сваёй арэне ўладальнікаў Кубка краіны гандбалістаў менскага СКА.
Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу US Open. Другая ракетка планеты перайграла ў трэцім крузе расейку Кацярыну Аляксандраву, у якой 31-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу, – 2:6, 6:1, 6:2. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал беларуска будзе супернічаць з 35-ым нумарам рэйтынга WTA бельгійкай Элізе Мертэнс.
Беларуска Дабравольская стала чацвёртай на Паралімпіядзе ў кіданні дзіды
Беларуская лёгкаатлетка Лізавета Дабравольская спынілася за крок ад медаля на XVII летніх Паралімпійскіх гульнях у Парыжы ў кіданні дзіды. У суботнім фінале ў жаночым кіданні дзіды прынялі ўдзел 10 спартовак. Пасля пяці кідкоў Лізавета Дабравольская ішла чацвёртай, але ў заключнай шостай спробе беларуска адправіла снарад на 36,71 м і ўзнялася на другое месца. Аднак у апошнім выхадзе ў сектар расейка Ганна Кулініч-Сарокіна і аўстрыйка Наталля Эдэр перавысілі паказчык Дабравольскай і зноў ссунулі яе на чацвёрты радок. Чэмпіёнкай Паралімпіяды з сусветным рэкордам стала кітаянка Чжаа Юпін 47 метраў 6 сантыметраў.
У Віцебску стартуе “фінал чатырох” Кубка Салея
У віцебскім лядовым палацы спорту стартуе “фінал чатырох” другога па значнасці турніру ў беларускім хакеі – Кубка Руслана Салея. Удзел у розыгрышы прынялі ўсе 14 каманд беларускай экстралігі, падзеленыя на дзве групы. Першую паўфінальную пару склалі “Юнацтва” і “Хімік”. Другога фіналіста турніру вызначаць хакеісты “Віцебска” і “Шахцёра”. Летась менавіта “мядзведзі” і “гарнякі” сустрэліся ў матчы за галоўны трафей, тады поспех з лікам 2:1 святкавалі віцябляне, якія паўтарылі свой кубкавы трыумф 2022 года.
Футбалісты “Віцебска” прымуць “Нёман” у матчы чэмпіянату Беларусі
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі адбудуцца чарговыя сустрэчы 20-га тура. Лідар першынства гарадзенскі “Нёман” згуляе ў гасцях з футбалістамі “Віцебска”. У першым крузе чэмпіянату віцябляне выйгралі ў Гародні з лікам 1:0. На мінулым тыдні “Нёман” абыграў на сваім полі магілёўскае “Дняпро” 3:1, а “Віцебск” на выездзе саступіў “Слуцку” 0:2. Таксама сёння “Нафтан” згуляе ў Наваполацку з футбалістамі “Мінска”, а ў Салігорску мясцовы “Шахцёр” сустрэнецца з дзяржынскім “Арсеналам”.
Палякоў папоўніў склад футбалістаў менскага “Дынама”
Пасля выхаду ў асноўны этап Лігі канферэнцый менскае “Дынама” ўзмацняе склад. Шэрагі чэмпіёнаў Беларусі афіцыйна папоўніў 33-гадовы абаронца Дзяніс Палякоў. Апошнім часам ён выступаў у ізраільскім “Хапаэле” з Хайфы, а да гэтага гуляў у салігорскім “Шахцёры”, барысаўскім БАТЭ, кіпрскім “Апаэле”, расейскім “Урале” з Екацярынбурга, казахстанскіх “Кайраце” і “Астане”. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі Палякоў правёў 63 матчы.
Раней у “Дынама” з маскоўскай “Родины” перайшоў 26-гадовы расейскі паўабаронца Данііл Кулікоў. З 2017 па 2024 гады ён выступаў у складзе маскоўскага “Лакаматыва”.
Беларускае Радыё Рацыя