BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гандбольны Еўра ў разгары

На чэмпіянаце Еўропы па гандболе, якія праходзіць у Германіі, у разгары асноўны турнір. Ён праходзіць з пэўнымі нечаканасцямі. Так, у наступны раўнд буйнага турніра ўпершыню з пачатковай групы за многія гады не выйшла дружына Іспаніі. Нечакана моцна выглядаюць Аўстрыя і Партугалія. Увечары 19 студзеня Партугалія адолела Славенію – 33:30. У гэтай жа групе адбылося скандынаўскае дэрбі лідараў сэкстэту – у выніку каманда Даніі перамагла шведаў – 28:27. Першай вікторыі на другім этапе дамаглася Нарвегія – яна выйграла ў Нідэрляндаў – 35:32. Становішча ў табліцы зараз такое: Данія мае 6 ачкоў, Швецыя і Партугалія – па 4, у Нарвегіі і Славеніі па 2, Нідэрлянды без пунктаў. Усім засталося згуляць па два матчы. Пара мацнейшых камандаў выйдзе ў паўфінал.

У іншай групе сёння пройдуць чарговыя сустрэчы: Францыя – Ісляндыя, Венгрыя – Харватыя і Германія – Аўстрыя. У гэтай кампаніі наперадзе пакуль Францыя з 4 ачкамі, у Аўстрыі – 3.

У 1/8 фінала Australian Open згуляюць дзве беларускі

Раніцай па беларускім часе 20 студзеня Вікторыя Азаранка перамагла на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе прадстаўніцу Латвіі Алёну Астапенку. Спатканне завяршылася ў двух сетах – 6:1, 7:5. У 1/8 фіналу Азаранка сустрэнецца з украінкай Даянай Ястрэмскай. На гэтай жа стадыі іншая прадстаўніца Беларусі Арына Сабаленка будзе змагацца з амерыканкай Амандай Анісімавай. Напомнім, што Азаранка стала першай беларускай тэнісісткай, якая выйграла Australian Open у адзіночным турніры – тады ж — у 2012 годзе Вікторыя стала першай ракеткай свету, а ў наступным годзе зноў перамагла на гэтым турніры Grand Slem. Сабаленка стала пераможцай чэмпіянату Аўстраліі ў мінулым годзе.

Полька Іга Свёнтак павінна была аформіць выхад у 1/8-ю у сённяшнім паядынку з чэшкай Ліндай Носкавай. Але нечакана верх узяла 19-гадовая чэшка, якая дамаглася найбольшага поспеху ў сваёй кар’еры. Носкава перамагла ў трох сетах – 3:6, 6:3, 6:4. А першая ракетка свету пакідае турнір.

У 1/8 фіналу мужчынскага турніру выйшаў паляк Хуберт Гуркач, які ў 1/16-й фіналу адолеў у чатырох партыях француза Уга Умбера – 3:6, 6:1, 7:6 (7:4), 6:3. Далей Гуркач «скрыжуе ракеткі» з малавядомым Артурам Казо (Францыя). На адзіночным турніры мужчын пакуль перамагаюць пераважна фаварыты і абыходзіцца без сенсацый.

Футбольныя Кубак Афрыкі і Кубак Азіі набіраюць хаду

На футбольным Кубку афрыканскіх нацый дзейсны чэмпіён кантыненту зборная Сенегала перамагла некалі грозны Камерун – 3:1. Пасля двух тураў у групе С сенегальцы ўпэўнена трымаюць лідарства з 6 ачкамі. На другім месцы Гвінея, якая перамагла Гамбію – 1:0 і набрала 4 ачкі. У камерунцаў толькі 1, у гамбійцаў – 0.

У групе В нечакана ў лідарах каманда Каба-Вердэ – 6 пунктаў. На другім месцы мяркуемы на пачатку фаварыт – тытулаваны Егіпет – толькі 2 ачкі, у Ганы і Мазамбіка – па 1. У іншых квартэтатах матчы другога тура пройдуць сёння.

А вось на аналагічным турніры ў Азіі здарылася сапраўдная сенсацыя – зборная Ірака перамагла дружыну Японіі – 2:1. Іракцы пасля двух тураў выйшлі ў лідары групы D – 6 ачкоў, японцы і інданезійцы маюць па 3, В’етнам застаецца з нулём. У групе А лідар Катар, у групе В – Аўстралія, у С – Іран, якія маюць па дзве перамогі.

У паўфінале футбольнага Кубку Італіі міланскі «Інтэр» упэўнена разабраўся з рымскім «Лацыё» – 3:0 (галы: Цюрам, 17, Чалханаглу, 50 з пенальці, Фратэзі, 87). З такім жа лікам дзень таму «Напалі» разграміў «Фіярэнціну». Такім чынам у фінале спаткаюцца каманды з Мілана і Неапаля.

Беларускае Радыё Рацыя