У беларускай Вышэйшай лізе завяршыўся 26 тур
Гарадзенскі «Нёман» прытармазіў на шляху да чэмпіёнства, згуляўшы ў Берасці з мясцовым «Дынама» ў нічыю 2:2. «Жоўта-зялёныя» ўратавалі адно ачко за 5 хвілінаў да канца асноўнага часу. А Павел Савіцкі не рэалізаваў важны 11-мятровы ўдар, які, відаць па ўсім, будзе ўспамінацца яму яшчэ доўга. «Дняпро» ў Магілёве, які з усіх сілаў стараецца ўратавацца ад вылету ў другі дывізіён, здолеў таксама згуляць у нічыю 1:1 з адным з лідараў чэмпіянату – жодзінскім «Тарпеда».
А вось салігорскі «Шахцёр», які ўпершыню ў гісторыі ўжо гарантавана пакідае вышэйшы дэвізіён на наступны сезон, прайграў у сябе дома «Мінску» 0:1. З такім самым лікам у сябе дома прайграў і «Віцебск» «Гомелю». «Іслач» на сваім полі разграміла наваполацкі «Нафтан» 3:0. І такім чынам, за чатыры туры да канца сезона, на першым месцы зараз ідзе «Нёман», у якога 57 ачкоў, на другім – менскае «Дынама», у якіх на адно ачко і на тры гульні меней, на трэцім месцы размясцілася жодзінскае «Тарпеда».
У польскай Экстракласе беластоцкая «Ягелонія» ўчора гуляла з «Каронай» з Кельцаў
І перамагла з лікам 3:1 дзякуючы трапным стрэлам Нэнэ, Імаза і Чурлінава. Беларускі нападнік «Кароны» Яўген Шыкаўка выйшаў на поле на 71 хвіліне, замяніўшы аўтара адзінага гала каманды з Кельцаў – Далмаў. Яшчэ адзін беларус Ілля Шкурын, які выступае за «Сталь» з Мельца, нічыйную гульню, лік у якой 2:2, супраць «Заглембе» правёў на лаве запасных. «Ягелонія» зараз займае другі радок з 28 ачкамі, у познаньскага «Леха» на два пункты больш.
Чарговае «эль класіка» у Ла Лізе
З цікавых сустрэч на палях Еўропы можна адзначыць чарговае «эль класіка» у Ла Лізе, дзе «Барсэлона» ўчыніла здзек над сваім адвечным супернікам мадрыдскім «Рэалам» на вачах яго заўзятараў на «Санц“яга Бэрнабэў» з лікам 0:4. Нешта падобнае адбылося і ў Лізе 1, дзе «Марсэль» таксама на сваім полі быў разгромлены парыжанамі з ПСЖ з лікам 0:3. У астатніх топ-турнірах Старога Свету разборкі лідараў прайшлі больш мірна, але не меньш цікава. У англійскай Прэм“ер Лізе «Арсенал» у Лондане разышоўся мірам з «Ліверпулем» 2:2. А вось у італьянскай Серыі А лідары – міланскі «Інтэр» ды турынскі «Ювентус» разышліся дык разышліся і настралялі на абодвух на «Сан Сіро» ажно 8 галоў, з выніковым лікам 4:4.
У Экстралізе адбыліся 4 паядынкі
«Магілёў» перамог у сябе дома гарадзенскі «Нёман» 4:3. З такімі самымі лічбамі на табло «Ліда» адквіталася перад «Гомелем» за папярэднюю паразу ў авертайме і таксама ў дададзены час перамагла ў сябе другі хатні паядынак. Баранавіцкі «Авіятар» саступіў на сваёй пляцоўцы салігорскаму «Шахцёру» 0:3. І смаленскі «Славуціч» у сябе таксама быў адужаны «Віцебскам» з лікам 1:2.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя