Гандбалісткі “Гараднічанкі” працягваюць перамагаць галоўных фаварытаў жаночага чэмпіянату Беларусі. Пасля нядаўняй вікторыі над гандбалісткамі “Гомеля” гарадзенская каманда нечакана перайграла ў Менску дзейнага чэмпіёна краіны “БНТУ-БелАЗ” з лікам 26:21. Асечкай лідара скарысталіся гамяльчанкі, разграміўшы на сваёй арэне берасцейскі клуб “Вікторыя-Бярэсце” – 34:25. Пасля 13-ці тураў у “БНТУ-БелАЗа” і “Гомеля” па 23 ачкі, у актыве “Гараднічанкі” стала 20 заліковых балаў.
ФІФА апублікавала каляндар адборавага турніру. Зборная Беларусі пачне ў першым туры з Грэцыі
Стаў вядомы расклад матчаў зборнай Беларусі ў адборавым раундзе Чэмпіянату свету-2026. Гульні адбудуцца восенню наступнага года. 5 верасня беларусаў чакае першы матч на выездзе з грэкамі, а ўжо 8 верасня беларусы будуць сустракаць зборную Шатландыі. Матчы групавога этапа кваліфікацыі сусветнага першынства пройдуць з сакавіка па лістапад 2025 года. Пасля яго завяршэння прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю заваююць толькі пераможцы груп. Яшчэ чатыры пропускі будуць разыграны ў стыкавых паядынках з удзелам 12 каманд, якія зоймуць другія месцы. Гэтыя сустрэчы адбудуцца напрыканцы сакавіка 2026 года. Фінальная стадыя 23-га планетарнага футбольнага форуму пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня 2026 года на 16 арэнах Канады, ЗША і Мексікі. Упершыню ў гісторыі тры краіны стануць гаспадарамі сусветнага першынства, і ўпершыню ў ім прымуць удзел 48 каманд.
Названы лепшыя тэнісісты і трэнеры Беларусі 2024 года
Найлепшай тэнісісткай краіны стала першая ракетка свету Арына Сабаленка, а яе настаўнік Антон Дуброў прызнаны найлепшым трэнерам адыходзячага года. Найлепшым гульцом парнага разраду стаў Іван Лютарэвіч.
Уладальнікі ўзнагарод у астатніх намінацыях:
“Вынік года” – Крысціна Дзмітрук.
“Юніёр года” – Ціхан Корань.
“Юніёрка года” – Уладзіслава Разіна.
“Алімпійскія надзеі” – Сафія Захарэвіч, Уладзімір Кадобін, Кіра Каліноўская.
Спецыяльнага прыза “Тэніс на карысць” удастоены Аляксей Ванкевіч.
Змушко і Шымановіч выступяць у паўфіналах Чэмпіяната свету на кароткай вадзе
Беларусы Аліна Змушко і Ілля Шымановіч працягваюць барацьбу за медалі чэмпіянату свету па плаванню на кароткай вадзе ў Будапешце. Найлепшыя брасісты краіны выйшлі на старт трэцяга і заключнага для сябе асабістага віду праграмы – дыстанцыі 50 м. У сваім папярэднім заплыве Аліна Змушко заняла трэцяе месца з вынікам 29,84 секунды, ў агульнай табліцы беларуска размясцілася сёмай сярод 60 дзяўчат. У мужчын прызёр Чэмпяіната свету на стомятроўцы Ілля Шымановіч фінішаваў у адборавым заплыве другім, у выніковым пратаколе яго час 25,87 секунды стаў шостым сярод 74 спартоўцаў. Паўфіналы з удзелам нашых плыўцоў стартуюць сёння арыенціровачна ў 19.50, фіналы адбудуцца заўтра ўвечары.
Беларускае Радыё Рацыя






