
У вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе на выходных былі згуляныя матчы 27 тура.
У суботу кандыдат на вылет у Першую лігу «Смаргонь» на сваім полі саступіла «Віцебску» з лікам 0:2.
З такім самым лікам 2:0 ужо кандыдат на чэмпіёнства – мазырская «Славія» перайграла яшчэ аднаго кандыдата на вылет – наваполацкі «Нафтан».
А вось самы верагодны кандыдат на сваё першае чэмпіёнства – віцебскі «МЛ» з лікам 3:1 перамог прысталічную «Іслач».
У нядзелю койданаўскі «Арсенал» згуляў унічыю 0:0 з «Гомелем». Паядынак праходзіў у Барысаве на стадыёне «Гарадскі».
Згодна з пратаколам, гульню наведалі 93 гледачы. Гэта паўтарэнне антырэкароду наведвальнасці матчаў чэмпіяната Беларусі гэтага сезона. Усяго ў гісторыі правядзення першынстваў краіны гэта 7-ы матч з двухзначным лікам гледачоў.
Упершыню такая колькасць заўзятараў была зафіксавана 17 кастрычніка на матчы «Арсенал» – «Іслач» (0:1). Гульня таксама праходзіла на «Гарадскім» у Барысаве.
Менскае «Дынама» перйграла «Слуцк» з лікам 3:1.
«Нёман» у Гародні прайграў барысаўскаму «БАТЭ» з лікам 0:2.
Каманда з 39 ачкамі займае 8-е месца. І такім чынам «Нёман» пазбавіўся тэарэтычных шанцаў на медалі. Адставанне ад «Славіі», якая ідзе на 3-й пазіцыі, складае 14 ачкоў.
Нагадаю, што «Нёман» з’яўляецца срэбным прызёрам ЧБ-2024.
А вось каманда з Барысава з 36 ачкамі займае 10-е месца. БАТЭ пазбег вылету з Вышэйшай лігі.
На 15-м месцы з 18 ачкамі размяшчаецца «Слуцк». На 14-м з 24 баламі – «Смаргонь».
Нагадаем, раней «Маладэчна» пазбавілася шанцаў на захаванне прапіскі.
У заключным матчы тура жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» саступіла «Мінску» з лікам 0:1.
Такім чынам за тры матчы да канца чэмпіяната на першым месці ідзе «МЛ», у якога 61 ачко, на другім з 56 ачкамі размясцілася менскае «Дынама» і ў спіну яму з 53 ачкамі дыхае «Славія».
У розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе былі згуляныя матчы 31 тура. І там вызначылася першая каманда, якую чакае падвышэнне ў ранзе.
«Баранавічы» ўпершыню ў гісторыі выйшлі ў вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі па футболе. Клуб заваяваў пуцёўку датэрмінова.
Клуб лідзіруе ў чэмпіянаце Першай лігі, а да канца сезона застаюцца тры туры. Дагнаць яго магла «Белшына», але бабруйскі клуб згуляў унічыю з «БАТЭ-2» (0:0) і таму не здолее нагнаць баранавіцкую каманду.
„Баранавічы” учора перамаглі «Астравец» з лікам 2:0 і зараз маюць — 71 бал (31 гульняў), „Дняпро” Магілёў — 63 (30), Белшына — 57 (31).
Дагэтуль у «Баранавічаў» найлепшым вынікам было пятае месца ў Першай лізе.
Пакідае вышэйшую лігу «Маладэчна», якое год таму выйграла чэмпіянат Першай лігі.
А вось „МЛ” Віцебск, што летась падняўся з першай лігі, заняўшы другое месца, можа выйграць сёлета чэмпіянат краіны.
А тым часам так званая Рада міністраў Беларусі выпусціла пастанову «Аб аказанні падтрымкі спартыўным арганізацыям».
У прыватнасці, у ім вызначана ўзнагароджанне клубам за перамогу ў чэмпіянаце Беларусі па футболе. Згодна з ёю, уладальнік залатых медалёў атрымае прызавыя ў памеры 2270 базавых ставак (620 тысяч беларускіх рублёў).
Уладальнік Кубка Беларусі мае права разлічваць на 254 базавыя стаўкі (прыкладна 70 тысяч рублёў).
А таксама вызначаны памер ўзнагароджання клубам за перамогу ў чэмпіянаце Беларусі па хакеі.
За першае месца ў Экстралізе клубу выплацяць 2466 базавых ставак (прыкладна 673,2 тысячы рублёў).
Пастанова пачне дзеіць 1 студзеня 2026 года.
Акурат у суботу ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай Экстралігі былі згуляныя заключныя матчы 20 тура.
«Гомель» перамог «Магілёў» з лікам 4:1. Гарадзенскі «Нёман» прайграў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 3:5.
«Лакаматыў» у Воршы з лікам 1:3 прайграў менскаму «Юнацтву». Якое з 36 ачкамі ідзе зараз на першым месцы. На другім – з 33 ачкамі ідзе «Дынама-Маладэчна». І на трэцім радку з 30 ачкамі размясцілася «Ліда».
У Нацыянальнай Хакейнай Лізе на выходных быў згуляны шэраг матчаў з удзелам беларускіх гульцоў.
«Вегас» саступіў «Каларада» Іллі Салаўёва (2:4). Салаўёў правёў на лёдзе 11 хвілін 27 секунд, зрабіў адзін кідок па брамцы, два сілавыя прыёмы і тройчы заблакаваў кідкі суперніка. Матч завяршыў з паказчыкам карыснасці «0».
«Каларада» саступіў «Сан-Хасэ» (2:3 АТ). Беларус правёў на лёдзе 9 хвілін 6 секунд, зрабіў адзін кідок (міма цэлі), заблакаваў тры кідкі, выканаў адзін сілавы прыём, атрымаў дзве хвіліны штрафу і скончыў гульню з паказчыкам карыснасці «+1».
«Вашынгтон» Аляксея Протаса прайграў «Айлендэрс» (1:3). Протас правёў на лёдзе 19 хвілін 26 секунд, аднойчы стрэліў па брамцы, зрабіў два сілавыя прыёмы і дапусціў адну страту шайбы. Матч завяршыў з паказчыкам карыснасці «-1».
А таксама каманда Аляксея прайграла «Бафала» (3:4 Б). Беларус правёў на лёдзе 18 хвілін 25 секунд (1:50 у меншасці), закінуў другую шайбу «Кэпіталз», зрабіў пяць кідкоў (тры міма), заблакаваў адзін кідок і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
«Калгары» Ягора Шаранговіча прайграў «Нэшвілу» (2:4). Беларус правёў на лёдзе 13 хвілін 10 секунд, з іх 1:42 у большасці, адзначыўся двума кідкамі (адзін – міма), здзейсніў адзін перахоп, выйграў два з трох укідванняў і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
«Філадэльфія» Аляксея Коласава саступіла «Таронта» (2:5). Беларус правёў на лёдзе 15 хвілін 41 секунду, адбіў усе сем кідкоў па сваёй брамцы (чатыры ў роўных складах, два ў меншасці і адзін у большасці) і ў гэтым матчы не прапусціў ніводнай шайбы.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова прайграў «Эдмантану» (2:3 АТ). Беларус правёў на лёдзе 14 хвілін 8 секунд, аддаў галявую перадачу пры другой шайбе каманды, зрабіў адзін кідок, заблакаваў чатыры кідкі суперніка, здзейсніў адну страту і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
І завершым выпуск тэнісам.
Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка ў матчы Выніковага турніру WTA абгуляла 8-ю ракетку італьянку Жасмін Пааліні з лікам 2:0 – 6:3, 6:1.
Гэта 60-я перамога ў сезоне для беларускі (баланс – 60 перамог супраць 11 паразаў), больш – толькі ў полькі Ігі Свёнтак – 62.
Сабаленка 12-ы раз за год абыграла суперніцу з топ-10.
Таксама чатырохразовая пераможца турніраў «Вялікага шлема» атрымала кубак за заканчэнне сезона-2025 у статусе першай ракеткі свету. Беларусцы ўдаецца заставацца на лідзіруючай пазіцыі па выніках сезона другі год запар.
Урачыстае ўручэнне ўзнагароды прайшло перад стартам Выніковага турніру WTA у Эр-Рыядзе.
Сабаленка завершыць 2025 год на першай пазіцыі, нават калі прайграе ўсе матчы групавога этапу на Выніковым турніры. Другое месца па выніках сезона таксама застанецца за Ігай Свёнтак з Польшчы.
У бягучым сезоне беларуска выйграла US Open, турніры WTA-1000 у Маямі (ЗША) і Мадрыдзе (Гішпанія), а таксама турнір WTA-500 у Брысбене (Аўстралія).
Іншая беларуская тэнісістка Дар’я Хамуцянская выйграла турнір ITF у Ташкенце.
У фінале турніру з прызавым фондам 15 тысяч долараў Дар’я Хамуцянская (№489 WTA) сустракалася з расейкай Дар’яй Ягоравай (№711 WTA).
Сустрэча скончылася з лікам 3:6, 6:2, 6:2.
Для 21-гадовай тэнісісткі адзіночны тытул на турнірах ITF стаў шостым у кар’еры і пятым у гэтым сезоне.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






