
фота © EPA/THOMAS TRAASDAHL
Зборная Даніі стала чэмпіёнам Еўропы па гандболе сярод мужчын. У фінале Данія перамагла Германію – 34:27.
Для Даніі гэта трэці тытул чэмпіёнаў Еўропы. Апошні раз каманда перамагала ў фінале ў 2012 годзе. У 2014-м і 2024-м каманда стала срэбным прызёрам, прайграўшы Францыі.
Бронзу заваявала Харватыя. Турнір праходзіў у Даніі, Швецыі і Нарвегіі.
Старшыня Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) Аналена Бербак выступіла з урачыстым зваротам, заклікаўшы ўсе дзяржавы-члены выконваць Алімпійскае перамір’е, якое пачалося 30 студзеня.
«Алімпійскае перамір’е даказвае, што нават у часы расколу чалавецтва ўсё яшчэ можа знайсці агульную мову праз спорт, і што дзякуючы сяброўскаму спаборніцтву мы можам узняцца над нашымі рознагалоссямі і зноў пацвердзіць нашу агульную чалавечнасць.
Гульні збяруць спартоўцаў з усіх куткоў свету на найвялікшую міжнародную спартыўную падзею як сродак садзейнічання міру, узаемаразуменню, вяршэнству права і добрай волі паміж нацыямі і народамі – мэты, якія таксама з’яўляюцца часткай асноватворных каштоўнасцяў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Я ўрачыста заклікаю ўсе дзяржавы-члены прадэманстраваць сваю прыхільнасць Алімпійскаму перамір’ю падчас зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў Мілан-Карціна 2026, а таксама прыняць канкрэтныя меры на мясцовым, нацыянальным, рэгіянальным і сусветным узроўнях для прасоўвання і ўмацавання культуры міру і гармоніі, заснаванай на духу Перамір’я», – заявіла Бербак.
30 студзеня, адбылося афіцыйнае адкрыццё Алімпійскіх вёсак у Мілане і Карціне-д’Ампеца.
Першымі прыбылі спартоўцы з краіны-гаспадыні Алімпійскіх гульняў-2026 – Італіі. Пазней да іх далучыліся дэлегацыі з Германіі, Чэхіі, Японіі, Нідэрландаў, Аўстраліі, Канады і іншых краін.
«Найперш мы хочам, каб атлеты адчувалі сябе як дома з моманту прыбыцця. Вёска павінна быць месцам, дзе яны могуць адпачыць, засяродзіцца і адчуць падтрымку, а таксама паразмаўляць з іншымі і атрымаць асалоду ад алімпійскага духу. Наша мэта – стварыць асяроддзе, якое дазволіць ім паказаць найлепшыя вынікі, адчуваючы клопат пра сябе.
Першыя водгукі вельмі пазітыўныя. Спартоўцы і афіцыйныя асобы адзначылі ветлівую атмасферу, што стала вялізнай узнагародай для ўсіх каманд, якія ўпарта працавалі дзеля гэтага моманту. Гэта вельмі эмацыйны момант, мы поўныя гонару. Бачыць, як вёска ажывае – вынік месяцаў падрыхтоўкі і каманднай працы. У той жа час гэта толькі пачатак, і наш прыярытэт – штодня забяспечваць найлепшы вопыт для атлетаў», – сказала Фламінія Тамбуры, кіраўніца Алімпійскіх вёсак.
Алімпійскія гульні ў Мілане і Карціне-д’Ампеца пройдуць з 6 па 22 лютага.
Арына Сабаленка прайграла фінал Australian Open.
Беларуска саступіла ў фінале прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай.
Першы сэт першая ракетка свету прайграла 4:6, другі сэт выйграла 6:4.
Усё вырашалася ў трэцім сэце. Арына вяла ў ім 3:0, але потым аддала некалькі сваіх геймаў (3:4), у выніку аддала сэт — 4:6. 5-я ракетка свету Рыбакіна — пераможца турніру.
Сабаленка выйгравала Australian Open у 2023 і 2024 гадах, а год таму таксама прайграла фінал. Для Рыбакінай гэта другі тытул Grand Slam у кар’еры. У 2022 годзе Алена перамагла на «Уімблдоне».
Яна стала чацвёртай дзеючай тэнісісткай з двума тытуламі Grand Slam. Па два тытулы ёсць у Коры Гаўф, Вікторыі Азаранкі і Барбары Крэйчыкавай. Для Рыбакінай гэта 10-я перамога запар над суперніцай з топ-10 рэйтынгу WTA.
Там жа адбыўся фінал мужчынскага Australian Open-2026.
У матчы за тытул згулялі першая ракетка свету з Гішпаніі Карлас Алькарас і чацвёртая ракетка свету Новак Джокавіч з Сербіі.
Карлас выйграў у чатырох сэтах – 2:6, 6:2, 6:3, 7:5.
Ён упершыню выйграў Australian Open, таксама мае па дзве перамогі на «Ралан Гарос» (2024, 2025), «Уімблдоне» (2023, 2024) і US Open (2022, 2025).
Гэтая перамога дазволіла Алькарасу (22 гады 258 дзён) стаць самым маладым тэнісістам у гісторыі, які сабраў кар’ерны Grand Slam, пабіўшы рэкорд Дона Баджа (22 гады 355 дзён) у 1938 годзе.
А вось Джокавіч упершыню прайграў фінал Australian Open – да гэтага ён нязменна выйграваў у кожным са сваіх дзесяці фіналаў. Серб выйшаў у свой першы фінал мэйджара з «Уімблдона-2024» – яго ён таксама прайграў Карласу Алькарасу.
Для 38-гадовага Джокавіча гэта быў 38-ы фінал на турнірах Grand Slam – найлепшы паказчык сярод усіх гульцоў Адкрытай эры, у яго 24 тытулы. Таксама Карлас і Новак сталі фіналістамі мужчынскага адзіночнага разраду з найбольшай розніцай ва ўзросце ў Адкрытую эру на Australian Open – 15 гадоў і 349 дзён. Нагадаем, Алькарасу 22 гады, а Джокавічу – 38.
Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч (№154) не змагла прабіцца ў асноўную сетку турніру WTA-250, які праходзіць у румынскім горадзе Клуж-Напоцы.
У фінале кваліфікацыі яна саступіла 129-й ракетцы свету гішпанцы Кейтлін Кеведа – 6:1, 1:6, 3:6.
Матч працягваўся 1 гадзіну 59 хвілін.
Яшчэ адна беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (№104) не змагла прайсці кваліфікацыю турніру WTA-500 у Абу-Дабі.
У матчы за выхад у асноўную сетку спаборніцтваў яна прайграла брытанцы Санай Картал (№66) – 2:6, 4:6.
Матч працягваўся 1 гадзіну 27 хвілін.
«Вашынгтон» дома перамог «Караліну» у авертайме з лікам 4:3 у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ.
Беларускі нападнік гаспадароў Аляксей Протас выйшаў на лёд у другім звяне. 25-гадовы форвард аформіў два асісты, правёў на пляцоўцы 19 хвілін 15 секунд.
У бягучым сезоне НХЛ беларус правёў 53 матчы, набраў 38 (18+18) балаў пры паказчыку карыснасці «+13».
Пасля 56 гульняў яго «Вашынгтон» з 61 балам ідзе на 9-м месцы ва Усходняй канферэнцыі.
«Ванкувер» саступіў «Таронта» па булітах з лікам 2:3. Беларускі брамнік прайграўшых Мікіта Талапіла быў заяўлены на матч у ролі асноўнага галкіпера.
25-гадовы гулец адбіў у матчы 39 з 41 кідка, прапусціўшы дзве шайбы пры гульні 5 на 5.
У авертайме Талапіла адбіў штрафны кідок Астан Мэцьюса.
У серыі пасляматчавых кідкоў ён не здолеў адбіць кідкі Мэцьюса і Ўільяма Нюландэра.
Па выніках паядынку Талапіла прызналі другой зоркай сустрэчы. У бягучым сезоне НХЛ беларус правёў 9 матчаў і здабыў 3 перамогі.
«Ванкувер» пасля 55 гульняў з 42 ачкамі займае апошняе месца ў Заходняй канферэнцыі і ў агульнай табліцы НХЛ.
Сусветная федэрацыя тхэквандо (World Taekwondo) абвясціла пра допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў з дзяржаўнымі сцягамі і гімнамі.
«Савет 31 студзеня прыняў рашэнне дазволіць беларускім і расейскім юніёрам і дарослым спартоўцам спаборнічаць пад сцягамі сваіх краін. Аднак міжнародныя спартовыя мерапрыемствы па-ранейшаму не могуць праводзіцца ў Расеі, а дзяржаўным чыноўнікам з Беларусі і Расеі не будзе выдавацца акрэдытацыя», – гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






