BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гарадзенскі «Нёман» пацярпеў першую паразу ў Лізе канферэнцый

Адзіны прадстаўнік Беларусі на гэтай стадыі гарадзенскі «Нёман»,  на жаль, пацярпеў першую паразу ў Лізе канферэнцый.

Футбол. Здымак ілюстрацыйны.
Здымак ілюстрацыйны

У Лізе чэмпіёнаў шведскі «Мальмё» і дацкі «Капенгаген» у першым матчы свайго двубоя згулялі ў «сухую» нічыю 0:0.

Кіеўскае «Дынама» ў Любліне мінімальна саступілі кіпрыёцкаму «Пафасу» з лікам 0:1. Падапечныя Аляксандра Шаўкоўскага прапусцілі на 84 хвіліне матча.

Паўночна-македонская «Шкендыя» таксама з мінімальным лікам 0:1 саступіла азербайджанскаму «Карабах Агдам».

І шатландскі «Рэйнджэрс» з буйным лікам 3:0 перайграў чэшскую «Вікторыю» з Пльзені.

У Лізе Еўропы ізраільскі «Макабі» з Тэль-Авіва на мальційскіх выспах здабыў валявую перамогу над мясцовым «Хамрун Спартанс». Спачатку на 71 хвіліне з пенальці лік адкрылі мальційцы. Пасля на 79-й ізраільцяне лік параўнялі. І ўжо на падаючым сцяжку на 96 хвіліне вырвалі-такі перамогу 2:1.

Ну, і ў трэцім раўндзе Лігі канферэнцый таксама адбылася адна сустрэча. Гарадзенскі «Нёман» саступіў на Фарэрскіх выспах «Клаксвіку» 0:2. Каманда з авечых выспаў пацвердзіла рэнамэ хатняй і не прайграла ўжо ў 16-м з 17-ці апошніх матчах у еўракубках на сваіх выспах. Магчыма на гульню «Нёмана» паўплывалі нязвыклыя для такой пары надвор’е ў +12 градусаў і штучнае пакрыццё паляны. Але спадзяёмся, што праз 9 дзён у другім матчы ў Венгрыі падапечныя Ігара Кавалевіча пакажуць такую гульню, як і ў другім тайме ў нядаўніх Кошыцах, і адквітаюць гэтыя два мячы. Гульня ў адказ адбудзецца 14 жніўня.

У Кубку Беларусі па хакеі розыгрышу 2025 года ўчора баранавіцкі «Авіятар» саступіў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 0:2.

Кубак Салея, як ён па іншаму называецца, праходзіць у гэтым годзе па новай формуле. Пасля кругавога турніру барацьбу за трафей прадоўжаць па 4 найлепшыя каманды ў кожнай з дзвюх груп. Далей пройдуць чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінал, які запланаваны на 31 жніўня.

27-гадовая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка праводзіць 50-ы тыдзень у статусе першай ракеткі свету. Упершыню яна паднялася на вяршыню рэйтынгу WTA 11 верасня 2023 года і захоўвала лідарства на працягу 8 тыдняў. 21 кастрычніка 2024-га яна зноў стала першай ракеткай свету і застаецца ёю да гэтага часу. Беларуска займае 14-е месца па агульнай колькасці тыдняў у статусе нумар 1 рэйтынгу WTA. Яна гарантавана абыдзе суайчынніцу Вікторыю Азаранку, у якой 51 тыдзень. Акрамя таго, Сабаленка праводзіць 200-ты тыдзень у топ-5.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя