
У старажытнай грэцкай Алімпіі адбылася цырымонія запальвання агню зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года, якія пройдуць у Італіі ў Мілане і Карціна-д’Ампеца. На запальванні прысутнічалі прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Кірсці Ковентры і службовыя асобы з Грэцыі і Італіі.
Первым факеланосцам стаў грэцкі вясляр Петрас Гайдадзіс.
Эстафета алімпійскага агню па Грэцыі працягнецца па 4 снежня, італьянская частка стартуе 6 снежня. Маршрут пройдзе па ўсіх 110 правінцыях Італіі і ахопіць больш за 60 гарадоў, а працягласць перавысіць 12 тысяч кіламетраў.
6 лютага эстафета завершыцца на стадыёне «Сан-Сіра» ў Мілане.
Зімовыя Алімпійскія гульні 2026 года пройдуць з 6 па 22 лютага.
Учора прайшлі заключныя матчы 5 тура футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Гульнявы вечар выдаўся гарачым. Многія каманды забілі па тры галы за матч і болей – ад 3 да 8. Агулам жа – 42 галы ў 9 сустрэчах, што ў сярэднім амаль 5 мячоў на гульню. І пра гэта па парадку.
Дацкі «Капенгаген» абыграў казахскі «Кайрат» беларускіх паўабаронцы і абаронцы Валерыя Грамыкі і Аляксандра Мартыновіча. Грамыка выйшаў на поле стадыёна «Паркен», на якім забіваў у складзе зборнай 11 дзён таму датчанам, у стартавым складзе з капітанскай павязкай, якую пазычыў у свайго суайчынніка і быў заменены на 69-й хвіліне. Мартыновіч жа, які аднаўляецца пасля траўмы, правёў увесь матч у запасе. Цікава, што «Кайрат» саступаў 0:3 і здолеў адквітаць два мячы напрыканцы сустрэчы.
Кіпрыёцкі «Пафас» згуляў унічыю 2:2 з «Манака». Манегаскі першымі лік адкрылі ўжо на 5 хвіліне сустрэчы. Яны ж яго аўтаголам у свае вароты на 88 хвіліне і закрылі.
Цікава, што на 18-й хвіліне пры ліку 0:1 вызначыўся забітым мячом пасля перадачы Міслава Оршыча 38-гадовы цэнтральны абаронца «Пафаса» Давід Луіс, які выйшаў у стартавым складзе сваёй каманды. Гэта першы гол Давіда ў Лізе чэмпіёнаў з кастрычніка 2017-га, калі ён забіў за «Чэлсі» ў браму «Ромы» (3:3).
У самым інтрыгуючым матчы дня ангельскі «Арсенал» перамог нямецкую «Баварыю» з лікам 3:1. «Кананіры» прапусцілі першы мяч у свае вароты ў гэтым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. І забіў яго ім 17-гадовы вундэркінд «швабаў» Ленарт Карль.
Гішпанскі «Атлетыка» ў Мадрыдзе на 93 хвіліне дзякуючы галу Хімэнэса здабыў перамогу з лікам 2:1 над італьянскім «Інтэрам» з Мілана.
Іншая італьянская каманда – «Аталанта» здабыла буйную перамогу з лікам 3:0 у нямецкім Франкфурце над «Айнтрахтам». Пры гэтым бергамаскам для гэтага спатрэбілася ўсяго 5 хвілін – з 60-й па 65-ю трапнымі стрэламі адзначыліся Лукман, Эдэрсан і Кетэлар.
Ангельскі «Ліверпуль» з лікам 1:4 быў разбіты на сваім полі нідэрландскім «ПСВ» з Эйндховена.
Партугальскі «Спортынг» у Лісабоне з буйным лікам 3:0 абыграў бельгійскі «Бруге».
І два матчы, у якіх было забіта ў суме 15 галоў.
Грэцкі «Алімпіякас» саступіў гішпанскаму «Рэал» з лікам 3:4. Форвард мадрыдцаў Кіліян Мбапэ, які да гэтага ў сёлетняй Лізе чэмпіёнаў забіваў толькі аднойчы, зрабіў гэтую гульню – развязаўся і адзначыўся адразу покерам, забіўшы гэтым разам на 22, 24, 29 і 60 хвілінах.
І дзеючы чэмпіён Лігі – французскі «ПСЖ» з хакейным лікам 5:3 перамог чэмпіёна Лігі канферэнцыяў – ангельскі «Тотэнхэм». Пры тым, што лонданцы двойчы вялі ў ліку 1:0 і 2:1. Але хет-трык Віціньі і галы Руіза, і Пачо не дазволілі ім утрымаць перавагу.
Па выніках 5 тураў першая васьмёрка лідараў выглядае наступным чынам: «Арсенал», «ПСЖ», «Баварыя», «Інтэр», «Рэал», «Барусія», «Чэлсі» і «Спортынг».
Учора двума перанесенымі матчамі завяршыўся розыгрыш чэмпіяната Беларусі па футболе ў Першай лізе.
Матч 28-га тура па-між «АБФФ U-19» і «Гомелем-2» сабраў усяго 15 гледачоў. Гэта менш, чым было футбалістаў на полі.
Гульня праходзіла на палях Федэрацыі футбола Менска і завяршылася перамогай АБФФ U-19 з лікам 2:0.
Адзначым, што гэта – новы антырэкорд сезону. Раней самымі маланаведвальнымі лічыліся два матчы ў Добрушы, на якія прыйшлі толькі па 20 заўзятараў.
«Дынама Менск – 2» разграміў «Асіповічы» з лікам 4:0.
Па выніках сезона форварды Марцін Арцюх («Баранавічы») і Аляксандр Бурнос («Ліда») падзялілі званне найлепшых бамбардзіраў Першай лігі – на іх рахунку па 21 мячы ў 31 матчы.
Трэцім стаў Павел Пампуха («Ніва» Долбізна) з 20 забітымі мячамі.
Пры гэтым па колькасці галявых перадач лідзіруе Арцюх: ён аддаў 11 выніковых пасаў.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі «Далас» сустракаўся з «Эдмантанам» і перамог таго з лікам 8:3.
У складзе «Даласа» беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак адзначыўся асістам. Для яго гэта першы вынiковы бал у сезоне.
Хакеіст згуляў 12:23 хв, атрымаў 2 хвіліны штрафу, здзейсніў 1 сілавы прыём і скончыў сустрэчу з карыснасцю «0».
У актыве Калячонка ў гэтым сезоне 4 матчы за «Далас», 1 (0+1) выніковае ачко і паказчык карыснасці «-1».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






