BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гарадзенскі “Нёман” прайграў “Слуцку”

Футбалісты гарадзенскага “Нёмана” прайгралі перад фінальным паядынкам розыгрышу Кубка Беларусі. Лідары першынства нечакана саступілі на выездзе футбалістам “Слуцка” 0:2. У першым тайме Мікіта Мельнікаў адкрыў лік, а пасля перапынку Уладзіслаў Кавалевіч забіў другі мяч. Да гэтага “Слуцк” пацярпеў дзве паразы запар, а “Нёман” святкаваў дзве вікторыі запар. Супернікі “Нёмана” па фінале кубкавага турніру футбалісты “Іслачы” перамаглі ў Маладзечне “Менск” з лікам 2:0. Менчане яшчэ не выйгралі ніводнага матча ў гэтым першынстве.

Маўрысіа Пачэціна звольнены з пасады галоўнага трэнера “Чэлсі”

Пра гэта паведамляе The Telegraph. Паводле інфармацыі крыніцы, Пачэціна правёў сустрэчу са спартовымі дырэктарамі клуба Полам Уінстэнлі і Лоўрэнсам Сцюартам, а таксама саўладальнікам Бехдадам Эгбалі, па выніках якой было прынята рашэнне, што аргенцінскі спецыяліст пакіне пасаду галоўнага трэнера “Чэлсі”.

Фалей саступіла ў кваліфікацыі адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе

Беларуская тэнісістка Алена Фалей не здолела прабіцца ў асноўную сетку адкрытага чэмпіянату Францыі. У сваім першым паядынку на парыжскіх кортах “Ралан Гарос” 20-гадовая менчанка, якая займае 175-е месца ў сусветным рэйтынгу, ва ўпартай барацьбе саступіла румынцы Мірыям Булгару, у якой 204-я пазіцыя, – 4:6, 7:5, 6:7 (3.10). У трэцім сэце Алена Фалей магла вырваць перамогу, але пры ліку 5:4 не рэалізавала матчбол. Сустрэча працягвалася 3 гадзіны 20 хвілін.

Хаслаханаў выйшаў у фінал маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па барацьбе

Беларускі барэц грэка-рымскага стылю Абубакар Хаслаханаў стаў фіналістам маладзёжнага першынства кантынента па барацьбе, якое праходзіць у Азербайджане. Хаслаханаў прыбыў у Баку ў статусе ўладальніка алімпійскай ліцэнзіі і медаліста дарослага чэмпіянату Еўропы 2024 года. Па ходу турніра ў вагавай катэгорыі да 97 кг наш спартовец паслядоўна адолеў азербайджанца Мурада Ахмадзіева, эстонца Рыхарда Карэлсана і фіна Аапа Вііталу. Супернікам беларускага барца ў паядынку за золата будзе расеянін Магамед Муртазаліеў.

На чэмпіянаце свету па хакеі сталі вядомы ўсе чвэрцьфінальныя пары

На чэмпіянаце свету па хакеі, які праходзіць у чэшскіх Празе і Астраве, завяршыўся групавы этап. Дзеючыя чэмпіёны свету канадцы прайшлі папярэдні раунд без адзінай паразы і з 19 баламі занялі першае месца ў пуле “А”. Яшчэ больш упэўнена ў паралельнай групе “В” выступіла зборная Швецыі: калі “кляновыя” дзве з сямі перамог святкавалі ў авертаймах, то скандынавы завяршылі ўсе матчы ў асноўны час і набралі максімум ачкоў – 21. Супрацьстаяць шведам у чвэрцьфінале будуць прынцыповыя супернікі з Фінляндыі, у той час як канадцы праэкзаменуюць славакаў. Абодва матчы пройдуць у чацвер і стартуюць у 17.20. Услед за камандай Канады ў групе “А” фінішавала зборная Швейцарыі, якая ў 1/4 фіналу паспрабуе ўзяць рэванш у Германіі за леташнюю паразу на гэтай жа стадыі. Гаспадары турніру з Чэхіі напярэдадні плэй-оф атрымалі падмацаванне з НХЛ і будуць аспрэчваць праход у паўфінал з камандай ЗША.

Беларускае Радыё Рацыя