BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гандбалісты “Кронана” параўнялі лік у бронзавай серыі чэмпіянату Беларусі

Гандбалісты гарадзенскага “Кронана” параўнялі лік у серыі за бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату Беларусі. Напярэдадні ў Менску госці абыгралі сталічны БДУФК-СКА з мінімальнай перавагай – 34:33. Да гэтага менчане выйгралі з лікам 37:35 (у гасцях) і 38:35 (дома), але потым гарадзенская каманда на сваёй пляцоўцы здолела ўзяць рэванш 34:31, а напярэдадні аднавіла раўнавагу ў серыі – 2:2. Вырашальны паядынак за бронзавыя медалі 32-га нацыянальнага першынства адбудзецца 5 траўня ў Гародні. У залатой серыі “Мяшкоў Брэст” тройчы запар перайграў менскі СКА – 30:27, 27:26, 27:25 і 11-ы раз запар (16-ы ў гісторыі) стаў чэмпіёнам Беларусі. На жаночым першынстве 4 траўня стартуюць паўфіналы. Дзеючыя чэмпіёнкі краіны гандбалісткі “Гомеля” прымуць на сваёй арэне берасцейскую “Вікторыю-Бярэсце”, а ў Менску “БНТУ-БелАЗ” згуляе з гарадзенскай “Гараднічанкай”. Паўфінальныя серыі праходзяць да дзвюх перамог адной з каманд.

Футбалісты Беларусі ў чэрвені згуляюць з ізраільцянамі ў Будапешце

Стаў вядомы адзін з чэрвеньскіх супернікаў нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе. На 11 чэрвеня запланаваны таварыскі паядынак беларусаў са зборнай Ізраіля, які пройдзе ў Будапешце на полі стадыёне “Феранца Сусы”. На гэтай арэне супернікі сустракаліся ў чэрвені мінулага года ў матчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы-2024, і тады беларусы ўпусцілі перамогу на апошніх хвілінах сустрэчы – 1:2. У другім паядынку кваліфікацыйнай групы I у Тэль-Авіве ізраільцяне таксама вырвалі перамогу ў самым канцы гульні – 1:0.

Турнір Qazaqstan Hockey Open з удзелам беларускіх хакеістаў стартуе ў Астане

На “Барыс-Арэне” ў Астане стартуе міжнародны турнір па хакеі Qazaqstan Hockey Open-2024 з удзелам нацыянальных зборных Беларусі і Казахстана, а таксама каманды Расея 25. Зборная Беларусі па хакеі з’яўляецца дзейным пераможцам турніру, летась беларусы разграмілі гаспадароў з лікам 6:0, а таксама абыгралі расейцаў 7:4. Абараняць званне чэмпіёнаў у Астану адправіліся 27 хакеістаў, трэнерскі штаб нацыянальнай каманды на чале са Дзмітрыем Квартальным уключыў у заяўку 3 галкіперы, 8 гульцоў абароны і 16 нападнікаў. Беларуская каманда заўтра стартуе на турніры матчам супраць зборнай Казахстана. Для гаспадароў гэтыя спаборніцтвы – заключны этап падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які пройдзе ў Чэхіі з 10 па 26 траўня. У суботу беларусы сустрэнуцца з камандай Расеі 25, якая стала пераможцай папярэдняга буйнога турніру зборных – снежаньскага Кубка Першага канала. Праграму Qazaqstan Hockey Open – 2024 сёння адкрые паядынак расейцаў і казахстанцаў.

Кантракты з менскім “Дынама” на сезон 2024/25 маюць 26 хакеістаў

Хакейнае менскае “Дынама” апублікавала склад каманды па стану на 1 траўня. Кантракты з “зубрамі” на наступны сезон Кантынентальнай хакейнай лігі маюць 26 хакеістаў – 2 галкіперы, 6 гульцоў абароны і 18 нападнікаў. Кваліфікацыйныя прапановы на заключэнне новых пагадненняў атрымалі Дзмітрый Дзярабін, Мікіта Пышкайла, Нік Мёрклі і Валянцін Дземчанка. Аналагічную прапанову атрымаў форвард “Сірак’юз Кранч” з АХЛ Ілля Усаў. Акрамя таго, было працягнута дзеянне правоў у КХЛ на брамніка Аляксея Коласава і форвардаў Ягора Сідарава і Данііла Боўраша, якія цяпер выступаюць у Паўночнай Амерыцы. На рынак свабодных агентаў выйшлі галкіпер Дылан Фергюсан, абаронцы Яні Калдзіс, Кодзі Керан, Ілля Шынкевіч і Дзмітрый Корабаў, а таксама нападнік Брэт Рычы, Вячаслаў Асновін і Аляксандр Сувораў.

Беларускае Радыё Рацыя